Масавае атручванне метанолам у Расіі (2023)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Расійскія рэгіёны, дзе ў чэрвені 2023 года выяўлены ахвяры прадукцыі «Мистер Сидр».

Масавае атручванне метанолам у Расіі адбылося з 3 па 5 чэрвеня 2023 года ў выніку спажывання жыхарамі некалькіх рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі алкагольнай прадукцыі пад маркай «Мистер сидр» з небяспечнымі ўзроўнямі метылавага спірту і этылбутырата. У выніку здарэння да 10:00 17 чэрвеня пацярпелі 105 чалавек, з іх памерлі 36[1].

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Алкагольныя напоі пад маркай «Мистер сидр» вырабляліся прадпрыемствам ТАА «Анди» на заводзе «Варка» ў вёсцы Вандай (Самарская вобласць). Уладальнікам ТАА з’яўляўся Анар Гусейнаў[2]. Акрамя прадукцыі «Мистер сидр» і аналагічнай прадукцыі «Лето сидр», прадпрыемствам выпускалася піва маркі «Нехило», а таксама ліманад маркі «AnDi»[3].

У 2022 годзе Анар Гусейнаў быў аштрафаваны арбітражным судом Самарскай вобласці на суму ў 10 тысяч рублёў за абарот алкагольнай прадукцыі без належнай дакументацыі; у ходзе вынясення судом рашэння штраф быў заменены на папярэджанне[4].

Атручванне[правіць | правіць зыходнік]

Першыя выпадкі атручвання прадукцыяй былі зафіксаваны 3 і 4 чэрвеня ў горадзе Дзімітраўградзе (Ульянаўская вобласць). Да раніцы 5 чэрвеня шасцёра пацярпелых памерлі ў рэанімацыі гарадской бальніцы. Алкагольная прадукцыя была набыта імі ў мясцовых разліўных крамах[5].

У далейшым на працягу 5 чэрвеня былі зафіксаваны ахвяры ў Самарскай, Ніжагародскай абласцях і Удмурціі[6].

6 чэрвеня стала вядома пра трох атручаных жыхарак Пензенскай вобласці[7]. Да вечара колькасць загінулых дасягнула 29, усяго было паведамлена пра больш за 90 выпадкаў атручвання[8].

7 чэрвеня ў Курганскай вобласці стала вядома аб атручванні двух непаўналетніх жыхарак горада Шуміха, якія набылі прадукцыю «Мистер сидр» 4 чэрвеня[9].

Расследаванне[правіць | правіць зыходнік]

5 чэрвеня Федэральная служба па рэгуляванні алкагольнага рынку заблакавала адгрузку і пастаўку прадукцыі ТАА «Анди» і даручыла выключыць з продажу напоі «Мистер сидр». Следчымі камітэтамі Ульянаўскай і Самарскай абласцей былі ўзбуджаны крымінальныя справы па артыкуле 283 КК РФ («вытворчасць, захоўванне, перавозка альбо збыт тавараў і прадукцыі, выкананне работ або аказанне паслуг, якія не адказваюць патрабаванням бяспекі»), пасля гэтыя справы былі перададзены ў вядзенне Галоўнага следчага ўпраўлення Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі. Расспажыўнаглядам былі арганізаваны рэйды па канфіскацыі з продажу заблакаванай прадукцыі па ўсёй краіне[10]. На 6 чэрвеня ў рэгіёнах Паволжа было канфіскавана 23,2 тысячы літраў: у Пензенскай вобласці канфіскавалі звыш 1700 літраў, ва Удмуртыі 14 тысяч літраў, у Мардовіі — больш за 250 літраў[11]. У Чалябінскай вобласці ў гэты ж дзень на складах у шасці прыватных прадпрымальнікаў было выяўлена каля 1000 бутэлек заблакаванай прадукцыі[12]. Таксама прадукцыя была знойдзена на аптовых складах гарадоў Уладзімір і Мурам[13].

Да 19 гадзін па Маскве было канфіскавана 37,6 тысячы літраў. Прадукцыя была знойдзена на тэрыторыі Курганскай вобласці, Рэспублікі Крым, Разанскай вобласці, Рэспублікі Марый Эл і Пермскага краю[14].

Заснавальнікі ТАА «Анди» Анар Гусейнаў, Антон Фралоў, Раміль Асланаў, а таксама галоўны бухгалтар Паліна Ускова, былі затрыманы па справе аб атручванні напоямі[15].

Праведзеная экспертыза ЭКЦ УМВД па Ульянаўскай вобласці выявіла ў прадукцыі наяўнасць прымешак метанолу і этылбутырата ў небяспечнай дазоўцы[16]. Паводле даных следства, ёмістасці з этанолам былі скрадзены са склада МУС у Самарскай вобласці, у якім яны захоўваліся пасля канфіскацыі ў 2012 годзе, пры садзейнічанні сяржанта паліцыі[17]. Міністрам унутраных спраў Расіі Уладзімірам Калакольцавым былі звольнены намеснік начальніка ГУ МУС па Самарскай вобласці Юрый Сафронаў, а таксама начальнік «Цэнтра гаспадарчага і сэрвіснага забеспячэння МУС Расіі па Самарскай вобласці», за якім быў замацаваны склад, Аляксандр Рамнёў[18].

Рэакцыя[правіць | правіць зыходнік]

Нацыянальная асацыяцыя вытворцаў традыцыйнага сідру, якая аб’ядноўвае расійскіх вытворцаў сідру, выступіла з заявай, згодна з якім напой «Мистер сидр» не можа лічыцца сідрам з прычыны таго, што пры вырабе апошняга выключана выкарыстанне спірту. Больш за тое, на падставе апублікаваных пасля выпадкаў атручвання фатаграфій з месца вытворчасці члены НАВТС паказалі на тое, што завод-вытворца не валодаў абсталяваннем для браджэння[19].

Масавае атручванне прадукцыяй выклікала шэраг прапаноў з боку расійскіх заканадаўцаў і прадстаўнікоў грамадскіх саветаў пры дзяржаўных органах аб адмене мараторыя на правядзенне праверак, уведзенага ў сакавіку 2022 года, для вытворцаў прадуктаў харчавання і пітва[20][21].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Число отравившихся напитком «Мистер Сидр» превысило 105 человек. Из них 36 погибли (руск.). RTVI (17 чэрвеня 2023). Праверана 17 чэрвеня 2023.
  2. Что известно о «Мистере сидре» (руск.). КоммерсантЪ.
  3. На предприятии запрещенного «Мистера Сидра» производили детский лимонад (руск.). Аргументы и факты.(недаступная спасылка)
  4. Решение Арбитражного суда Самарской области
  5. 16-летняя девочка в реанимации: в Ульяновске от отравления сидром умерли шесть человек (руск.). Комсомольская правда.
  6. Полная хронология массового отравления сидром в регионах Приволжья 5 июня 2023 года (руск.). Комсомольская правда.
  7. Три девушки отравились сидром в Пензенской области (руск.). НТВ. Праверана 6 чэрвеня 2023.
  8. Минздрав подтвердил гибель 29 человек от отравления суррогатным сидром (руск.). РЕН ТВ. Праверана 6 чэрвеня 2023.
  9. Оксана Герасимова. В Курганской области зафиксирован первый случай отравления напитком «Мистер Сидр» (руск.). Вести Московского региона (7 чэрвеня 2023). Праверана 7 чэрвеня 2023.
  10. Росалкогольрегулирование остановило поставки «Мистера Сидра» (руск.). РБК.
  11. В регионах Поволжья изъяли более 23,2 тыс. л суррогатного "Мистера сидр" (руск.). ТАСС.
  12. В Челябинской области нашли на складах около тысячи бутылок опасного сидра (руск.). LIFE.
  13. Во Владимире и Муроме на складах нашли «Мистер Сидр» (руск.). Зебра ТВ.
  14. В России из оборота изъяли 37,6 тысячи литров "Мистера Сидра" (руск.). Interfax.ru (6 чэрвеня 2023). Праверана 6 чэрвеня 2023.
  15. Силовики задержали двух менеджеров и главного бухгалтера компании по производству сидра после массового отравления людей. (руск.). Новые известия.(недаступная спасылка)
  16. МВД: В изъятом в Ульяновской области сидре нашли метанол и этилбутират (руск.). Российская газета. Архівавана з першакрыніцы 6 чэрвеня 2023. Праверана 6 чэрвеня 2023.
  17. «Мистер Сидр», после которого погибли больше 30 человек, делали из спирта, украденного со склада МВД (руск.). v1.ru - новости Волгограда (8 чэрвеня 2023). Праверана 8 чэрвеня 2023.
  18. Из-за отравления сидром уволены два начальника из самарского главка (руск.). 63.ru - новости Самары (8 чэрвеня 2023). Праверана 8 чэрвеня 2023.
  19. Заявление НАПТС по трагическим событиям, связанным с отравлением алкогольной продукцией в Поволжье (руск.). Realbrew.
  20. https://www.retail.ru. В РФ могут снять мораторий на проверку производителей продуктов и воды (руск.). Retail.ru (6 чэрвеня 2023).
  21. «Мистер сидр» отравил всю отрасль (руск.). Коммерсантъ (5 чэрвеня 2023).