Ніжні замак (Кобрын)
Ніжні замак — частка Кобрынскага замка, якая ў адрозненне ад чыста абарончага комплексу Верхняга замка ўяўляла сабой жылы комплекс феадальнага двара.
Апісанне[правіць | правіць зыходнік]
З горадам злучаўся мостам праз Кобрынку і брамай, у ніжнім ярусе якой былі размешчаны на двух узроўнях шэсць камор, у верхнім — дзве святліцы з каморамі і сенцамі. Замак абкружалі гародні з пяццю вежамі.
Левая частка забудовы дзядзінца ад уязной брамы да брамы Верхняга замка была вылучана як парадная палацавая. Тут знаходзіўся вялікі крыжовы ў плане жылы будынак. Яго цэнтральны вузел утварала прыхожая з двума мураванымі камінамі. Да прыхожай з трох бакоў прылягалі блізкія па планіроўцы блокі, кожны з якіх складаўся са святліцы і адной або дзвюх камор. Адна са святліц служыла трапезнай. Процілеглая частка дзядзінца мела гаспадарчы характар. Тут стаялі жылыя дамы замкавай чэлядзі, двухпавярховыя свірны, стайня, вазоўня, лямус.
У адной з веж гэтай лініі забудовы размяшчаўся вадзяны млын. Яго кола прыводзілася ў рух вадой Мухаўца па спецыяльнаму жолабу-«спусту».
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI ст. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : іл.