Перайсці да зместу

Добасна

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Добасна (рака))
Добасна
Характарыстыка
Даўжыня 81 км
Басейн 874 км²
Вадацёк
Выток Скачок
 • Каардынаты 53°21′54″ пн. ш. 29°37′14″ у. д.HGЯO
Вусце Дняпро
 • Каардынаты 52°51′00″ пн. ш. 30°03′47″ у. д.HGЯO
Размяшчэнне
Водная сістэма Дняпро → Чорнае мора

Краіна
Рэгіёны Магілёўская вобласць, Гомельская вобласць
Раёны Кіраўскі раён, Рагачоўскі раён, Жлобінскі раён
physical
Добасна
Добасна
physical
выток
выток
вусце
вусце
— выток, — вусце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Добасна, Дабасна, Дабосна, Добысна, Дубосьня — рака ў Кіраўскім раёне Магілёўскай вобласці, Рагачоўскім і Жлобінскім раёнах Гомельскай вобласці Беларусі, правы прыток ракі Дняпро.

На думку А. Рогалева, першая частка гідроніма Доб(а)- звязана з даўнім індаеўрапейскім коранем у значэнні «глыбокі, нізінны», «упадзіна». Другі каранёвы элемент -сн- супастаўляецца з фактамі інда-іранскіх моў, у якіх указвае на цякучыя воды. Такім чынам, гідронім Добасна разумеўся як «глыбокая цякучая вада»[1].

Паводле У. Тапарова, назва ракі Добасна, можа быць, звязана з балцкім *dub-, нярэдкім у гідраніміі. Варыяцыя ў корані Даб- / Дуб- суадносная з варыяцыяй у літоўскім daburys, duburys «рачны вір (паглыбленае, „увагнутае“ месца)», якія звязаныя з dubti «ўгінацца» і далей з індаеўрапейскім *dheu-b- з семантыкай паглыблення, глыбіні[2][3]. Назва матываваная асаблівасцямі рэчышча (яго глыбіні) азначала «глыбокая (рака)».

Варыянт гэтага кораня *dheu-p- у назве прыпяцкай ракі Дуполка (прыток Пцічы)[4]. З коранем Dub- літоўскія гідронімы тыпу Dubė, Dubis, Dubija, Dubinga, Dubysa. Гідронімы Dabinta, Dabinčius, Dabotis, Dabulis звязваюцца з doba «яма»[5]. На карысць пярвейшасці назоўнай формы Дубосьня кажа наяўнасць гідроніма Дубасна ў гэтым жа дняпроўскім рэгіёне (прыток Віхры перад Мсціславам).

Балцкім гідранімічны пашыральнік -sn- таксама ў назвах задзвінскага возера Мядзесна, дзвінскай ракі Лужасна, дняпроўскіх рэк Опісна (< *Apesna), Нерасна, Турасна[6]. Гэты пашыральнік прысутны і ў літоўскім назва- і словаўтварэнні: upė «рака» — upėsnis «рачулка; месца, дзе цекла рэчка або дзе рэчка ўцякае ў возера»[7].

Даўжыня 81 км. Плошча вадазбору 874 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,6 м/км.

Пачынаецца каля пасёлка Скачок Кіраўскага раёна, вусце на паўднёвай ускраіне горада Жлобін. Цячэ ў межах паўночнай часткі Гомельскага Палесся. Даліна ў высокай плыні невыразная, ніжэй трапецападобная, шырынёй 700—900 м. Абалона двухбаковая, яе шырыня 200—300 м. Рэчышча каналізаванае амаль на ўсім працягу. Шырыня ракі ў межань 5—15 м. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў пачатку 3-й дэкады снежня, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,8 м. Замярзае ў сярэдзіне снежня, крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Веснавы ледаход 3—5 дзён.

У басейне ракі вадасховішча Скрыпліца.

  1. А. Ф. Рогалеў. Родныя назвы (тапанімія Жлобінскага раёна) // Святло каштоўнасцей духоўных. Жлобінскі край: мінулае і сучаснасць. Гомель, 2009. С. 137-184.
  2. J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 267—268.
  3. В. Н. Топоров. Прусский язык. A-D. Москва, 1975. С. 294—295.
  4. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 186.
  5. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 78, 93.
  6. В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 198.
  7. P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 291—292.
  • Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.