Перайсці да зместу

Навагрэчаская мова

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Навагрэ́чаская мова (грэч. Νεοελληνική γλώσσα) — абагульняючае назва для ўсіх дыялектаў, што выкарыстоўваюцца на сучасным этапе развіцця грэчаскай мовы.

Пачатак навагрэчаскага гістарычнага перыяду ўмоўна адлічваецца ад падзення Візантыйскай імперыі 1453 года, хоць дагэтуль не вызначана менавіта лінгвістычная мяжа, паколькі шмат моўных асаблівасцей, уласцівых навагрэчаскай мелі месца нават ў 3 стагоддзі да н.э.[1]

На працягу перважнай большасці гэтага перыяду грэчаская мова развівалася ва ўмовах дыглосіі, а таксама выкарыстання розных рэгіянальных дыялектаў. У прыватнасці, на працягу XIX і XX стагоддзяў адбывалася змаганне паміж народнай формай мовы дымотыкай і літаратурнай, а па сутнасці архаічнай, кафарэвусай. Сучасны стандарт грэчаскай мовы, заснаваны на дымотыцы, з’яўляецца афіцыйнай мовай Грэцыі і Кіпра.

Навагрэчаская мова з’яўляецца незалежнай галіной індаеўрапейскіх моў. Усе сучасныя формы і мясцовыя дыялекты навагрэчаскай, акрамя цаконскага, з’яўляюцца нашчадкамі кайнэ, якое было ва ўжытку ў канцы антычнай эпохі. Такім чынам усе яны могуць быць класіфікаваны як нашчадкі атычнай грэчаскай мовы — дыялекта, на якім размаўлялі жыхары Афін і іх наваколляў у класічную эпоху. Цаконскі дыялект, ізаляваны дыялект, які выкарыстоўваецца цяпер толькі невялікай суполкай Пелапанеса, з’яўляецца нашчадкам старажытнага дарычнага дыялекта. Некаторыя іншыя дыялекты захавалі элементы розных старажытных неатычных дыялектаў, аднак менавіта атычнае кайнэ лічыцца большасцю навукоўцаў галоўнай крыніца ўсіх з іх.

Усяго ў свеце налічваецца каля 14-17 млн грэкамоўных, якія галоўным чынам пражываюць у Грэцыі і на Кіпры, а таксама гэта этнічныя меншасці і імігранцкія абшчыны ў многіх іншых краінах свету. Існуюць таксама традыцыйныя грэчаскія паселішчы ў суседніх краінах: Албаніі, Балгарыі і Турцыі, шэрагу краін чарнаморскага ўзбярэжжа: Украіне, Расіі, Грузіі, Арменіі, — а таксама Міжземнамор’я: на поўдні Італіі, у Ізраілі, Егіпце. На навагрэчаскай мове таксама размаўляюць эмігранцкія суполкі ў многіх краінах Заходняй Еўропы, Паўночнай Амерыкі, Аўстраліі, а таксама ў Аргенціне, Бразіліі і іншых краінах. Навагрэчаская таксама выступае мовай нацыянальных меншасцей у Сербіі, Албаніі, Балгарыі і Румыніі.

Грэчаская мова мае статус афіцыйнай мовы ў Грэцыі, дзе на ёй размаўляе каля 99,5 % ад агульнай колькасці насельніцтва. Акрамя таго, грэчаская мова, нароўні з турэцкай з’яўляецца афіцыйнай мовай Кіпра. Паколькі Грэцыя з’яўляецца членам Еўрапейскага Саюза, грэчаская з’яўляецца адной з 23 афіцыйных моў ЕС. Грэчаская афіцыйна прызнана ў якасці мовы нацыянальных меншасцей у некалькіх раёнах Турцыі, Італіі і Албаніі.

Зноскі

  1. Encyclopedia of Modern Greek Literature By Bruce Merry