Ніна Ляўковіч
| Ніна Абрамчык | |
|---|---|
| | |
| Асабістыя звесткі | |
| Імя пры нараджэнні | Ніна Ляўковіч |
| Псеўданімы | Ніна Раса |
| Дата нараджэння | 20 сакавіка 1916 |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | 27 студзеня 2004 (87 гадоў) |
| Месца смерці | |
| Пахаванне | |
| Грамадзянства | БНР, Францыя |
| Муж | Мікола Абрамчык |
| Альма-матар | |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | паэт |
| Гады творчасці | 1902—1937 |
| Кірунак | паэзія |
| Мова твораў | беларуская |
| Грамадская дзейнасць | |
| Член у | |
Ні́на Паўлаўна Абра́мчык (дзявочае Ляўковіч; літаратурны псеўданім Ніна Раса; 10 сакавіка 1916 — 27 студзеня 2003[1]) — беларуская грамадcка-палітычная дзяячка, пісьменніца. Жонка Міколы Абрамчыка.[2]
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]
Да 1922 года была з бацькамі ў бежанстве. З 1926 па 1932 г. вучылася ў пачатковым вучылішчы ў Шанах. Скончыла Віленскую беларускую гімназію, з кастрычніка 1937 года вучылася на агранамічным факультэце ў Віленскім універсітэце, член Беларускага студэнцкага саюза. З восені 1939 году настаўнічала ў Смаляніцы на Пружаншчыне[3].
Ад 1941 году жыла ў Берліне, дзе пабралася шлюбам з Міколам Абрамчыкам, працягвала вучыцца па спецыяльнасці ў Берлінскім універсітэце. Працавала ў газеце «Раніца» і Беларускім камітэце самапомачы. У 1943 г. разам з мужам пераехала ў Парыж (Абрамчык быў высланы з Берліна пад нагляд гестапа). Пісала апавяданні пад псеўданімам Ніна Раса. У 1947 г. выдала адзіны нумар перыёдыка Беларускага жаночага аб’яднання ў Францыі «Беларуска». У 1955 г. нарадзіла сына Альгерда.
Пасля смерці мужа адмовілася аддаць беларускай грамадзе архіў Рады БНР і амаль абарвала кантакты з беларусамі. Скончыла двухгадовы курс «Цывілізацыя Францыі» ў Сарбоне, наведвала курсы па падрыхтоўцы выкладчыкаў французскай мовы за мяжой. Працавала ў Musée de l’Homme ў Парыжы. Публікавала ў французскіх навуковых часопісах свае тэксты, прысвечаныя беларускай традыцыйнай культуры. Жыла ў прыгарадзе Парыжа Вілепэнт.
Памерла 27 студзеня 2003 года. Пахаваная ў Парыжы на могілках Пер-Лашэз каля свайго мужа.[2]. У некаторых крыніцах памылкова падаецца дата смерці як 2004 год, аднак на помніку ўказаны 2003 год.[1]
Выдавецкая дзейнасць
[правіць | правіць зыходнік]Беларускі камітэт самапомачы ў Берліне ў другой палове 1942 году пачаў спарадычна выпускаць кнігі і брашуры, што было заслугай Міколы Абрамчыка і ягонай жонкі. Улетку 1942 году Абрамчыкамі былі выдадзеныя «Сымон-музыка» Якуба Коласа, «Ад родных ніў» Ларысы Геніюш. Першая з іх была перадрукам даваеннага віленскага выдання, а другую падрыхтаваў да друку Вітаўт Тумаш, карыстаючыся тэкстамі, апублікаванымі ў «Раніцы» і атрыманымі ад аўтаркі з Прагі. Абедзве кнігі былі адначасова надрукаваныя ў пражскай друкарні «Палітыка» і ў верасні 1942 году рэкламаваліся на старонках «Раніцы».
Ніна Абрамчык таксама апрацавала і выдала ў 1942—1943 гадах некалькі кніг:
- «Беларусь у песьнях», зборнік папулярных песень і патрыятычных вершаў.
- «Гісторыя Беларусі ў картах», апрацаваная паводле лекцыяў, якія ў 1941—1942 гады чытаў Мікола Абрамчык на курсах беларусазнаўства ў Берліне, выйшла накладам 3500 асобнікаў і распаўсюджвалася ў беларускіх школах Беласточчыны і Варшавы.
- «Калядныя песьні», зборнік 20 беларускіх калядак у апрацоўцы святара Віктара Шутовіча.
- «Пад гоман вясёлы», зборнік 30 беларускіх папулярных песень, рамансаў і прыпевак.
Даследніцкая дзейнасць, творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Ніна Абрамчык, апрача выдавецкай дзейнасці, пісала вершы, апавяданні. І дасюль малавядомай застаецца даследніцкая дзейнасць дыяспарнай дзяячкі па-французску. Яна працавала ў Музеі чалавека ў Парыжы. У канцы 1990-х гадоў у французскіх навуковых часопісах («Eurasie», «Ethnozootechnie») з’яўляюцца артыкулы фалькларысткі і этнолага Ніны Абрамчык (une ethnologue Nina Abramtchik)[4]. На ейныя даследаванні жаночай традыцыйнай культуры спасылаюцца квебекскія даследніцы (Pauline Greenhill, Diane Tye, 1997 год)[5].
У часопісе «Eurasie» Ніна Абрамчык надрукавала грунтоўныя артыкулы, прысвечаныя розным аспектам традыцыйнай культуры беларусаў. У нумары за 1994 год супрацоўніца Музея чалавека апублікавала даследаванне «Le lin chez les Biélorussiens, un exemple de sacralité locale» (Лён у беларускай культуры, прыклад мясцовай сакральнасці)[4]. У 1999 годзе Ніна Абрамчык апублікавала падобныя фальклорныя апісанні і аналіз, што датычыць месца і значэння каня ў традыцыйнай культуры беларусаў: «Le cheval en Biélorussie. Contes et emblèmes» (Конь у беларускай культуры. Казкі і cымбалі). Артыкул з’явіўся ў калектыўным зборніку, што быў прысвечаны вобразу і месцу каня ў еўрапейскай культуры[6]. У 2000 годзе даследніца напісала артыкул пра гісторыю і значэнні колераў у беларускай культуры «Couleurs de Biélorussie (Belarus)» (Колеры Беларусі)[4].
Публікацыі
[правіць | правіць зыходнік]- Вогненны камень (Палеская легенда) // Ранiца. № 35 (5.09.1943), с. 4.
- Le lin chez les Biélorussiens, un exemple de sacralité locale. (La Biélorussie, dép. Polesie, reg. Pruzana, villages: Kuplin, Kruhlaïe, Sanie) // Eurasie, 1994, p. 51-58.
- Le cheval en Biélorussie. Contes et emblèmes // Eurasie, 1999, p. 165-171.
Зноскі
- ↑ а б Як знайсці магілу Міколы і Ніны Абрамчык
- ↑ а б Ушанаваньне памяць М. Абрамчыка(недаступная спасылка). Палітыка. Беларуска-Эўрапейскае задзіночаньне (27 чэрвеня 2009). Архівавана з першакрыніцы 6 сакавіка 2016. Праверана 28 лістапада 2015.
- ↑ Жыццяпіс з асабістай справы студэнткі Віленскага ўніверсітэта.
- ↑ а б в У. Гарбацкі, Невядомая спадчына: этналагіня Ніна Абрамчык. Новы Час, 17-05-2018.
- ↑ Undisciplined Women: Tradition and Culture in Canada. Pauline Greenhill and Diane Tye, eds. Montreal and Kingston: McGill-Queen’s University Press, 1997.
- ↑ Abramtchik Nina (1996), Le cheval en Biélorussie. Contes et emblèmes // Le cheval en Eurasie. Pratiques quotidiennes et déploiements mythologiques, Paris, L’Harmattan, p. 165—171.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Абрамчык Ніна // Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, БГА, 2002.
- Абрамчык Ніна // Юры Туронак. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Менск: Беларускі Гістарычны Агляд, 2002. — 144 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Алег Гардзіенка. БНС: Спроба стварэння беларускага ўраду. Першая суполка, прысьвечаная ваеннай гісторыі Беларусі. Livejournal (27 чэрвеня 2009).
- Юры Туронак. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем(недаступная спасылка). Беларуская інтэрнэт-бібліятэка (27 чэрвеня 2009). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 28 лістапада 2015.
- Нарадзіліся 20 сакавіка
- Нарадзіліся ў 1916 годзе
- Нарадзіліся ў Пружанскім павеце (Расійская імперыя)
- Памерлі 27 студзеня
- Памерлі ў 2004 годзе
- Памерлі ў Францыі
- Пахаваныя на могілках Пер-Лашэз
- Пахаваныя ў Парыжы
- Члены Беларускага студэнцкага саюза
- Асобы
- Пісьменнікі паводле алфавіта
- Нарадзіліся ў Пружанскім раёне
- Навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі
- Імігравалі ў Францыю з Беларусі
- Імігравалі ў Германію з Беларусі
- Беларускамоўныя пісьменнікі