Мікалай Цітавіч Пятроў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Мікалай Цітавіч Пятроў
Дата нараджэння 17 снежня 1892(1892-12-17)
Месца нараджэння
Дата смерці 11 снежня 1954(1954-12-11) (61 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці хірург, выкладчык універсітэта, загадчык кафедры
Месца працы
Навуковая ступень доктар медыцынскіх навук
Узнагароды і прэміі
ордэн Чырвонага Сцяга ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга ордэн Чырвонай Зоркі Ордэн «Знак Пашаны» медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.» медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»

Мікалай Цітавіч Пятроў (18921954) — беларускі савецкі хірург, заслужаны дзеяч навукі БССР, заслужаны ўрач БССР.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Магіла Пятрова на Вайсковых могілках Мінска.

Мікалай Пятроў нарадзіўся 19 снежня 1892 года ў Санкт-Пецярбургу. У 1910 годзе ён скончыў гімназію, у 1915 годзе — Ваенна-медыцынскую акадэмію. Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, будучы ардынатарам ваенна-палявога шпіталя на Заходнім фронце. У 1918 годзе пайшоў на службу ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію, удзельнічаў у баях Грамадзянскай вайны[1].

Пасля дэмабілізацыі ў 1921 годзе Пятроў пераехаў у Беларусь і ўладкаваўся на працу ардынатарам Віцебскай гарадской бальніцы імя М. І. Калініна. З 1928 года ён узначальваў хірургічнае аддзяленне Віцебскай дзіцячай бальніцы, а з 1934 года быў асістэнтам кафедры Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. Пад кіраўніцтвам Пятрова была створана Віцебская абласная станцыя пералівання крыві, пачаты прыём хворых касцявым туберкулёзам у Віцебскім туберкулёзным дыспансеры. Вучыўся методыцы аперацый на галаўным і спінным мозгу ў Мікалая Бурдэнкі, пасля чаго першым у Віцебску пачаў іх праводзіць. З 1935 года дацэнт Мікалай Пятроў загадваў кафедрай агульнай хірургіі Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. У 1937 годзе ён абараніў кандыдацкую, а ў 1940 годзе — доктарскую дысертацыі, а ў 1941 годзе быў зацверджаны на пасадзе прафесара[1].

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Пятроў быў адпраўлены ў эвакуацыю на Урал, працаваў прафесарам на кафедры факультэцкай хірургіі Свярдлоўскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. Займаўся лячэбнай, прафілактычнай і кансультацыйнай дзейнасцю ў ваенных шпіталях[1].

Калі ў канцы 1943 года ў Яраслаўлі быў адноўлены Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, Пятроў узначаліў у ім кафедру факультэцкай хірургіі. З восені 1944 года інстытут базіраваўся ў Мінску[1].

Пад кіраўніцтвам Пятрова была створана ўзорная клінічная хірургічная база інстытута, абаронены чатыры кандыдацкія дысертацыі. З’яўляўся аўтарам больш за 30 навуковых работ у галіне хірургіі. Будучы практыкуючым хірургам, Пятроў прапанаваў некалькі прагрэсіўных удасканаленняў хірургічных аперацый на страўніку і пры нагнаеннях канечнасцяў, што дазволіла знізіць колькасць ускладненняў і смяротнасць аперацый[1].

З 1944 года Пятроў займаў пасаду прарэктара па навукова-вучэбнай рабоце Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута. У якасці прадстаўніка Беларускай ССР удзельнічаў у рабоце I Асамблеі Сусветнай Арганізацыі аховы Здароўя пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Памёр 19 снежня 1954 года[1], пахаваны на Вайсковых могілках Мінска.

Заслужаны ўрач Беларускай ССР (1948), Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1949). Быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», двума медалямі[1].

Зноскі