Убарць

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Убарць
Emilchyne river ubort.jpg
Вусце Рака Прыпяць
Даўжыня 292 км
Расход вады 23 м³/с
Вадазбор 5820 км²
Краіна Беларусь, Украіна

Убарць — рака на Украіне і Беларусі, правы прыток Прыпяці.

Даўжыня 292 км. Плошча вадазбору 5820 кв. км. Агульнае падзенне ракі — 96,3 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні — 0,3. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 24,4 куб. м/с.

Пачынаецца на вышыні 207,2 м над узроўнем мора каля вёскі Андрэевічы Емільчанскага раёна Жытомірскай вобласці Украіны. Цячэ па Алеўскаму раёну Жытомірскай вобласці і Лельчыцкаму раёну Гомельскай вобласці Беларусі. Вусце за 2 км на паўднёвы захад ад горада Петрыкаў Гомельскай вобласці. На тэрыторыі Беларусі Убарць мае даўжыню 126 км і плошчу вадазбору 1910 кв. км.

Разводдзе пачынаецца звычайна ў першай палове сакавіка (найбольшая вышыня над межанным узроўнем 4 м, сярэдняя 1,8—2,7 м), заканчваецца ў сярэдзіне мая. Устойлівая межань наступае ў ліпені (працягласць у сярэднім 3 месяцы). Замярзае ў пачатку снежня. Расход вады за 44 км ад вусця найбольшы 659 м³/с (1932), найменшы 0,44 м³/с (1935).

Даліна невыразная, месцамі зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, яе шырыня ад 0,1—0,2 км у верхнім цячэнні да 1—5 км на астатнім працягу. У басейне ракі каля вёска Замошша і Свіднае наліўное вадасховішча Свіднае[1].

Рэчышча свабодна меандруе, звілістае, у ніжнім цячэнні моцназвілістае, зрэдку трапляюцца нізкія пясчаныя астравы. Шырыня рэчышча 10—15 м, у нізоўі месцамі да 60 м.

Асноўныя прытокі[правіць | правіць зыходнік]

Справа: Рудніца, Плотніца, Лохніца, Свідовец, Гурыстая. Злева: Нерасна, Літоша, Выгошча, Каросцінка.

На рацэ[правіць | правіць зыходнік]

Гарадскія пасёлкі: Алеўск, Лельчыцы.

Тапонім[правіць | правіць зыходнік]

Назва ракі Убарць (лац.: Hubort) упершыню згадваецца ў 1412 г. На некаторых картах XVII—XVIII стст. пазначалася назвай Алеўская (польск.: Olewsko), вярхоўе якой нагадвала Убарць, а вусце — Сцвігу.

Беларускі даследчык В. А. Жучкевіч лічыць, што гэта славянскі тапонім, створаны па тыпу ландшафтных тэрмінаў «уборок», «прыбор» — мясцовасць ля бароў.

Ёсць і такое меркаванне. Некалі на дрэвах вешалі вуллі-борці і пчолы збіралі мёд, які потым даставалі гаспадары вулляў, бортнікі. Той, хто плыў па рацэ, бачыў вуллі, называў гэтае месца «У борцей», якое пазней трансфармавалася ў слова «Уборць», «Убарць».

Польскі гісторык Машынскі лічыў малаверагодным збліжэнне гідроніма са старажытнаславянскімі «борць» — дупло, «уборць» — калодка, прыгатаваная для медазбору[2].

Зноскі

  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 256. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (Т. 14).
  2. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии — Мн., 1974. — С. 381.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
  • Блакiтная кнiга Беларусi: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзiсько i iнш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с.
  • Хроніка Убарцкага Палесся / Аўтар-укладальнік А. І. Атнагулаў; Навук.рэд. В. Л. Насевіч. — Мн.: Тэхналогія, 2001. 496 с.: іл. — ISBN 985-459-051-2