Мікалай Нікандравіч Талерка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мікалай Нікандравіч Талерка
Род дзейнасці педагог, дзеяч культуры, грамадскі дзеяч, паэт
Дата нараджэння 4 (16) снежня 1898
Месца нараджэння
Дата смерці 3 красавіка 1984(1984-04-03) (85 гадоў)
Месца смерці
Альма-матар
Член у

Мікалай (Мікола) Нікандравіч Талерка (4 (17) снежня 1898, мяст. Дагда, Дрысенскі павет, Віцебская губерня, цяпер Латвія — 3 красавіка 1984, Даўгаўпілс, ЛатССР) — беларускі педагог, культурна-грамадскі дзеяч, паэт.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў сям’і чыгуначнага службоўца 4 (17) снежня 1898 г. у мястэчку Дагда Дрысенскага павета Віцебскай губерні. Пасля сканчэння Лівенгофскага вышэйшага паштовага вучылішча (1916) служыў тэлефаністам у дзеючай арміі Заходняга фронту. З 1917 па 1920 гг. працаваў паштовым работнікам на чыгуначнай станцыі Бальбінава (Індра). Вершы і прозу пачаў пісаць у 15-гадовым узросце. Адзін з першых яго вершаў «Прощание» («Развітанне») быў надрукаваны ў газеце Смаленскай акругі «Голос» 7 лістапада 1918 г[1]. Пад многімі творамі на рускай мове пазначана месца іх напісання: Дагда, Лівенгоф (Ліваны), Дрыса, Браслаў, Бальбінова, Юльянова, Белае[2].

У 1920 г. М. Талерка быў прызваны на службу ў латвійскую армію бібліятэкарам Відземскага артпалка[1].

Па заканчэнні ваенных дзеянняў у 1921—1922 гг. М. Талерка праслухаў поўны курс Дзяржаўных беларускіх настаўніцкіх курсаў у Дзвінску (суч. Даўгаўпілс). 1 кастрычніка 1922 г. быў прызначаны на пасаду настаўніка ў Шнёкаўскую школу, у якой прапрацаваў да восені 1925 г. З гэтага часу яна стала ператварацца ў латышскую і М. Талерка быў пераведзены ў Келаўскую, затым у Кузьмінаўскую, а потым у Вайцюлеўскую беларускую пачатковую школу[1].

У сакавіку 1924 г. разам з К. Езавітавам і іншымі беларускімі настаўнікамі Талерка быў арыштаваны палітычнай паліцыяй Латвійскай Рэспублікі па падазрэнні ў нядобранадзейнасці, што вылілася ў т.зв. «беларускі працэс» (следства па справе доўжылася больш за год). Падсудныя вінаваціліся ў падтрымцы сувязяў з існуючымі за мяжой беларускімі таварыствамі; агітацыі супраць латвійскай улады; распаўсюджванні геаграфічных карт, дзе частка тэрыторыі Латвіі была ўключана ў склад Беларусі. Аднак Мікалай Талерка і яшчэ некалькі настаўнікаў былі судом адпушчаны пад падпіску аб нявыяздзе і працягнулі настаўнічаць далей. А 22 снежня 1924 г. яны цалкам былі апраўданы з прычыны адсутнасці доказаў. Над астатнімі суд адбыўся ў пачатку красавіка 1925 г[1].

У 1924—1927 гг. Мікалай Талерка наведваў чатырохгадовыя агульнаадукацыйныя летнія настаўніцкія курсы пры Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. Паралельна з імі ў 1925—1926 гг. скончыў сельскагаспадарчыя курсы ў Дзвінску. Пасля ён ахвотна дзяліўся атрыманымі ведамі з мясцовымі сялянамі, даючы ім саветы па эканомным гаспадаранні[1].

У 1925—1935 гг. М. Талерка актыўна друкаваўся ў беларускай прэсе Латвіі, дзе размяшчаў нататкі, допісы, фальклорныя запісы, вершы (вядома каля трыццаці псеўданімаў). Часопіс «Беларуская школа ў Латвіі» ў лютым 1927 г. паведамляў, што М. Талерка выпусціў першы друкаваны на пішучай машынцы зборнік сваіх вершаў пад назовам «Адгукі Сяродкі». Рэцэнзуючы 26 змешчаных там вершаў, рэдактар часопіса так ацэньваў іх[2]:

" Матывы высокаграмадзянскія пераплятаюцца ў М. Талеркі… з матывамі асабістых перажыванняў. I ў тых, і ў другіх вершах малады паэта шчыра вылівае свае пачуццё і думку. Піша ён заўсёды з натуры, адгукваючыся на запраўдныя рэальныя здарэнні. Элемент фантастычнасці, прыдуманасці і штучнасці ў аўтара адсутны. У гэтай шчырасці пачуццяў і адгукаў на штодэённае жыццё галоўная адзнака творчасці М. Талеркі "

З «Адгукаў Сяродкі» толькі шэсць твораў былі надрукаваны ў калектыўным зборніку вершаў гуртка маладых беларускіх паэтаў «Першы крок» (Рыга, 1926)[2].

У перыяд з 1921 г. па 1934 г. дзейнічала Таварыства беларускіх вучыцялёў і Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства, актыўным сябрам якіх быў і Мікалай Талерка. Матэрыялы пра дзейнасць гэтых таварыстваў друкаваліся ў газеце «Голас беларуса» і часопісе «Беларуская школа ў Латвіі»[1].

У 1932 г. М. Талерка быў звольнены са школы як палітычна нядобранадзейны настаўнік. Як ён сам успамінаў у сваёй аўтабіяграфіі, за ўсю настаўніцкую дзейнасць часта пераследваўся паліцыяй «буржуазнай Латвіі», перажыў 3 арышты і 8 вобыскаў[1].

Мікалай Талерка сам спраектаваў і пабудаваў дом у Індры, стварыў сад. Яго ўласная хутарская сядзіба, як узорная, у 1937 г. была адзначана ўрадавай узнагародай. Паводле слоў Яніны Гекішы, былой вучаніцы Талеркі, «свой дом ён ператварыў у нешта падобнае да музея з найбагацейшай прыватнай калекцыяй: тут былі геральдыка, мінералы, старадаўнія этнаграфічныя прадметы і многае іншае, якое апавядала пра латгальскі ўклад, гісторыю края. А паколькі ён выкладаў дзецям біялогію і геаграфію, то музей служыў чымсьці накшталт навочнага дапаможніка». У яго была велізарная бібліятэка, у якой налічвалася больш за 5 тысяч тамоў[1].

Апошні раз вобыск і арышт Мікалая Талерка адбыўся ў час наступу савецкіх войскаў у Заходняй Беларусі 22 верасня 1939 г. У 1940 г. з прыходам у Латвію Чырвонай Арміі ён ізноў быў прызначаны на пасаду настаўніка ў Індры. У школе стварыў кружок краязнаўства, залучаў у яго навучэнцаў, пісаў карэспандэнцыі ў розныя беларускія газеты, публікаваў у прэсе свае вершы[1].

Дзіцячая беларуская трупа, арганізаваная М. Талеркам у Індры, сфатаграфавана ў п’есе «Цар Максіміліян»

На працягу ўсяго жыцця Мікалай Талерка вельмі любіў тэатр, актыўна працаваў як рэжысёр, ставіў спектаклі з удзелам мясцовай моладзі. У Індры, напрыклад, арганізаваў дзіцячую беларускую трупу. Напрыклад, адной з пастановак была п’еса «Цар Максіміліян». Разам з каталіцкім святаром Уладзіславам Літаўніекам ён стварыў у парафіі драматычны калектыў і паставіў п’есу Р. Блаўманіса «Блудны сын»[1].

Акрамя гэтага, М. Талерка быў яшчэ і калекцыянерам. Сабраў найрэдкую калекцыю пёраў для пісьма. Калекцыянаваў старадаўнія рэчы. У яго зборы можна было знайсці каменныя сякеры (у XVII ст. такімі сякерамі валілі лес), трубку для курэння тытуню (знаходзіцца ва ўнука Ігара Талеркі). Падчас нямецкай акупацыі ў салдатаў на ежу ён вымяняў невялікія егіпецкія вазы, якія тыя выкарыстоўвалі ў якасці мішэняў пры практыкаваннях у стральбе. Адна з такіх ваз захавалася і дагэтуль (знаходзіцца ў сям’і ўнука)[1].

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны да выхаду на пенсію ў 1960 г. Мікалай Талерка працаваў у Індры настаўнікам малодшых класаў рускай школы. Для старшакласнікаў арганізаваў драмгурток, дзе ставілі п’есы рускіх драматургаў-класікаў. Ва ўспамінах Э. Вайвадзіша, калегі Талеркі, згадваецца, што ён меў схільнасць да культурна-асветніцкай работы, ладзіў спектаклі, развіваў школьную самадзейнасць. Са спектаклямі аб’ездзіў усю Латгалію[1].

Мікалай Талерка вельмі любіў насіць вышытыя беларускім арнаментам кашулі. Вучаніца Яніна Гекіша ўспамінала[1]:

" Знешняе аблічча настаўніка было падкрэслена славянскім, дакладней беларускім: свабодная кашуля з вышываным стаячым каўняром, падперазаная доўгім даматканым поясам. Выглядаў такі ўбор самабытна і разам з тым элегантна, тым больш што кашулі былі рознага колеру. А давяршала вобраз настаўніка нязменна добрая ўсмешка. "

Мікалай Талерка збіраў фальклор беларусаў Латгаліі, займаўся археалогіяй, нумізматыкай, філатэліяй, «быў паэтам, рэжысёрам, прыродазнаўцам, адукаваным і ўмелым сельскім гаспадаром». Яшчэ адзін яго талент раскрыўся ў фатаграфіі. Фотаздымкамі М. Талеркі аздабляліся беларускія і латышскія выданні[1]. У апошнія гады жыцця цалкам аддаўся жывапіснай творчасці. У спадчыне М. Талеркі многа алейных работ, прысвечаных прыродзе роднай Латгаліі[2].

Памёр Мікалай Талерка 3 сакавіка 1984 г[1]. Частку архіва бацькі перадаў Беларускаму дзяржаўнаму архіву-музею літаратуры і мастацтва яго сын Дзмітрый. Вялікая калекцыя шкляных фотанегатываў прапала[2].

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

22 снежня 1998 г. Таварыства «Беларусь—Латвія» адзначыла ў Мінску 100-гадовы юбілей паэта і педагога. Да гэтай нагоды ў Даўгаўпілсе сябрамі Беларускага таварыства «Уздым» выдадзены паштовы канверт з партрэтам М. Талеркі[2].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о О. Шидловская. Николай Талерко — белорусский самородок Латгалии // Латыши и белорусы: вместе сквозь века
  2. а б в г д е Мікола Талерка // Крывіцкія руны: Беларускія пісьменнікі Латвіі / Укл. i прадм. С. Панізьніка. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2003. — 340 с. — ISBN 985-6730-29-5.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]