Перайсці да зместу

Лукі (Карэліцкі раён)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аграгарадок
Лукі
Праваслаўная капліца
Праваслаўная капліца
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
пачатак XV ст.
Насельніцтва
  • 645 чал. (2009)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1596
Аўтамабільны код
4
СААТА
4233824026
Лукі на карце Беларусі ±
Лукі (Карэліцкі раён) (Беларусь)
Лукі (Карэліцкі раён)
Лукі (Карэліцкі раён) (Гродзенская вобласць)
Лукі (Карэліцкі раён)

Лу́кі[1] (трансліт.: Luki, руск.: Луки) — аграгарадок у Беларусі, у Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці. Уваходзіць у склад Лукскага сельсавета.

Паходжанне назвы

[правіць | правіць зыходнік]

Назва населенага пункта выразна славянскага паходжання. Існуе дзве асноўныя версіі, адкуль яна пайшла. Паводле першай версіі заснавальнікам паселішча быў нейкі Лука, ад імя якога і атрымала назву вёска. Паводле другой — назва вёскі паходзіць ад формы ракі Бучы, на якой стаіць вёска. Формай рака нагадвае дугу сярэднявечнай зброі — лука.

Краявід вёскі Лукі (сакавік 2019 г.)

Знаходзіцца за 16 км у напрамку на паўднёвы ўсход ад гарадскога пасёлка Карэлічы, за 201 км ад Гродна, за 39 км ад чыгуначнай станцыі Гарадзея[2]. Праз вёску працякала рака Буча, якая ў цяперашні час уяўляе сабой неглыбокую крыніцу.

Упершыню Лукі ў пісьмовых крыніцах узгаданы на пачатку XV ст. у перыяд існавання Вялікага княства Літоўскага як сяло-ўладанне вялікага князя Вітаўта, якое ён перадаў касцёлу ў г. Навагрудку. У 1518 г. вялікі князь літоўскі Жыгімонт I Стары пацвердзіў гэтае наданне. У XVIII ст. у складзе Мірскага графства князёў Радзівілаў. У 1757 г. 85 дымоў, 40 валок зямлі, карчма.

Пасля паглынання беларускіх зямель Расійскай імперыяй у ХІХ-ХХ стст. Лукі ў складзе Жухавіцкай воласці Навагрудскага павета Мінскай губерні. У 1858 г. 97 двароў, 577 жыхароў. Вёска адносілася да маёнтка Цетра, належала князю Вітгенштэйну. Паводле перапісу насельніцтва 1897 г., 144 двары, 1251 жыхар, дзейнічалі хлебазапасны магазін, карчма. У 1898 г. пабудавана царква. У 1908 г. 180 двароў, 928 жыхароў, народнае вучылішча.

Пад час Першай сусветнай вайны каля вёскі з 1915 г. пралягла франтавая паласа. У Луках стаялі расійскія войскі. Па заканчэнні вайны і пачатку рэвалюцыйных падзей, у лютым 1919 г. у вёсцы былымі батракамі на чале з бальшавіком Васілём Іосіфавічам Бучацкім створана сельскагаспадарчая «Камуна „Праца“ імя У. І. Ульянава-Леніна». Камуна праіснавала нядоўга. У красавіку 1919 г. Бучацкі В. І. быў забіты ў Міры праціўнікамі савецкай улады.

Паводле ўмоў Рыжскага міру 1921 г. Заходняя Беларусь, а разам з ёй і Лукі, перададзена бальшавікамі Польшчы. Вёска у 1921—1939 г. у Жухавіцкай гміне Нясвіжскагага, а затым Стаўбцоўскага павету Навагрудскага ваяводства. У 1920-х гг. у Луках дзейнічала польская школа, а з канца 1920-х гг. па сярэдзіну 1930-х гг. дзейнічала 6-цігадовая польская школа з беларускай мовай навучання ў якасці асобнага прадмету. Аднак затым польскімі ўладамі выкладанне па-беларуску было скасавана. Жыхары вёскі ўдзельнічалі ў падпольным антыпольскім руху. Дзейнічала ячэйка КПЗБ. У 1933 г. пяцёра яе актывістаў арыштаваны. Інфраструктура вёскі вызначалася ў той перыяд існаваннем спажывецкага кааператыву і 5 прыватных крам.

У 1939 г. Заходняя Беларусь далучана да БССР. Лукі (220 двароў, 1139 жыхароў) былі аднесены да Крышылоўшчынскага сельскага савету Мірскага раёна Баранавіцкай вобласці. У 1940 г. арганізаваны калгас імя Леніна.

У Вялікую Айчынную вайну многія жыхары вёскі пайшлі змагацца з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў партызанскія атрады. Аднак асноўная частка жыхароў вёскі — ўдзельнікаў вайны заклікана ў Чырвоную армію пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г. Ваявалі выхадцы з Лук пераважна на франтах у Польшчы, Усходняй Прусіі, а затым у Манчжурыі супраць японскіх войскаў. Няпроста склаўся лёс некаторых лукскіх мужчын, закліканых у польскую армію напярэдадні Другой сусветнай вайны ў польскае войска. Ім давялося змагацца з немцамі ў складзе арміі генерала Андэрса ў Паўночнай Афрыцы і Італіі. Самая жахлівая ў беларускай гісторыі вайна забрала жыцці 42 жыхароў вёскі Лукі.

Калгас у Луках адноўлены 14.02.1949 і дзейнічае да цяперашняга часу, некалькі разоў змяніўшы назву і арганізацыйна-прававую форму. Таксама пасля Вялікай Айчыннай вайны Лукі сталі цэнтрам сельсавета.

  • 1858 год — 577 жыхароў, 97 двароў;
  • 1897 год — 1251 жыхар, 144 двары;
  • 1908 год — 928 жыхароў, 180 двароў;
  • 1940 год — 1139 жыхароў, 220 двароў;
  • 1999 год — 770 жыхароў, 320 двароў[2].

Інфраструктура

[правіць | правіць зыходнік]

У Луках дзейнічае дзіцячы садок, сярэдняя школа, дом культуры, 4 крамы, амбулаторыя.

Цікавыя факты

[правіць | правіць зыходнік]

На Карэліччыне жыхары Лук славяцца сваім непростым характарам. Нездарма дагэтуль вяскоўцы памятаюць прыказку: «Калі хочаш мукі — выйдзі замуж у Лукі». Таксама паводле мясцовай легенды, характар жыхароў звязаны з тым, што ў часы Радзівілаў у Лукі (тады забалочаную мясцовасць) перасяляліся самыя непакорлівыя сяляне з уладанняў князя.

Тыповымі ў Луках з’яўляюцца прозвішчы: Бучацкі, Буглак, Ваўчок, Гарон, Крапіўніцкі, Нямарскі, Ракач, Тананка, Шавейка, Ялак.

Свята-Уваскрасенская царква

Памятныя мясціны

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  2. а б в Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9.
  • Лукі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9). — С. 363.
  • Памяць: гіст.-дак. хроніка Карэліцкага раёна / В. К. Кунашка [і інш.]. — Мн. : Ураджай, 2000. — 654 с.
  • Вярбіцкі, І. І. Луцкі мерыдыян / І. І. Вярбіцкі. — Слонім : ГАУПП «Слонім. друк.», 2003. — 280 с.