Перайсці да зместу

Нясвіжскі з’езд кансерватараў (1926)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Нясвіжскі з'езд кансерватараў — з'езд прадстаўнікоў «віленскіх кансерватараў» 25 кастрычніка 1926 у Нясвіжы ў палацы Радзівілаў для сустрэчы з Юзафам Пілсудскім (1867—1935).

Повадам візіта Юзафа Пілсудскага ў Нясвіж было жаданне пасмяротна ўзнагародзіць свайго былога ад'ютанта — маёра князя Станіслава Радзівіла (1880—1920), загінулага ў час польска-савецкай вайны. Прычынай прыезда маршала Юзафа Пілсудскага ў сядзібу Радзівілаў, куды спецыяльна (у ліку каля 200 асоб) з'ехаліся для сустрэчы з Пілсудскім прадстаўнікі «віленскіх кансерватараў», было жаданне Пілсудскага атрымаць саюзнікаў супраць польскіх «эндэкаў» пасля арганізаванага Пілсудскім «майскага пераварота» (1926) і ўхвалу планаў «санацыі»[1]. Ініцыятыва сустрэчы зыходзіла ад Пілсудскага, які прыехаў у Нясвіж на цягніку разам са сваімі новапрызначанымі міністрамі Каралем Незабытоўскім (1865—1952) і Аляксандрам Мяйштовічам (1864—1943), што належалі да кола «віленскіх кансерватараў»[2].

Сабраныя лідары «віленскіх кансерватараў», прадстаўленыя галоўным чынам мясцовымі арыстакратамі і заможнымі маянткоўцамі (з паўночна-усходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай (Польшчы) — былых Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губерняў Расійскай імперыі), надавалі сустрэчы характар з'езду мясцовай арыстакратыі. На сустрэчы прысутнічалі такія значныя лідары «віленскіх кансерватараў» як князь Альбрыхт Радзівіл (1885—1935), князь Януш Радзівіл (1880—1967), князь Яўстах Сапега (1881—1963), граф Ян Тышкевіч (1896—1939), граф Артур Патоцкі, граф Марыян Броель-Плятэр, граф Ежы Чапскі (1861—1930), граф Эмерык Чапскі (1897—1979), Аляксандр Хамінскі (1859—1937), Аляксандр Мяйштовіч (1864—1943), прадстаўнік віленскага архібіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага ксёндз Валерыян Мяйштовіч[3], Людвік Хамінскі (1890—1953), Караль Незабытоўскі (1865—1952), Зыгмунт Даманскі[4] і інш.

Аднак не прыехалі ў Нясвіж запрошаныя Радзівіламі князь Альгерд Чартарыйскі (1888—1977), князь Здзіслаў Любамірскі (1865—1943), сям'я графаў Замойскіх, граф Антоній Юндзіл і інш. Эдвард Вайніловіч (1847—1928) быў запрошаны сваімі добрымі сябрамі нясвіжскімі Радзівіламі на сустрэчу з Юзафам Пілсудскім, але Вайніловіч не паехаў з-за таго, што адышоў ад палітычнай дзейнасці, не ўступаў у палітычныя партыі, быў абмежаваны ў грошах, а таксама крытычна глядзеў на ўстаноўлены Пілсудскім пасля «майскага пераварота» (1926) рэжым «санацыі», спыненне судовага разгляду гучных карупцыйных спраў і, як запісаў у сваіх мемуарах, не ўтрымаўся б ад малапрыемнай прамовы, бо па свайму ўзросту і былой высокай пасадзе павінен быў бы прамаўляць[5].

Пасля таго, як Юзаф Пілсудскі праслухаў імшу, паклаў ордэн «Virtuti Militari» IV класа на саркафаг з рэшткамі князя Станіслава Радзівіла (1880—1920) у крыпце-пахавальні князёў Радзівілаў у Фарным касцёле Найсвяцейшага Божага Цела ў Нясвіжы, у палацы Радзівілаў адбыўся ўрачысты абед. Ад імя сабраных князь Яўстах Сапега (1881—1963) павітаў Пілсудскага, падкрэсліваючы ў сваёй прамове, што прадстаўляе як мясцовых землеўладальнікаў, так і іх грамадскую арганізацыю — Кансерватыўную арганізацыю дзяржаўнай працы. Князь Яўстах Сапега з асаблівым задавальненнем адзначыў, што ім імпануе і мясцовае паходжанне маршалка: «Стасунак наш да цябе, пане маршалу, узмацняе той факт, што ты з крыві і косці ёсць адным з нас, з нас вырас і носіш на сябе, нягледзячы на дзіўныя змены лёсу твайго, кляймо шляхціца крэсавага[6] і кляйма таго не хаваеш, а, наадварот, яўна яго паказваеш»[7]. Сам Юзаф Пілсудскі ў адказ на ўвагу, цёплы прыём і ўхвалу прамовіў тост у гонар «дому Радзівілаў».

Юзаф Пілсудскі прабыў у Нясвіжы 12 гадзін (ужо 26 кастрычніка маршал быў у Варшаве), але візіт меў вялікае значэнне для неабходнага росту падтрымкі Пілсудскага з боку буйных і сярэдніх землеўласнікаў усёй дзяржавы пасля «майскага пераварота» (1926). Станіслаў Мацкевіч, рэдактар газеты «Słowo», якая была афіцыйным выданнем «віленскіх кансерватараў», апалагезаваў Юзафа Пілсудскага, рэзка выступаў супраць камунізма і лічыў СССР вялікай пагрозай для Другой Рэчы Паспалітай (Польшчы).

Зноскі

  1. Polska na przestrzeni wieków… С. 576.
  2. Piber, A. Niezabytowski Karol Stanisław ... S. 106.
  3. Сын Аляксандра Мяйштовіча (1864—1943).
  4. Сваяк Эдварда Вайніловіча.
  5. Chmielewska, G. Cierń… С. 269.
  6. «Крэсамі» у Другой Рэчы Паспалітай пачалі пазываць тыя тэрыторыі былога Заходняга края, якія ўвайшлі ў яе склад у выніку Рыжскага дагавора, а таксама ўкраінская Галічына.
  7. Szpoper, D. Sukcesorzy... С. 281—282.
  • Chmielewska, G. Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie / G. Chmielewska. — Łomianki : LTW, 2011. — 369 s.
  • Piber, A. Niezabytowski Karol Stanisław / A. Piber // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław etc. : Ossolineum, 1978. — Tom XXIII : Niemirycz Władysław — Olszak Wacław. — S. 105—107.
  • Polska na przestrzeni wieków / H. Samsonowicz [i in.] ; redactor wydania J. Tazbir. — 2-e wyd. — Warszawa : WPN, 2006. — 803 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.