Нурыстанскія мовы
нурыстанская група | |
---|---|
Таксон | група |
Арэал | усход Афганістана, паўночны захад Пакістана |
Колькасць носьбітаў | каля 130 тыс. |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
|
|
Склад | |
паўднёвакафірская, паўночнакафірская падгрупы |
|
Коды моўнай групы | |
ISO 639-2 | — |
ISO 639-5 | — |

Нурыста́нскія мовы (таксама кафі́рскія) — адна з трох груп моў індаіранскае галіны індаеўрапейскае моўнае сям'і, разам з індаарыйскай ды іранскай групамі ўтварае індаіранскую галіну моў[1][2][3]. На нурыстанскіх мовах гаворыць каля 130 тыс. чал., якія жывуць галоўным чынам на ўсходзе Афганістана (аднайменная правінцыя Нурыстан і суседняя правінцыя Кунар) і ў некалькіх суседніх далінах паўночна-заходняга Пакістана (акруга Чытрал правінцыі Хайбер-Пахтунхва).
Адзначаюцца запазычанні не-індаеўрапейскага паходжання з геаграфічна блізкай мовы бурушаскі. Значная частка носьбітаў нурыстанскіх моў з'яўляецца білінгвамі або мультылінгвамі, валодаючы пушту або пушту і дары — мясцовымі лінгва-франка і дзяржаўнымі мовамі Афганістана, якія аказваюць на нурыстанскія мовы значны адстратны ўплыў.
Класіфікацыя
[правіць | правіць зыходнік]Да нурыстанскіх моў традыцыйна прынята адносіць ад чатырох да шасці моў. Усе яны, як правіла, маюць адносна невялікую колькасць носьбітаў, кожныя з якой жывуць у асобнай ізаляванай даліне Гіндукуша — мясцовай горнай сістэмы. Колькасць моў можа вагацца ў залежнасці ад інтэрпрэтацыі якой-небудзь з моў як дыялекту ці наадварот. Усе мовы нурыстанскай групы падзяляюцца на дзве падгрупы:
- Паўднёвакафірская:
- Ашкун (або ашкуну). Распаўсюджаная ў некалькіх раёнах Нурыстана, мае колькасць носьбітаў каля 40 тыс. чал., з якіх прыкладна 4000 аднамоўныя[4];
- Каці (або камката-віры). Распаўсюджаная ў Афганістане і Пакістане, распадаецца на параўнальна вялікую колькасць дыялектаў. Колькасць носьбітаў — каля 18 700 чалавек з 110 тыс чал. этнаса[5];
- Трэгамі — носьбіты пражываюць у некалькіх мясцовасцях Нурыстана, разам налічваючы 3500 чалавек з 3500 этнаса, з якіх 700 чалавек аднамоўныя[6];
- Вайгалі (або калаша-ала) — мова, распаўсюджаная на паўднёвым усходзе Нурыстана, а таксама ў правінцыі Кунар. Колькасць носьбітаў — 11500 чалавек з 11500 этнаса, з іх каля 2300 чалавек аднамоўныя[7];
- Земіякі. Часам лічыцца дыялектам вайгалі, колькасць носьбітаў — каля пяці соцень чалавек[8].
- Паўночнакафірская:
- Прасун (або васі-вары). Носьбіты пражываюць у некалькіх далінах Нурыстана, колькасць носьбітаў — 8000 чалавек з 8000 этнаса[9]. Дэманструе большую розніцу і архаічныя рысы ў параўнанні з іншымі нурыстанскімі.
У літаратуры мовы і іх дыялекты звычайна называюцца па назвах мясцовасцей, рэк або далін, часта ў тым варыянце, які ўжываецца пуштунамі, суседзямі нурыстанцаў. Пры гэтым носьбіты нурыстанскіх моў называюць сябе найперш племяннымі назвамі, якія не заўсёды супадаюць з назвамі моў. Мовы, якія распаўсюдзіліся з уласнай лакальнай даліны, распадаюцца на адпаведныя дыялекты (так, напрыклад, вылучылася мова трэгамі). Значную экспансію зведала мова каці, якая пашырылася ў некалькіх далінах на поўначы Нурыстана і, верагодна, істотна скараціла арэал мовы прасун. За цяперашнім часам каці — вядучая нурыстанская мова, мясцовая мова міжнацыяльных зносін, выкарыстоўваецца для некаторых радыёперадач Нурыстана. Нягледзячы на тое, што Парун (Прасун) быў рэлігійным цэнтрам паўночнага Нурыстана ў часы язычніцтва, а па прыняцці ісламу збольшага захоўвае гэтую ролю, прасунцы звычайна вучаць мову каці, але не наадварот.
У нурыстанскіх мовах прасочваецца значнае арэальнае падабенства з дардскімі і усходнеіранскімі мовамі Гіндукуша, уваходзячы разам з імі ў цэнтральнаазіяцкі моўны саюз (тэрмін моўны саюз звычайна абазначае не мовы адной галіны ці групы, а проста геаграфічна блізкія мовы, якія гістарычна аказалі адна на адну пэўны ўплыў), гэтае падабенства ў значнай ступені падмацоўваецца агульнымі з імі субстратам. З субстратным пытаннем непасрэдна звязана праблема класіфікацыі мовы дамелі, якая спалучае як нурыстанскія, так і дардскія рысы; нурыстанскі субстрат таксама ёсць у дардскай мове калаша.
Асноўныя рысы
[правіць | правіць зыходнік]Фанетыка, фаналогія
[правіць | правіць зыходнік]Для складу галосных характэрная наяўнасць галосных сярэдняга рада (ы, ɨ, ə). Сярод зычных адсутнічае карэляцыя па прыдыхальнасці, але шырока развіта карэляцыя па рэтрафлекснасці (рэтрафлексныя зычныя — зычныя, пры вымаўленні якіх кончык языка ўздымаецца да цвёрдага нёба і трохі загінаецца назад). Яна ахоплівае змычныя, афрыкаты, шыпячыя і дрыжачыя. Маюцца адна- і двуфокусныя афрыкаты: c — č, ʒ — ǰ.
Марфалогія
[правіць | правіць зыходнік]Для марфалогіі ўласцівыя два роды (мужчынскі ды жаночы, выяўляюцца ў дапасаванні з азначэннямі і некаторымі дзеяслоўнымі формамі), два лікі (выражаюцца ў паказчыках ускоснага склону або зборнымі суфіксамі), асаблівая сістэма злічэння (заснаваная на ліку 20), асаблівая склонавая сістэма (ад двух да чатырох склонаў, дапаўняюцца паслялогамі), энклітычныя займеннікі (у прасуне — у прэпазіцыі), спалучэнне флектыўных і аналітычных форм у дзеяслове, развітая сістэма прыдзеяслоўных і іншых прыслоўных часціц з функцыяй прасторавай арыентацыі ў горнай мясцовасці.
Сінтаксіс
[правіць | правіць зыходнік]Большасць нурыстанскіх моў, як і пераважная частка індаіранскіх, маюць у сказе парадак слоў па схеме SOV (дзейнік-дапаўненне-выказнік). Акрамя гэтага, сінтаксісу характэрны эргатыўны або эргатывападобны тып сказа з пераходным дзеясловам у мінулым часе (акрамя старажытнага імперфекта), і намінатыўны — у цяперашнім часе, як у непераходных ва ўсіх часах.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню нурыстанскія мовы былі апісаныя ў даследчай літаратуры у канцы ХІХ ст. Раней рэгіён распаўсюджання нурыстанскіх моў быў вядомы як Кафірыстан (літаральна «краіна няверных»), што было звязана з прыняццем нурыстанцамі ісламу толькі ў канцы ХІХ ст. у адрозненне ад іх суседзяў пуштунаў. Дзякуючы найменню Кафірыстан мовы, распаўсюджаныя ў рэгіёне, згадваліся ў навуковай літаратуры як кафірскія, але гэты тэрмін саступіў тэрміну нурыстанскія, бо пасля пераварачэння рэгіёна ў іслам ён атрымаў назву Нурыстан (літаральна «краіна свету, веры»).
Нурыстанцы (нурыстанскія народы) здаўна не мелі агульнае саманазвы з прычыны існавання ў асяроддзі гэтых народаў архаічнай племянной структуры. Агульная самасвядомасць засноўвалася на рэлігійных язычніцкіх саюзах, а па ўзрастанні ціску суседніх ісламскіх народаў — дадаткова і на супрацьпастаўленні сябе мусульманам як ворагам і аб'ектам набегаў.
Існуе прынамсі некалькі поглядаў адносна класіфікацыі нурыстанскіх моў адносна іншых моў індаеўрапейскай сям'і. Напрыклад, нурыстанскія мовы могуць лічыцца асобнай групай у складзе індаіранскай галіны моў, асобнай галіной у складзе індаеўрапейскай сям'і, падгрупай у складзе геаграфічна блізкай дардскай групы або аднымі з індаіранскімі мовамі з дардскім уплывам. У прыватнасці, існуе пэўная тэндэнцыя ў лінгвістыцы, згодна з якой нурыстанская група можа лічыцца асобнай ад індаіранскай галіны, у сувязі з чым індаіранскія і нурыстанскія мовы ўтвараюць арыйскую галіну.
Звесткі пра фарміраванне і развіццё нурыстанскай групы, што ўключае ў сябе выключна лакальныя мовы, якія не мелі пісьмовай традыцыі і не разглядаліся старажытнымі аўтарамі з прычыны іх ізаляцыі, не захаваліся. Гісторыя нурыстанскіх моў можа быць адноўлена толькі на аснове ўнутранага аналізу саміх моў і іх арэальных сувязей. Найбольш адметнымі фанетычнымі рысамі нурыстанскіх моў з'яўляюцца:
- Супадзенне арыйскіх радоў прыдыхальных змычных з непрыдыхальнымі:
- арыйск. *bh, *dh, *gh, *ǰh > нурыст. *b, *d, *g, *ǰ.
- арыйск. *ph, *th, *kh > нурыст. *p, *t, *k.
- Захаванне змычнай артыкуляцыі ў агульнаарыйскіх афрыкатах *ć, *j́, *j́h (рэфлексах сатэмізацыі індаеўрапейскіх палатальных *ḱ *ǵ *ǵh) з пераходам іх у аднафокусныя *с, *ʒ (>*z), а таксама *ḱt > *ćt > *ct > *st.
- Адсутнасць дзеяння правіла RUKI пасля *u (захаванне s), у адрозненне ад уласна індаіранскіх моў, дзе *us > *uš.
Гэтыя прыкметы сведчаць пра супрацьпастаўленне нурыстанскіх іншым арыйскім, а таксама пра тое, што продак нурыстанскіх моў аддзяліўся ад арыйскае сукупнасці яшчэ да распаду яе на праіранскую ды праіндаарыйскую.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Morgenstierne, G. Irano-Dardica. — Wiesbaden, 1973.
- ↑ Morgenstierne, G. Die Stellung der Kafirsprachen. — Irano-Dardica. — Wiesbaden: Reichert, 1975. — С. 327-343.
- ↑ Strand, Richard F. 93 // Notes on the Nûristânî and Dardic Languages. — Journal of the American Oriental Society, 1973. — Т. 1. — С. 297-305.
- ↑ Ashkun | Ethnologue
- ↑ Kati | Ethnologue
- ↑ Tregami | Ethnologue
- ↑ Waigali | Ethnologue
- ↑ А. Л. Грюнберг. Земиаки язык/диалект. — Языки мира: дардские и нуристанские языки. — М.: Индрик, 1999. — С. 123-125.
- ↑ Prasuni | Ethnologue
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Эдельман Д. И. (отв. ред.). Языки мира: Дардские и нуристанские языки. — М., 1999.
- Карл Йеттмар. Религии Гиндукуша (пер. с нем.). — М.: Наука, 1986. — 524 с.
- Decker, Kendall D. Languages of Chitral. — 1992.
- Morgenstierne, Georg. Report on a Linguistic Mission to Afghanistan. Instituttet for Sammenlignende Kulturforskning, Serie C I-2. — Oslo, 1926.
- Jettmar, Karl. Religions of the Hindu Kush. — 1985. — ISBN 0-85668-163-6.
- James P. Mallory. In Search of the Indo-Europeans: Language, Archaeology and Myth. — Thames and Hudson, 1989.
- James P. Mallory & Douglas Q. Adams. Indo-Iranian Languages. — Encyclopedia of Indo-European Culture. — Fitzroy Dearborn, 1997.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Эдельман Д. И. (отв. ред.). Языки мира: Дардские и нуристанские языки. — М., 1999., старонкі 98—10 на партале philology.ru
- Нарыс пра нурыстанскія мовы з расійскага лінгвістычнага энцыклапедычнага слоўніка (руск.)