Трохполле

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Трохпольны севазварот

Трохполле — форма севазвароту, заснаваная на ратацыі трох палеткаў.

Для трохполля характэрны падзел ворных зямель на буйныя надзелы, адзін з якіх выкарыстоўваецца для пасеву азімых культур, другі — яравых культур, трэці застаецца папарным, што садзейнічае захаванню ўрадлівасці глебы. У пэўных рэгіёнах трохполле магло мець мясцовыя адметнасці з-за наяўнасці дастатковай плошчы ворных зямель, кліматычных, эканамічных і культурных асаблівасцей.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Трохпольны севазварот існаваў ужо ў антычны перыяд, узгадваўся ў працах Катона Цэнзара, Тэрэнцыя Варона і Плінія Старэйшага. У сярэднявеччы яго першасным галоўным цэнтрам развіцця ў VIIIIX стст. стала поўнач Каралінгскай імперыі, дзе хутка расло насельніцтва і пераважала вырошчванне збожжавых.

Хаця пераход да трохполля вызначаўся павышэннем вытворчасці сельскай гаспадаркі, у розных краінах Еўропы ён адбываўся рознымі тэмпамі з-за мясцовых экалагічных, эканамічных і культурных асаблівасцей. Трохполле найбольш падыходзіла ў першую чаргу для рэгіёнаў, дзе былі буйныя стала апрацоўваемыя ўчасткі глебы, што патрабавалі аднаўлення ўрадлівасці, перавага аддавалася збожжавым і крупяным культурам, меліся магчымасці для вырошчвання азімых. Гэтыя характарыстыкі найболей адпавядалі эканамічна развітым раёнам паўночнай і цэнтральнай Францыі, заходняй Германіі, паўднёвай Англіі і Нідэрландаў. Там трохполле атрымала шырокае распаўсюджанне да канца высокага сярэднявечча.

У краінах Паўночнай і Усходняй Еўропы пераход да трохполля доўгі час стрымліваўся вялікай плошчай лясоў і лугоў, якія дазвалялі лядны спосаб апрацоўкі зямлі або развіццё жывёлагадоўлі. У Швецыі трохпольны севазварот пашырыўся толькі ў XIIIXVI стст. На тэрыторыі Беларусі ён атрымаў перавагу пасля валочнай памеры. У міжземнаморскіх рэгіёнах трохполле не здолела трывала замацавацца з-за неадпаведнасці кліматычным і гаспадарчым умовам.

З пачаткам Новага часу трохполле паступова саступала месца чатырохполлю і іншым формам шматполля, якія дазвалялі скарачаць папар і адначасова выкарыстоўваць большыя плошчы апрацоўваемай зямлі. На Беларусі трохпольная сістэма сустракалася яшчэ ў першай трэці XX ст.

Асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Падобна іншым формам севазвароту, трохполле было накіравана на захаванне і павышэнне прадукцыйнасці ворных зямель. Падзел на тры палеткі з вылучэннем абавязковага папару дазваляў аптымізаваць нагрузку на ворыва. Выкарыстанне бабовых культур на яравым надзеле садзейнічала павышэнню ўтрымання ў глебе азоту. Такім чынам землекарыстальнікі пазбягалі знясілення палеткаў і занядбання раней апрацаваных зямель на доўгія гады, што было нормай, напрыклад, для ляднай сістэмы.

Аднак трохполле мела пэўныя недахопы, што ў выніку прывяло да адмовы ад яго на карысць болей эфектыўнага севазвароту. Сярод найбольш яўных недахопаў былі наступныя:

  • Каля траціны ворыва заставалася папарным, не давала ўраджаю, хаця апрацоўвалася.
  • Укараненне трохполля патрабавала калектыўных намаганняў усёй абшчыны землекарыстальнікаў, паколькі тэрміны і выкананне севазвароту мелі вырашальнае значэнне. Канкрэтныя гаспадаркі пры гэтым гублялі частку сваёй самастойнасці.
  • Трохполле абмяжоўвала колькасць вырошчваемых культур і дыверсіфікацыю сельскагаспадарчай прадукцыі, прыводзіла да накаплення хвароб раслін і шкоднікаў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]