Мазырскае Палессе

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Мазырскае Палессе (2001)
Мазырскае Палессе (1977)

Мазырскае Палессе — фізіка-геаграфічны раён Беларускага Палесся.

Уяўляе сабой раўніну, узнятую над Прыпяцкім і Гомельскім Палессем на 15—20 м. Межамі яго з'яўляюцца рэкі Прыпяць, Убарць, а таксама адгор'і Оўруцкага кража. Тут знаходзіцца Мазырская града, якая мае вышыні, найвялікшыя не толькі для Мазырскага, але і для ўсёй тэрыторыі Палесся.

У тэктанічных адносінах прымеркавана да цэнтральнай часткі Прыпяцкага прагіну. Крышталічны фундамент перакрыты асадкавай тоўшчай верхняга пратэразою, палеазою (асабліва развіта верхнедэвонская саляносная тоўшча магутнасцю 3500 м) і кайназою. Антрапагенавая тоўшча (магугнасць 40—140 м) складзена з адкладаў бярэзінскага і дняпроўскага зледзяненняў і галацэнавых (алювіяльных, эолавых, балотных).

Пераважаюць вышыні 150—160 м, найбольшая 221 м. Мазырскае Палессе — выразная раўніна, якая ўзвышаецца над навакольнай мясцовасцю на 10—20 м. Большая частка яе пласкахвалістая водналедавіковая раўніна з асобнымі дэнудаванымі ўзгоркамі. Ваганні адносных вышынь 3—5, радзей 7 м. Вылучаюцца шырокія лагчыны з тарфянікамі. У міжрэччы рэк Батыўля і Чэрцень участак азёрна-алювіяльнай нізіны. У паўночна-ўсходняй частцы на правабярэжжы р. Прыпяць захаваліся краявыя ледавіковыя ўтварэнні Мазырскай грады.

Града канчаткова ўтворана дняпроўскім ледавіком. Складзена з марэны (супескі, суглінкі, гліны, пяскі, жвірова-галечны матэрыял), якая перакрыта водна-ледавіковымі пяскамі з рэдкай галькай і жвірам, на паўночных і паўночна-ўсходніх схілах — лёсападобнымі супескамі. Трапляюцца гляцыядыслакацыі з палеагенавых і неагенавых парод. Мае выгляд слабавыгнутых у паўднёва-заходнім напрамку палос дробных град і ўзгоркаў. Перавышэнне над урэзам вады Прыпяці 94 м. Паўночныя і ўсходнія схілы звернуты да Прыпяці, стромкія, абрывістыя, адносныя вышыні над урэзам вады 50—70 м. Паўднёвыя схілы пакатыя, паступова зліваюцца з водна-ледавіковай раўнінай. Мазырская града моцна расчлянёная, глыбіня яроў дасягае 40—60 м. На схілах тэрмакарставыя і суфазійныя западзіны.

Паверхня Мазырскага Палесся ўскладнена дзюнамі, забалочанымі катлавінамі. Даліны рэк маюць нязначную глыбіню, забалочаныя, месцамі з дзюннымі градамі.

Карысныя выкапні: каменная соль, легкаплаўкія гліны, будаўнічыя пяскі, торф, мінеральныя воды.

Сярэдняя тэмпература студзеня -6,4 °С, ліпеня 18,8 °С, ападкаў 600 мм за год.

Рачная сетка належыць да басейна р. Прыпяць, найбольшая рака Славечна з прытокамі Батыўля і Чэрцень.

Пераважаюць дзярнова-падзолістыя глебы і дзярнова-падзолістыя забалочаныя супясчана-пясчаныя, на лёсападобных адкладах — дзярнова-палева-падзолістыя сугліністыя.

Лясістасць да 50% тэрыторыі. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя лясы, дубровы. На забалочаных нізінах трапляюцца бярозавыя і чорнаальховыя лясы. У поймах дробных рэк — злакавыя лугі. Пераважаюць нізінныя балоты.

Пад ворывам 12%, пад сенажацямі і пашай 11% тэрыторыі.

Мазырскія яры

Утвораны ландшафтны заказнік Мазырскія Яры.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Мазырскае Палессе // БЭ ў 18 т. Т. 9. Мн., 1999.