Перайсці да зместу

Лявон Кобрын

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лявон Кобрын
לעאן קאברין
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 15 сакавіка 1872(1872-03-15)
Месца нараджэння
Дата смерці 31 сакавіка 1946(1946-03-31) (74 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці перакладчык, журналіст, пісьменнік

Лявон Рафаілавіч Кобрын (15 сакавіка 1872, Віцебск - 31 сакавіка 1946, Нью-Ёрк) — яўрэйскі пісьменнік, драматург, перакладчык, мемуарыст.

Жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і небагатага гандляра. Бацьку звалі Рэфуіл, маці Рохл-Лея. Да 12 год вучыўся ў хедары. Сябраваў з Барысам Жытлоўскім. Бываў у іхным доме, дзе склаўся гурток самаасветы з хлопцаў і дзяўчат. Там пачаў чытаць рускіх народнікаў, знаёміўся са свецкімі ведамі. Бацька прызнаваў толькі рэлігійную асвету, быў незадаволены. У 15 гадоў пісаў апавяданні на рускай мове, дасылаў у часопіс «Восход», чытаў іх Барысу. Пагардліва глядзеў на яўрэйскую мову. Моладзь тады вельмі не любіла старога жыцця, хілілася да рэвалюцыйных ідэй. Кумірам іх быў Хаім Жытлоўскі.

Вясной 1892 прыехаў у Філадэльфію. Адразу пайшоў працаваць рабочым: на швейнай фабрыцы, на ферме, на вытворчасці цыгарэт, у пякарні. Але не ўсё атрымлівалася: пекарам прабыў ён тры дні. У друку пабачыў пераклад мастацкіх твораў на ідыш, і зразумеў, што можна пісаць на роднай мове. У 1893 апублікаваў пераклад з артыкулаў Гл. Успенскага, у наступным годзе — уласныя літаратурна-крытычныя артукулы і першае яўрэйскае апавяданне, «А мэрдэр ойс лібэ». Становіцца супрацоўнікам Вячэрняй газеты Кранца (Ромбра). Быў ткачом на «патагонцы» ў Хабокене, разносіў газеты. Прыцягнула вялікую ўвагу чытачоў апавяданне «Янкеле Бойле» з жыцця вясковых яўрэяў-рыбакоў на берагах Дняпра, яно і дало назву першай кнізе (1898). Тады Кобрын зусім адышоў ад ручной працы, стаў прафесійным пісьменнікам. Пасяліўся ў Нью-Ёрку. У гэтым горадзе ён ужо спыняўся, шукаючы працы. К гэтаму часу быў жанаты з Паўлінай Сягал.

Пасябраваў з Ёілам Энціным, які таксама быў з Беларусі. Ён прачытаў рукапіс Кобрынавай драмы «Міна», прапанаваў абмеркаваць яе ў тэатральным таварыстве Фолкс-бінэ. Таварыства ўзнікла нядаўна намаганнем самога Энціна. П’еса выклікала гарачыя спрэчкі. Большасцю галасоў рашылі паставіць, але знайшліся праціўнікі. У іх ліку быў драматург Якаў Гордзін. Потым Кобрын з Гордзіным перапісалі п’есу, і ў такім выглядзе яна была паказана (1899). На афішах аўтарам назвалі аднаго Гордзіна. Тады Кобрын апублікаваў пісьмо з пратэстам і першапачатковы тэкст «Міны».

У Амерыцы пазнаёміўся з Хаімам Жытлоўскім, са старымі драматургамі Шомерам і Голдфадэнам, з пісьменнікамі З. Лібіным, Зангвілем, паэтамі Розенфелдам, Вінчэўскім, Лесіным, журналістам Каганам. Асабліва важным было знаёмства з Якавам Ромбрам, якога Кобрын чытаў яшчэ ў Васходзе. Працаваў з вядомымі акцёрамі: Кеслерам, Магулеска, Тамашэўскім, Адлерам, актрысамі Ліпцынай, Каліш. Пісаў для тэатра Тамашэўскага.

У апошнія гады падтрымліваў выдавецкую арганізацыю ІКУФ, уваходзіў у рэдакцыйны камітэт выдання «Ідышэ култур». У час вайны пісаў пра гібель яўрэяў у Віцебску.

У шлюбе нарадзіў сына і дзвюх дачок, гадаваў 4 унукаў. Сын Натан, дочкі Стэла і Лора.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Прадстаўнік рэалізму і натуралізму. Праяўляе назіральнасць, выяўленчую сілу. Пісаў меладрамы. У пазнейшых драмах надаваў большую ўвагу вонкавым сцэнічным эфектам. Часта ўздымаў тэмы любові і рэўнасці, праблемы бацькоў і дзяцей, асіміляцыі і нацыянальнай свядомасці. Апісваў і старую радзіму, і рабочае жыццё ў яўрэйскіх раёнах Амкерыкі, напрыклад, Іст-Сайд.

Сюжэты гістарычных твораў разгортваюцца на фоне важных падзей у жыцці радзімы: рэвалюцыі 1905—1907, Лютаўскай рэвалюцыі, грамадзянскай вайны. А станоўчы персанаж Орэ з аднайменнага рамана разбагацеў у часе вялікага будаўніцтва 1903—1904 гадоў у Нью-Ёрку. Пасля вялікай дэпрэсіі раман быў перапісаны.

Напісаў каля 30 п’ес. Аўтар раманаў «Імігранты» (1909), «Орэ-барада» (1913), другая рэдакцыя пад назвай «У залатой буры» (1936), «Абуджэнне» (1920), «На шумных дарогах» (1925), «Берта» (1928), «Новыя Адам і Ева» (1929), «У чырвонай буры» (1931), «Без дому» (1936), «Згубленая мелодыя» (выданы пасмяротна ў 1948).

Аўтар артыкула «Яўрэйская мова замест паўнямецкай». Друкаваўся ў газетах і часопісах (Фрае арбэтэр штымэ, Філадэлфіе штот-цайтунг, Арбайтэр цайтунг, Абэнд блат, Цукунфт, Дзі нае цайт, Дэр цайт-гайст, Ідышэр кемфер, Мінікес сукес-блат, Тог, Моргн-фрайхайт, Ідышэ култур і інш.).

У адзіночку ці разам з жонкай перакладаў з рускай, англійскай, французскай, нямецкай мовы на яўрэйскую. У яго перакладзе ішлі «Гамлет» Шэкспіра, «Фаўст» Гётэ, «Дзеці гета» Зангвіля, «Жывы труп» Талстога, «Яўрэі» Чырыкава. Пад імем Кобрына друкаваліся і пераклады ягонай жонкі Полі. Выйшлі творы Тургенева, Чэхава, Успенскага, Талстога, Дастаеўскага, Арцыбашава, Гюго, Мапасана, Заля, Галендэра. Звярнуў увагу амерыканцаў на Горкага.

Некаторыя сцэнічныя творы не захаваліся. П’есы Кобрына паказваліся ў Амерыцы і Еўропе, у тым ліку ў Варшаве, Адэсе. Пры жыцці творы перакладаліся на іншыя мовы.

Скончыць успаміны не паспеў.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Выйшлі кнігі прозы

  • Янкл Бойлэ, фун дэм ідышэн фішэр-лебм ін русланд, унд андэрэ дэрцэйлунген — Янкл Бойлэ і іншыя апавяданні (1898)
  • Апавяданні (1903, 1909, Вільня 1907)
  • Фун а літвішэн штэтл бізн тэнэмэнт хойз — З беларускага мястэчка ў многакватэрны дом (1918)
  • Орэ дзі борд, роман ойс дэм лебм фун ідышэ імігрантн вос хобм ойгебойт а нае штот ін Амерыка — Орэ-барада, раман з жыцця яўрэйскіх імігрантаў, што пабудавалі новы горад у Амерыцы (1919, Варшава 1929)
    • Ін голдэнэм штром — У залатой буры (Варшава 1936)
  • Дзі эрвахунг — Абуджэнне (1920)
  • Аф вілдэ вэгн, роман ойс дэм лебм ін дэр гройсэр штот (1925)
  • Дзі нае Одэм ун Хавэ, а роман фун дэр хайнтыкер цайт (Варшава 1929)
  • Ін ройтн штром — У чырвонай буры (Варшава 1931). Раман аб рэвалюцыйным падполлі 1905 года
  • Он а хэйм, роман фун дэр цайт фун брыдэр-крыг ін совет-русланд — Бяздомныя, раман з часоў грамадзянскай вайны ў савецкай Расіі (Коўна 1936)
  • Фір модэрнэ фроен — 4 сучасныя жанчыны, аповесць і апавяданні (1939)
  • Фарлорэнер нігн — Згубленая мелодыя (1948)

Успаміны

  • Эрынерунген фун а ідышн драматург
  • Майнэ фуфцык ёр ін Амерыке — з прадмовай Полі Кобрын

Драмы

  • Дэр гройсэр ід — Вялікі яўрэй (1911)
  • Янкл Бойле (1913, 1916, 1920) — апошняе выданне пад загалоўкам «Дэр дорфс-юнг», Вясковая маладосць
  • Riverside Drive (1942)
  • Драматычныя творы (1952) — з артыкулам Энціна

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Залман Зільберцвайг. Слоўнік яўрэйскага тэатра. Том 4
  • Ромбро. Жаргонная литература в Америке // «Восход», 1899, XII
  • Элиасберг Г.А. У истоков литературного центра на идише в Америке: Леон Кобрин // Культура и цивилизация. 2018 Том 8, 1А.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]