Мінойская цывілізацыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мінойскі горад у Акраціры, выява каля 1600 г. да н.э.

Гісторыя Грэцыі

Дагістарычная Грэцыя
(да XXX ст. да н. э.)
Эгейская культура
(XXX—XII да н. э.)
Заходнеанаталійская цывілізацыя
Мінойская цывілізацыя
Кікладская культура
Эладская цывілізацыя
Мікенская цывілізацыя
Старажытная Грэцыя
(XI — 146 да н. э.)
Цёмныя стагоддзі (XI—IX)
Архаічны перыяд (VIII—VI)
Класічны перыяд (V—IV)
Эліністычны перыяд (IV — 146)
Грэцыя ў складзе Рымскай дзяржавы
Рымская Грэцыя (146 да н. э. — 330 н. э.)
Сярэднявечча і Новы час
(330—1832)
Візантыйская Грэцыя (330—1453)
Франкакратыя (1204—1458)
Асманская Грэцыя (1458—1832)
Сучасная Грэцыя
(пасля 1821)
Вайна за незалежнасць (1821—1832)
Каралеўства (1832—1924)
Другая Рэспубліка (1924—1935)
Рэжым 4 жніўня (1936—1941)
Другая сусветная вайна (1941—1944)
Грамадзянская вайна (1944—1949)
Пасляваенны час (1950—1967)
Рэжым палкоўнікаў (1967—1974)
Трэцяя Рэспубліка (з 1974)
Тэматычныя артыкулы
Ваенная гісторыя
Грэчаскія імёны
Грэчаская мова
Грэчаская літаратура

Мінойская цывілізацыя, або мінойская культура — умоўная агульнараспаўсюджаная назва першай цывілізацыі на тэрыторыі Еўропы, асноўным цэнтрам якой быў востраў Крыт. Існавала ў XXVII — XIV стст. да н.э. Разглядаецца як частка эгейскай культуры.

Міфалогія[правіць | правіць зыходнік]

Старажытнагрэчаская міфалагічная і гістарычная традыцыі засноўваліся на паданнях, быццам бы першасная гегемонія ў Старажытнай Грэцыі належала Крыту, дзе кіраваў валадар Мінас. Яму прыпісваліся стварэнне першага пісьмовага заканадаўства, актыўнае ўмяшальніцтва ў справы іншых эгейскіх дзяржаў, будаўніцтва палаца Лабірынта для свайго пачварнага пасынка Мінатаўра, вандроўка на Сіцылію і г. д.

З Мінасам звязаны легенды пра крыцкага быка, што спусташаў розныя рэгіёны Грэцыі. Паводле міфа пра атычнага героя Тэсея, Афіны выплочвалі Крыту ганебную даніну дзяўчатамі і юнакамі, якія прыносіліся ў ахвяру Мінатаўру. Аднак Тэсей здолеў пракрасціся ў Лабірынт са зброяй і забіць пачвару. Яму ж прыпісвалася забойства крыцкага быка.

Ужо ў эпоху антычнасці да міфаў пра Мінаса і Тэсея ставіліся даволі крытычна. Часам іх імкнуліся растлумачыць рацыянальна, а часам — абвяргалі. Герадот звязваў з імем Мінаса росквіт эгейскіх астравоў і казаў, што іх жыхары выплочвалі Крыту лёгкую даніну грабцамі. Ён паведамляў, што тубыльцы астравоў-лелегі і карыйцы былі пераселены крыцянамі ў Малую Азію. Афінскі гісторык Фукідыд лічыў, што вялікая ўлада крыцкага валадара абапіралася на таласакратыю — перавагу на моры.

Так або іначай, імя Мінаса дало пачатак тэрміну мінойскі, які азначаў пэўны перыяд росквіту дзяржавы на Крыце, а пасля і ўсёй культуры старажытнага Крыта і Эгейскага басейна.

Археалогія[правіць | правіць зыходнік]

Ужо ў эпоху Асветніцтва старажытнагрэчаская міфалогія ўспрымалася толькі як казка. Цікавасць да старажытных паданняў сярод еўрапейскіх навукоўцаў адрадзілася толькі ў XIX ст. Асаблівую сенсацыю выклікалі раскопкі Троі і рэшткаў Мікенскай цывілізацыі нямецкім археолагам-самавучкай Генрыхам Шліманам. Аднак спробы Шлімана і іншых археолагаў весці даследаванні на Крыце па розных прычынах не прынеслі асаблівага плёну.

Сітуацыя змянілася дзякуючы прафесійнаму брытанскаму даследчыку Артуру Эвансу. У 1900 г. ён распачаў маштабныя раскопкі палаца ў Кносе, якія прывялі да знаходкі найстаражытнейшай цывілізацыі на тэрыторыі Еўропы. А. Эванс здолеў адшукаць і даць тлумачэнне некалькім буйным археалагічным помнікам 3 — 2 тысячагоддзяў да н.э., адкрыў крыцкую лінейную пісьмовасць і стварыў рэканструкцыю мінойскага грамадства і культуры. Хаця многія яго погляды састарэлі або былі абвергнуты паслядоўнікамі, ідэі А. Эванса пра матрыярхальнае грамадства старажытнага Крыта, тэакратычную ўладу кноскіх манархаў, мірны характар гэтай цывілізацыі, рэлігійныя вераванні мінойцаў працягваюць моцна ўплываць і на сучасных даследчыкаў.

У 1932 г. грэчаскі археолаг Спірыдон Марынатас падчас раскопак у 6 км ад Кноса знайшоў рэшткі мінойскай пабудовы, дзе выявіў паклады вулканічнай пемзы. Ён прыйшоў да высновы, што мінойская цывілізацыя магла быць знішчана ў выніку катастрофы — вывяржэння вулкана на суседнім востраве Сантарын. У 19671974 гг. С. Марынатас арганізаваў даследаванні на Сантарыне, дзе бліскуча даказаў не толькі факт некалькіх вывяржэнняў, але таксама адкрыў пакуль адзіны вядомы мінойскі горад Акраціры.

У 1950 г. брытанцы Майкл Вентрыс і Джон Чэдвік расшыфравалі крыцкае лінейнае пісьмо тыпу Б і даказалі, што яно мае дачыненне да мікенскай, а не мінойскай цывілізацыі. У другой палове XX ст. адбыўся перагляд многіх першасных ідэй аб існаванні мінойскага Крыта, што стала магчыма дзякуючы далейшым археалагічным пошукам, а таксама галоснасці і адкрытасці ў навуковым асяроддзі (А. Эванс неахвотна публікаваў матэрыялы, якія супярэчылі яго тлумачэнням, або якія ён не мог зразумець).

Перыядызацыя[правіць | правіць зыходнік]

Першасная перыядызацыя мінойскай цывілізацыі была зроблена Артурам Эвансам[1]:

  • Старажытны мінойскі перыяд (26002000 гг. да н.э.)
  • Сярэдні мінойскі перыяд (2000—1600 гг. да н.э.)
  • Позні мінойскі перыяд (1600—1100 гг. да н.э.)

Хаця перыядызацыя А. Эванса паўплывала на вылучэнне тых ці іншых перыядаў Эгейскай культуры, ў нашы дні яна лічыцца састарэлай. Згодна археалагічным знаходкам прынята падзяляць гісторыю мінойскай цывілізацыі на:

Археалагічная перыядызацыя таксама цалкам не супадае з эпохамі зараджэння і развіцця цывілізацыі, таму сярод даследчыкаў мінойскага Крыта ў апошнія дзесяцігоддзі пераважае падзел на наступныя перыяды:

  • Дапалацавы час (2600—2000 гг. да н.э.)
  • Перыяд ранніх палацаў (1900 — 1700 гг. да н.э.)
  • Перыяд новых палацаў (1700 — 1450 гг. да н.э.)[2]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Мінойскі Крыт

Археалагічныя раскопкі 20082009 гг. паказалі, што Крыт быў населены продкамі сучаснага чалавека ўжо 130 тысяч гадоў таму. Цікава, што некаторыя вучоныя лічаць, быццам бы гэта адбылося шляхам мараплаўства[3]. Засяленне челавекам сучаснага тыпу адбылося толькі ў неаліце, у сярэдзіне 7 тысячагоддзя да н. э. Нягледзячы на тое, што неалітычныя жыхары дасягнулі дастаткова высокай ступені развіцця, доўгі час меркавалася, што прыкладна ў 2600 г. да н.э. яны саступілі месца перасяленцам з іншых рэгіёнаў, якія і стварылі мінойскую цывілізацыю[4]. Найбольш папулярнай была гіпотэза аб перасяленні з Малой Азіі. Акрамя таго, у розны час высоўваліся здагадкі аб перасяленні з паўначы Балканскага паўвострава, Блізкага Усходу (Фінікія), Паўночнай Афрыкі (Старажытны Егіпет) і г. д.[5]

Даследаванні магільняў і вывучэнне фрэсак палацаў прывялі да думкі, што мінойцы былі невысокімі (сярэдні рост мужчын каля 160 см), чарнявымі і хутчэй належалі да міжземнаморскага тыпу еўрапеоіднай расы. Палеагенетычнае даследаванне 2012 г. мінойскіх магільняў[6] паказала, что пахаваныя ў іх былі блізкімі да тагачаснага насельніцтва Еўропы і сучасных жыхароў Крыта, найхутчэй яны з'яўляліся нашчадкамі першасных перасяленцаў каменнага веку.

У 2600 — 2400 гг. да н.э. на Крыце адбыліся значныя змены — удасканаленне выплаўлення бронзы і асваенне земляробамі ўсіх прыдатных земляў. Важную ролю ў сельскай гаспадарцы адыгрывала ўрадлівая даліна Месара на поўдні цэнтральнага Крыта. Жыхары вострава асвоілі вырошчванне збожжавых (асаблівае месца займаў непатрабавальны да глебаў ячмень), вінаграду і масліны. Вывучэнне керамікі і выяў паказала, што на мінойскім Крыце і суседніх астравах квітнела пчалярства[7]. Магчыма, у гэты перыяд Крыт адчуваў уздзеянне развітай кікладскай культуры. Сувязь і абмен з іншымі рэгіёнамі Міжземнага мора забяспечвалі мінойцаў металамі (медзю і волавам), якія на Крыце не здабываліся, але маглі быць дастаўлены з Кіпра, Малой Азіі і поўначы Балканскага паўвострава.

У 2400 — 2100 гг. да н.э. з'явіліся паселішчы з вялікімі жытламі і калектыўнымі купальнымі магільнямі. Распаўсюджваецца ганчарнае кола. Керамічныя вырабы гэтага часу ўжо адрозніваліся значнай вытанчаннасцю. Сустракаюцца выявы караблёў. Знаходкі каменных якараў да паўтоны (пачатак 2 тысячагоддзя да н.э.) сведчаць, што жыхары Крыта будавалі буйныя марскія судны. Аднак у 2100 — 1900 гг. да н.э. многія паселішчы апынуліся разбуранымі. Прыкладна тады ж знікла кікладская культура.

Цэнтрамі грамадскага і рэлігійнага жыцця сталі крыцкія палацы (Малія, Фест, Кнос), якія суседнічалі з меншымі па памерах віламі і звычайнымі паселішчамі земляробаў. На востраве Сантарын быў пабудаваны пакуль адзіны вядомы мінойскі горад. Перыяд ранніх палацаў таксама скончыўся разбурэннямі[8]. Мяркуецца, што разбурэнні былі выкліканы моцным землетрасеннем. Той жа лёс нападкаў падобную палацавую культуру, якая існавала на Пелапанесе. Але ў адрозненні ад Пелапанеса, на Крыце палацавыя комплесы адрадзіліся.

Мінойскі карабель. Фрэска ў Акраціры, каля 1600 г. да н.э.

Перыяд новых палацаў (1700 — 1450 гг. да н.э.) лічыцца росквітам мінойскай цывілізацыі, калі Крыт набыў палітычнае адзінства. Магчыма, адным з кіраўнікоў Крыта быў легендарны Мінас, або гэта імя насілі розныя валадары вострава. Новыя палацы, значна большыя па плошчы, чым старыя, працягвалі адыгрываць ролю грамадскіх, эканамічных і культурных цэнтраў. Найбольшым з'яўляўся палац у Кносе, таму яго прынята вылучаць як галоўны. Палацы аб'ядноўвала сетка дарог. Яны не былі ўмацаванымі, што падкрэслівае бязбоязнасць насельнікаў палацаў у дачыненні да іншаземцаў і простых суграмадзян. На малюнках, знойдзеных на Крыце і Сантарыне, мала выяў, звязаных з гвалтам. Унутраны мір мог дасягацца тэакратычным характарам кіравання, тым, што палацы з'яўляліся рэлігійнымі цэнтрамі. Знешняя бяспека тлумачыцца астраўной ізаляцыяй і таласакратыяй.

Да сярэдзіны XV ст. да н.э. мінойская цывілізацыя пашырыла свой уплыў на астравы Эгейскага мора, Кіпр і паўднёвы захад Малой Азіі (раён Мілета). Вялікі флот Крыта і Сантарына вёў гандаль з Паўночнай Афрыкай, Блізкім Усходам і Заходнім Міжземнамор'ем. Кераміку і іншыя рэчы, зробленыя мінойцамі, знаходзяць у розных рэгіёнах Грэцыі, на тэрыторыі Егіпта, Турцыі, Усходняй Сіцыліі, нават на поўдні Іспаніі і ў іншых краінах, адкуль таксама прывозілі металы, збожжа, драўніну, шкарлупіну струсіных яек і г. д. Адзінкай буйных разлікаў міжнароднага гандлю быў так званы крыцкі талант — мера вагі ў 29 кг. Знойдзены дваццаці дзевяці кілаграмовыя каменныя гіры, а таксама зліткі бронзы ў форме бычыных скур[9]. Перыяд новых палацаў адзначыўся росквітам культуры і мастацтва.

У наш час большасць вучоных прытрымліваецца думкі, што мінойская цывілізацыя загінула ў выніку двух катастрафічных вывяржэнняў вулкана на востраве Сантарын. Першае адбылося каля 1520 г. да н.э. Яно значна пераўзыходзіла знакамітае вывяржэнне Кракатау ў 1883 г., суправаджалася магутным выбухам, вікідамі вадзянога пару, атрутных газаў, велізарнага воблака попелу, цунамі з хвалямі да 25 — 40 м увышыню. Вывяржэнне знішчыла горад Акраціры на самім Сантарыне. Значна пацярпеў Крыт, асабліва яго паўночнае ўзбярэжжа. Попел і пемза засыпалі палеткі, што прывяло да неўраджаяў і згубы хатніх жывёлін. Аднак большасць палацаў выстаяла, і жыццё было ўзноўлена. Другое вывяржэнне адбылося каля 1460 г. да н.э. На гэты раз былі разбураны ўсе палацы і порты, відавочна знішчаны флот. Як паказваюць даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў, мінойцы панеслі значныя чалавечыя страты, але імкнуліся наладзіць гаспадарку[10]. Але з Балканскага паўвострава на Крыт пераправіліся ваяўнічыя ахейцы. Яны паклалі канец мінойскай культуры. Крыт быў уцягнуты ў сферу мікенскай цывілізацыі. Паданні аб двух спусташэннях захоўваліся на Крыце стагоддзямі і былі зафіксаваны Герадотам[11].

Грамадства і культура[правіць | правіць зыходнік]

Мінойская пячатка з выявай быка, знойдзеная ў Егіпце, XVI ст. да н.э.
Роспіс камарэс

Адным з найвялікшых дасягненняў мінойскай цывілізацыі было вынаходніцтва лінейнага пісьма тыпу А. Яно развівалася з піктаграфічных знакаў, якія пакідалі на прадметах і пячатках. Больш дасканалым складовым пісьмом карысталіся пераважна ў перыяды палацаў. Знойдзена значная колькасць гліняных таблетак з запісамі на лінейнай мове А. Яны пакуль не расшыфраваны, але, як мяркуюць, уяўляюць сабою гаспадарчыя запісы.

Культурнымі, палітычнымі і эканамічнымі цэнтрамі з'яўляліся так званыя палацы. Адзіная архітэктурная схема крыцкіх палацаў канчаткова замацавалася толькі ў XVII — XVI стст. да н.э. Яна мела наступныя асаблівасці:

  • Сэнсавым цэнтрам будынка з'яўляецца ўнутраны двор, ад яго ідзе развіццё будаўнічай планіроўкі.
  • У планіроўцы прынцып функцыянальнасці пераўзыходзіць прынцып сіметрычнасці
  • Для асвятлення ўнутраных памяшканняў выкарыстоўваюцца светлавыя праёмы
  • Некаторыя залы падзеленыя слупамі з навяснымі драўлянымі дзвярамі
  • Інтэр'ер мае люстральныя пакоі і калідоры з паніжэннем падлогі
  • У якасці апоры выкарыстоўваюцца абтынкаваныя драўляныя калоны. Іх дакладны колер не вядомы. Артур Эванс пры частковай рэстаўрацыі палаца ў Кносе выкарыстаў чырвоны, за што пазней крытыкаваўся іншымі археолагамі
  • Аднастайнасць у планіроўцы большасці новых палацаў[12]

Крыцкія палацы мелі не вонкавы, характэрны для сучасных будынкаў, а ўнутраны фасад. Яны будаваліся і перабудоўваліся ад цэнтру на працягу многіх стагоддзяў. Будаўніцтва ніколі канчаткова не завяршалася, пры патрэбе палац пашыраўся. У асноўным, выкарыстоўваліся мясцовыя будаўнічыя матэрыялы — пясчанік, гліна, драўніна, алебастр. Мінойцы ўмелі вырабляць цэмент. Інтэр'ер багата ўпрыгожваўся роспісамі, фрэскамі і барэльефамі. Мелася добра прадуманая каналізацыя.

Найбольшы па памерах палац у Кносе займае плошчу каля 24 тыс. м², палац у Фесце — 8,4 тыс. м², палац у Маліі — не менш за 8 тыс. м². Калі ўлічыць тое, што будынкі мелі па некалькі паверхаў і падземныя скляпы, то можна меркаваць, што кожны палац утрымоўваў значную колькасць насельнікаў. У палацах жылі прадстаўнікі вышэйшых колаў мінойскага грамадства, слугі, рамеснікі, магчыма рабы. У іх захоўваліся прадукты, якія збіралі ў навакольных абшчын, прадметы рамяства і тое, што трапіла на Крыт у выніку гандлю з іншымі краінамі. На Крыце таксама знойдзена некалькі меншых па памерах сельскіх будынкаў, якія археолагі назвалі віламі. Простыя абшчыннікі жылі за межамі палацаў і віл, у звычайных хацінах. Для жытла і магільняў прыстасоўвалі нават пячоры. Знойдзеныя ў горных раёнах пахаванні сялян утрымоўваюць невялікую колькасць немудрагелістых вылепленых з гліны фігурак жывёлін і людзей.

Каля палацаў развіваліся буйныя паселішчы, якія можна называць гарадамі. Так, у Кносе жылыя дамы каля палаца ў перыяд росквіту займалі каля 30 га. Многія з іх мелі 2 або 3 паверхі, прасторныя памяшканні для захавання харчу і тавараў, дрэнажную сістэму і водазабеспячэнне. Але некаторы час даследчыкі болей звярталі ўвагу на палацы, чым на буйныя паселішчы вакол палацаў. У некаторых выпадках гэта прыводзіла да непаразуменняў, калі археолагі не апісвалі ўмацаванняў вакол палацаў, далей рабілася выснова, што іх наогул не было. Аднак абарончыя збудаванні ўсёткі ўзводзіліся як вакол палацаў, так і вакол гарадоў. Так, А. Эванс знайшоў у Кноскім палацы фундамент абарончай вежы, рэшткі вежы каля паўночнага ўваходу і памяшканні, якія прымыкаюць да палацавых уваходаў, якія ён назваў «пакоямі аховы». Але ў далейшым ён звычайна не ўзгадваў пра знаходкі, паколькі яны не адпавядалі яго гіпотэзе пра мірны характар мінойскага грамадства[13]. У Гурніі на паўночным узбярэжжы Крыта была выяўлена сістэма ўмацаванняў, якая ўключала масіўны мур каля 27 м і рэшткі вежы[14]. На Крыце вядомы і іншыя абарончыя збудаванні[15]. Адзін з найлепей вывучаных гарадоў Акраціры на Сантарыне (Кікладскія астравы) таксама меў штучныя і прыродныя ўмацаванні, што падцвярджаецца выявамі на фрэсках.

Мінойскае мастацтва пазбаўлена манументальнасці, але дастаткова разнастайнае. Яно прадстаўлена фрэскавым жывапісам на сценах крыцкіх палацаў і гарадскіх пабудоў Акраціры. На большасці малюнкаў адлюстраваны прыродны свет, жыццё мора. Цікава, што жаночыя выявы людзей сустракаюцца значна часцей, чым мужчынскія. Жанчыны звычайна маляваліся белым колерам, мужчыны — чырвоным. Жанчыны апранутыя ў даволі разнастайную вопратку, маюць складаныя прычоскі. Асноўным адзеннем мужчын у лепшым выпадку з'яўляюцца насцегнавыя повязі[16].

Ужо ў эпоху старых палацаў узнік стыль роспісу керамічных вырабаў кама́рэс (названы па найменню пячоры каля Феста, дзе ўпершыню быў знойдзены). Ён уяўляў сабой лінейны арнамент, які наносіўся на матавую аснову чорнага колеру белай, аранжавай або чырвонай фарбай. Сценкі гліняных пасудзін былі тонкія. Палацавыя рамеснікі апрацоўвалі металы, слановую косць, шкарлупіну страусіных яек, выраблялі арнаментаваную зброю, пячаткі са складанымі выявамі, дробныя залатыя і фаянсавыя фігуркі і г. д.

Практычная адсутнасць пісьмовых крыніц і апора выключна на археалагічныя сведчанні робіць праблему рэканструкцыі сапраўднага аблічча мінойскага грамадства занадта складаным. Вучоныя вымушаныя праводзіць паралелі з вядомымі тагачаснымі грамадствамі Блізкага Усходу, што не заўсёды карэктна з-за магчымых істотных адрозненняў. Артур Эванс лічыў, што быццам бы адсутнасць у перыяды палацаў абарончых збудаванняў, будаўніцтва дарог і каналаў, а таксама рэдкія выявы гвалту сведчаць, што ў 2 тысячагоддзі да н.э. на Крыце была створана адзіная дзяржава, і ўладары розных палацаў не вялі паміж сабою войны. У наш час гэта гіпотэза лічыцца састарэлай.

Вялізарная розніца ў жыцці палацаў і сельскіх паселішчаў кажа аб існаванні сацыяльнай няроўнасці. Вышэйшыя колы грамадства мелі большы доступ да багаццяў і магчымасць эфектыўна арганізоўваць простых абшчыннікаў для забеспячэння сваіх патрэб. Тое, што насельнікі палацаў не баяліся бедных сялян, даследчыкі тлумачаць тэакратычнай уладай галоўнага ўладара ў Кносе. Але пры гэтым ніякіх выяў самога манарха не знойдзена. Артур Эванс палічыў за выяву манарха фрэску, якую назваў «Прынц з лілеямі», што, аднак, аспрэчваецца сучаснымі даследчыкамі. Мяркуецца, што постаць валадара была табуявана для мастакоў[17].

Яшчэ больш спрэчнай з'яўляецца пытанне аб рэлігіі мінойцаў. Каб сцвердзіць старажытнасць адкрытай ім цывілізацыі, Артур Эванс выкарыстаў папулярную ў першай палове XX ст. тэорыю матрыярхату і патлумачыў вялікую колькасць жаночых выяў як шанаванне мінойцамі адзінай багіні-маці. Але вядомы рэлігійныя мужчынскія выявы[18]. Хутчэй за ўсё, рэлігіяй мінойцаў быў політэізм. У якасці рэлігійных абвяшчаюцца выявы двухбаковай сякеры—лабрысу, а таксама быка. У мінойскім мастацтве распаўсюджаны бычыныя малюнкі і фігуркі, адлюстраванне рогаў, а таксама сюжэт таўрамахіі — гульні або барацьбы з быком. Сакральнасць паядынку з небяспечнай жывёлай тлумачыцца земляробчым цыклам святаў. Магчыма, што выявы быка, а таксама заблытаныя калідоры крыцкіх палацаў пазней спарадзілі міф пра Тэсея і Мінатаўра.

Мінойцы не будавалі храмаў. Вядомы толькі некалькі пячорных і горных рэлігійных цэнтраў, хутчэй за ўсё звязаных з пахавальнымі абрадамі. Вучоныя схільныя да думкі, што рытуальныя месцы знаходзіліся знутры палацаў (некаторыя пакоі не мелі жыллёвага або гаспадарчага прызначэння), або палацы цалкам разглядаліся мінойцамі як храмы. Археолагамі знойдзены доказы дзіцячых ахвярапрынашэнняў і сакральнага людаедства[19].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. История Древней Греции./Сост. К. В. Паневин — СПб.: АСТ, Полигон, 1999. — С. 27 ISBN 5-89173-037-5
  2. Гл.: Борис Сергеевич Ляпустин, Игорь Евгеньевич Суриков, Древняя Греция
  3. Thomas F. Strasser et al., Stone Age Seafaringin the Mediterranean Архівавана 2 мая 2013.
  4. History of Crete: Outlined history of the island of Crete, from Neolithic times to present days
  5. Ю. В. Откупщиков, Догреческий субстрат. У истоков европейской цивилизации. — Лг.: Из-во Ленинградского университета, 1988
  6. DNA reveals origin of Greece's ancient Minoan culture
  7. Anastasios V. Harissis, Haralampos V. Harissis, Apiculture in the Prehistoric Aegean. Minoan and Mycenaean Symbols Revisited
  8. Крит. История. Минойская эпоха Архівавана 5 сакавіка 2016.
  9. История Древней Греции. / Под ред. В. И. Кузищина. — М.: Высшая школа, 1996
  10. Annelisa Stephan, Life After Disaster: A Conversation with Archaeologist Sandy MacGillivray
  11. Герадот, VII:171
  12. Зинченко С. А., Искусство древней Греции, Крит (часть II)
  13. https://www.archaeology.wiki/blog/2015/09/07/cretan-fortifications-part-1/
  14. Crete fortifications debunk myth of peaceful Minoan society
  15. Alusik, T. Minoan Defensive Architeccture in Palaikastro Area. // Sbornik praci filozoficke fakulty Brnenskii Univerzity. N 10. — Brno, 2010. P. 5 — 13
  16. Minoan Dress
  17. Nanno Marinatos, Proskynesis and Minoan Theocracy
  18. Cynthia Eller, Two Knights and a Goddess: Sir Arthur Evans, Sir James George Frazer, and the Invention of Minoan Religion. // Journal of Mediterranean Archaeology 25.1 (2012) p. 75-98
  19. Rodney Castleden, Minoans: life in Bronze Age Crete

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]