Лінія Шомбурга

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пагранічныя межы Брытанскай Гвіяны 1896 года:
         Мяжа, на якую прэтэндавала Венесуэла.                      Першапачатковая лінія Шомбурга. ·-·-·- Расшыраная лінія Шомбурга 1875 года.
                     Крайняя мяжа, на якую прэтэндавала Вялікабрытанія. ≡≡≡ Неаспрэчныя брытанскія тэрыторыі.

Лінія Шомбурга (англ.: Schomburgk Line, ісп.: Línea Schomburgk) — лінія размежавання, што фігуравала ў тэрытарыяльнай спрэчцы XIX стагоддзя паміж Венесуэлай і Брытанскай Гвіянай (цяперашняя Гаяна). Названа ў гонар англійскага даследчыка і прыродазнаўцы нямецкага паходжання Роберта Германа Шомбурга (1804—1865). Спрэчка ўзнікла пасля набыцця Злучаным Каралеўствам Брытанскай Гвіяны (вядомай да 1831 года як калоніі Эсекіба[en], Дэмерара і Бербіс[en]) у Каралеўства Нідэрландаў у 1814 годзе, пры гэтым не вызначыўшы на захадзе мяжу з Венесуэлай.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1835 годзе пад эгідай Каралеўскага геаграфічнага таварыства Шомбург быў адпраўлены ў падарожжа па батанічных і геаграфічных даследаваннях Брытанскай Гвіяны, у выніку якога быў зроблены накід тэрыторыі з лініяй, якая пазначала тое, што, на яго думку, было заходняй мяжой, на якую раней прэтэндавалі нідэрландцы. У выніку гэтага ў 1840 годзе брытанскі ўрад даручыў яму правесці даследаванне меж Гвіяны. Так узнікла так званая лінія Шомбурга. Першапачатковы эскіз Шомбурга, апублікаваны ў 1840 годзе, быў адзінай версіяй заходняй мяжы, апублікаванай да 1886 года, што прывяло да пазнейшых абвінавачанняў з боку прэзідэнта ЗША Гровера Кліўленда ў тым, што мяжа была расшырана «нейкім загадкавым чынам»[1].

Лінія выйшла далёка за мяжой тэрыторыі брытанскай акупацыі і давала Брытанскай Гвіяне кантроль над вусцем ракі Арынока[2]. Венесуэла аспрэчыла вынікі даследавання Шомбурга, заявіўшы, што Злучанае Каралеўства незаконна набыло дадатковыя 80 000 км² тэрыторыі. Венесуэла ў сваю чаргу сцвярджала, што яе межы распасціраюцца далёка на ўсход да ракі Эсекіба.

У кастрычніку 1886 года Вялікабрытанія аб’явіла Лінію часовай мяжой Брытанскай Гвіяны, у адказ чаму, у лютым 1887 года, Венесуэла разарвала дыпламатычныя адносіны[1]. Венесуэла звярнулася да Злучаных Штатаў з просьбай умяшацца, спаслаўшыся на дактрыну Манро ў якасці абгрунтавання, аднак Злучаныя Штаты толькі выказалі занепакоенасць, мала што зрабіўшы задля вырашэння становішча. Тады Венесуэла наняла Уільяма Л. Скрагса ў якасці свайго лабіста ў Вашынгтоне, які сваімі дзеяннямі паспрыяў разрастанню спрэчкі да Венесуэльскага крызісу 1895 года[en]. Ключавым пытаннем крызісу стала адмова Вялікабрытаніі ўключыць у прапанаваны міжнародны арбітраж тэрыторыю на ўсход ад лініі Шомбурга. У канчатковым выніку крызіс прывёў да таго, што Вялікабрытанія, раўналежна ўцягнутая ў англа-бурскую вайну ў Паўднёвай Афрыцы, маўкліва пагадзілася на ўмяшанне Злучаных Штатаў у спрэчку ў адпаведнасці з дактрынай Манро. Міжнародная арбітражная камісія вырашыла спрэчку ў 1899 годзе на карысць брытанскага боку. Лінія Шомбурга, з невялікімі адхіленнямі, была ўсталявана ў якасці мяжы паміж Брытанскай Гвіянай і Венесуэлай[1]. Сярод змен было замацаванне ўсёй дэльты Арынока за Венесуэлай, уключаючы мыс Барыма, кантроль над якімі раней даваў Вялікабрытаніі магчымасць спаганяць пошліны з венесуэльскага гандлю. Таксама цяпер мяжу праводзілі па рацэ Венама[en] замест ракі Куюні, што перадавала Венесуэле значную колькасць зямель на ўсход ад Лініі — тэрыторыю, якую Вялікабрытанія першапачаткова адмаўлялася ўключаць у арбітраж. Тым не менш Брытанія атрымала большую частку спрэчнай тэрыторыі і ўсе залатыя капальні[3].

Даследаванні Шомбурга таксама адыгралі ролю ў вызначэнні паўднёвай мяжы Брытанскай Гвіяны з Бразіліяй, канчаткова ўсталяваная арбітражом караля Італіі Віктара Эмануіла III ў 1904 годзе (так званае «Пірарскае пытанне»[es]).

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в R. A. Humphreys (1967), «Anglo-American Rivalries and the Venezuela Crisis of 1895», Presidential Address to the Royal Historical Society 10 December 1966, Transactions of the Royal Historical Society, 17: pp131-164 [Р. А. Хамфрыс (1967), «Англа-амерыканскае саперніцтва і венесуэльскі крызіс 1895 года», Пасланне прэзідэнта Каралеўскаму гістарычнаму таварыству 10 снежня 1966 года, Працы Каралеўскага гістарычнага таварыства, 17: ст. 131—164]
  2. Willard L. King (2007), Melville Weston Fuller — Chief Justice of the United States 1888—1910, Macmillan. p249
  3. King (2007:260)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Walter LaFeber. «The Background of Cleveland’s Venezuelan Policy: A Reinterpretation.» The American Historical Review 66 (July 1961), pp. 947-967.
  • Lars Schoult. A History of U.S. Policy Toward Latin America (Cambridge: Harvard University Press, 1998).
  • U.S. Department of State, «Venezuela Boundary Dispute, 1895—1899»
  • Peter Rivière (ed.), The Guiana Travels of Robert Schomburgk 1835—1844, 2 vols (Aldershot: Ashgate for the Hakluyt Society, 2006).
  • Otto A. Schomburgk (ed.), Robert Hermann Schomburgk’s Travels in Guiana and on the Orinoco During the Years 1835—1839 (Georgetown: The Argosy Company, 1931).
  • Robert Schomburgk, A Description of British Guiana, Geographical and Statistical (London, 1840).
  • Walter E. Roth (ed. and trans.), Richard Schomburgk’s Travels in British Guiana 1840—1844, 2 vols (Georgetown: Daily Chronicle Office, 1922, 1923).