Норфалкская сістэма севазвароту

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Схема Норфалкскага севазвароту

Норфалкская сістэма — чатырохпольная форма севазвароту.

Норфалкская сістэма сфарміравалася на працягу XVIXVIII стст. У XVIII — XIX стст. адыграла важную ролю ў замене традыцыйных для Еўропы двухполля і трохполля на болей эфектыўныя формы арганізацыі сельскай гаспадаркі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Чатырохпольны севазварот узнік у канцы позняга сярэднявечча і першапачаткова развіваўся ў Фландрыі[1], дзе павелічэнне насельніцтва і рост эканомікі патрабавалі большай эфектыўнасці сельскай гаспадаркі, чым давала традыцыйнае трохполле. Пашырэнне чатырохполля ў немалой ступені было вызначана малым ледавіковым перыядам, калі прахалодны клімат зрабіў вырошчванне збожжавых культур рызыкоўным. Сельскагаспадарчыя вытворцы павінны былі дыверсіфікаваць асартымент вырошчваемых культур, сеяць болей устойлівыя да прахалоды карняплоды і канюшыну, якія да таго ж з’яўляліся важнымі кармавымі культурамі.

У XVII — XVIII стст. у Англіі адбывалася ліквідацыя сістэмы «адкрытых палеткаў», падобнай на цераспалосіцу. Павелічэнне колькасці буйных гаспадарак з суцэльнымі надзеламі садзейнічала зменам агратэхнікі, у прыватнасці перайманню чатырохпольнага севазвароту. Сваю назву Норфалкскі севазварот атрымаў дзякуючы працам брытанскага землеўладальніка Томаса Коўка (17541842 гг.) з Норфалку[2], які актыўна прапагандаваў чатырохполле.

У тым выглядзе, якой яе апісваў Т. Коўк і яго паслядоўнікі, нарфалкская сістэма ўяўлялася наступным чынам: ворныя землі кожнага маёнтку падзяляліся на 4 надзелы, паміж якімі адбывалася штогадовая ратацыя сельскагаспадарчых культур. На кожным полі ў першы год вырошчвалі збожжавыя культуры, галоўным чынам азімую пшаніцу або яравы ячмень, на другі — рэпу, на трэці — канюшыну, на чацвёрты поле заставалася папарным. Кожная з культур мела ўласцівыя для яе патрабаванні пажыўных рэчываў. Вырошчванне канюшыны садзейнічала насычэнню верхняга пласту глебы нітратамі. У 16601739 гг. плошча пасеваў рэпы і канюшыны не перавышала 9 % ад усіх ворыўных зямель, а ў 1836 г. склала 49 %, што супадае са значным павелічэннем ураджайнасці збожжавых[3]. Адначасова скарачалася плошча папарнага ворыва. Пашырэнне ўжывання ўгнаенняў дазволіла наогул адмовіцца ад папару на карысць ратацыі азімых і яравых збожжавых культур. Так, у 1700 г. у Англіі папарныя землі складалі каля 20 % ад усіх апрацоўваемых, а ў 1900 г. — толькі каля 4 %[4].

Ужо ў канцы XVIII ст. відавочныя перавагі Норфалкскай сістэмы абмяркоўваліся за межамі Англіі. Яе ўкараненне на новых тэрыторыях часцяком патрабавала прыстасавання да мясцовых умоў. Так, у Шатландыі ў чатырохгадовую ратацыю быў ўведзены авёс. На захадзе ЗШАсоя і кукуруза. Важным наступствам пашырэння Норфалкскай сістэмы было тое, што яна яскрава дэманстравала плён шматполля для развіцця сельскай гаспадаркі. На працягу XIX ст. і XX ст. з'явіліся формы севазвароту, што прадугледжвалі наяўнасць болей, чым 4 палеткаў. Тым не меней, Норфалкская сістэма не губляе сваю актуальнасць і выкарыстоўваецца сельскагаспадарчымі вытворцамі.

Перавагі[правіць | правіць зыходнік]

У параўнанні з двухполлем і трохполлем, формамі севазвароту, што панавалі да другой паловы XVIII ст., Норфалкскі севазварот меў істотныя перавагі. Дзякуючы болей працягламу цыклу ратацыі і даданню новых культур ён зніжаў рызыку знясілення глебы на стала апрацоўваемых палетках. Канюшына і іншыя бабовыя фіксавалі ў глебе азот і павышалі яе ўрадлівасць. Рэпа або іншыя карняплоды, уключаныя ў севазварот, парушылі жыццёвы цыкл пустазелля і шкоднікаў, скарачалі іх папуляцыю, рабілі глебу болей друзлай. У выніку, выкарыстанне бабовых і карняплодаў садзейнічала павышэнню ўраджайнасці збожжавых культур[5], якія займалі істотнае месца ў харчаванні людзей той пары. Норфалкская сістэма працягвала традыцыю інтэграцыі земляробства і жывёлагадоўлі, забяспечвала якасную кармавую базу для свойскай жывёлы ў перыяд стойлавага ўтрымання. Гной свойскай жывёлы з'яўляўся адным з асноўных угнаенняў, што ўжываліся сельскагаспадарчымі вытворцамі.

Недахопы[правіць | правіць зыходнік]

Строгае захаванне паслядоўнасці ў ратацыі культур абмяжоўвала магчымасці сельскагаспадарчых вытворцаў хутка рэагаваць на запатрабаванні рынку і да змен у надвор'і. Яўным недахопам Норфалкскай сістэмы было тое, што яна сфарміравалася ў рэгіёне, дзе меліся буйныя маёнткі і развівалася гаспадарка, накіраваная на вытворчасць збожжа і жывёлагадоўчай прадукцыі, і не заўсёды была прыстасавана да іншых умоў. Для дробных сялянскіх вытворцаў пераход да Норфалкскага севазвароту быў часцей за ўсё стратным[6], паколькі патрабаваў дадатковыя ўкладанні, рабіў гаспадарку болей працаёмкай, але з-за абмежаванасці зямельных рэсурсаў не мог прынесці адмысловыя прыбыткі.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]