Ліпары

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ліпары
італ. Lìpari
Адкладанні пемзы на Ліпары
Адкладанні пемзы на Ліпары
Характарыстыкі
Плошча37,6 км²
Насельніцтва11 549 чал.
Шчыльнасць насельніцтва307,15 чал./км²
Размяшчэнне
38°28′40,40″ пн. ш. 14°56′13,20″ у. д.HGЯO
АкваторыяТырэнскае мора
Краіна
Ліпары (Італія)
Ліпары
Ліпары
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Лі́пары (італ.: Lìpari), або востраў Эола (італ.: Isola Eolie) — самы буйны востраў у групе Ліпарскіх астравоў. Уваходзіць у склад Італіі. Агульная плошча — 37,6 км². Насельніцтва (разам з суседнімі астраўкамі, 2011 г.) — 11 549 чал.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Ліпары месціцца ў 27 км на поўнач ад Сіцыліі, у 437,6 км на паўднёвы ўсход ад Рыма, у 1969 км на паўднёвы захад ад Мінска. Даўжыня — 9,6 м. Найбольшая шырыня — каля 7 км. Ад бліжэйшага вострава Вулкана Ліпары адлучае праліў меней за 1 км.

Мае вулканічнае паходжанне. Узнік каля 223 тыс. гадоў таму. Наймалодшыя геалагічныя фарміраванні адносяцца да VI ст. н. э. Востраў гарысты. Найвышэйшы пункт — гара Монтэ-Кірыка (602 м). На захадзе і поўдні сустракаюцца фумаролы з гарачай вадой.

На Ліпары здаўна здабывалі каалін.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Ліпары быў населены ў сярэднім неаліце выхадцамі з суседняй Сіцыліі. Тут здаўна здабывалі абсідыян, які карыстаўся значным попытам нават пасля пачатку апрацоўкі металаў. Акрамя таго, старажытныя тубыльцы займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй і рыбалоўствам. Археолагамі выяўлены рэшткі керамікі, характэрнай для мінойскай балканскай Грэцыі, а потым — для мікенскай культуры. У другой палове 2 тысячагоддзя да н. э. з'яўляюцца ўмацаваныя паселішчы, якія будавалі ў непрыступных мясцінах. У канцы 2 тысячагоддзя да н. э. на востраве з'явіліся новыя жыхары з Паўднёвай Італіі.

У 580 г. да н. э. на Ліпары прыбылі грэчаскія каланісты. Яны заспелі грамадства з 500 тубыльцаў, якія разам апрацоўвалі зямлю і разам ахоўвалі востраў ад піратаў. Згодна паданню, ліпарцы былі нашчадкамі аўсона Ліпара і грэка Эола. У сярэдзіне 1 тысячагоддзя да н. э. з-за нападаў этрускаў большая частка карэннага насельніцтва пакінула востраў. Гэта дазволіла дарыйцам заснаваць на ім сваю калонію. Яны самі актыўна займаліся пірацтвам, рабавалі італійцаў і этрускаў.

У 252 г. да н. э. Ліпары быў заваяваны рымлянамі. У гады войн з Карфагенам, а таксама грамадзянскай вайны паміж Актавіянам і Пампеям востраў выкарыстоўваўся як ваенная база.

У сярэднявеччы Ліпары належаў да дзяржавы остготаў, Візантыі, Неапалітанскага каралеўства. Тут сяліліся манахі-пустэльнікі і некаторы час існавала біскупская кафедра, прыязджалі пілігрымы. У 839 г. і 1540 г. востраў рабавалі мусульманскія піраты.

У 1861 г. далучаны да Італіі.

Турызм[правіць | правіць зыходнік]

Турызм з'яўляецца асновай эканомікі вострава. Порт Ліпары прымае паромы з бліжэйшага сіцылійскага порта Мілаца, улетку з Неапаля, і Палерма. Аэрапорта няма, аднак дзейнічае верталётная пляцоўка.

Славутыя мясціны:

  • Горад Ліпары, каля якога знаходзіцца пляж. У самім горадзе — археалагічны музей.
  • Пемзавыя кар'еры каля вёскі Канета. Тут таксама ёсць пляж.
  • Гара Сант-Анджэла (594 м) — лепшы пункт для агляду панарамы вострава. На гары таксама знаходзяцца фумаролы.
  • Сан-Каладжэра, дзе знаходзяцца гарачыя купальні.
  • Бельведэрэ-дзі-Кватрочы — месца для агляду суседніх Ліпарскіх астравоў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]