Прыднястроўе
| |||||
![]() | |||||
Гімн: «Мы славим тебя, Приднестровье» | |||||
Дата заснавання | 2 верасня 1990 | ||||
Абвяшчэнне незалежнасці | 25 жніўня 1991 (ад Малдовы) | ||||
Дыпламатычнае прызнанне | ![]() ![]() | ||||
Афіцыйныя мовы | Руская, малдаўская (кірыліца), украінская | ||||
Сталіца | Ціраспаль | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Ціраспаль, Бендэр, Рыбніца | ||||
Форма кіравання | Прэзідэнцкая рэспубліка | ||||
Прэзідэнт Старшыня Урада |
Вадзім Краснасельскі Аляксандр Разенберг | ||||
Плошча • Агулам • % воднай паверхні |
4.163 км² 2,35 | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2012) • Перапіс (2015) |
517.963 чал. 475 373 чал. | ||||
Валюта | прыднястроўскі рубель | ||||
Тэлефонны код | +373 | ||||
Часавыя паясы | UTC+2, UTC+03:00, DAZD і Europe/Chisinau[d][1] |
Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка (ПМР) або Прыднястроўе (малд.: Нистрения, руск.: Приднестровье, укр.: Придністров’я) — самаабвешчанае дзяржаўнае ўтварэнне на тэрыторыі былой Малдаўскай ССР.
Статус Прыднястроўя не ўрэгуляваны, самаабвешчаная рэспубліка не прызнана міжнароднай супольнасцю, якая лічыць яе часткай Малдовы.
З захаду Прыднястроўе мяжуе з самой Малдовай, на ўсходзе — з Украінай. Асноўная частка тэрыторыі (за выключэннем горада Бендэры і часткі Слабадзейскага раёна) размешчана на левым беразе ракі Днестр.
Плошча Прыднястроўя — 4 163 км². Адміністрацыйны цэнтр — горад Ціраспаль[2].
Афіцыйныя мовы — руская, малдаўская, украінская.
Грашовая адзінка — прыднястроўскі рубель[3].
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
[правіць | правіць зыходнік]Тэрыторыя Прыднястроўя падзяляецца 5 адміністрацыйных раёнаў і 2 горада рэспубліканскага падпарадкавання[3].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Паводле дадзеных перапісу насельніцтва 2015 года, колькасць насельніцтва рэгіёна складала 475 373 чалавекі, з іх рускіх — 29,1 %, малдаванаў — 28,6 %, украінцаў — 22,9 %[2].
Гісторыя ПМР
[правіць | правіць зыходнік]Прыднястроўскі канфлікт
[правіць | правіць зыходнік]У 1989 годзе да ўлады прыйшло новае кіраўніцтва Малдаўскай ССР, якое абвясціла курс на выхад са складу СССР і аб’яднанне з Румыніяй.
31 жніўня 1989 года быў прыняты закон, паводле якога малдаўская мова цяпер атрымала статус дзяржаўнай. Насельніцтва левабярэжжа Днястра і Гагаузіі расцаніла гэта, як ушчамленне правоў немалдаўскага насельніцтва.
23 чэрвеня 1990 года Вярхоўны Савет МССР прыняў Дэкларацыю незалежнасці Малдовы.
2 верасня 1990 года 2-гі З’езд народных дэпутатаў усіх узроўняў Левабярэжжа Малдавіі абвясціў стварэнне Прыднястроўскай Малдаўскай ССР (ПМССР) са сталіцай у Ціраспалі. Акрамя ўласна левабярэжнай тэрыторыі ў яе былі ўключаны горад Бяндэры і яшчэ некалькі населеных пунктаў на правым беразе.
Вярхоўны Савет Малдавіі прызнаў гэтае рашэнне неканстытуцыйным, і ва ўльтыматыўнай форме запатрабаваў яго адмены. Вайна законаў суправаджалася ўзаемнымі эканамічнымі санкцыямі, дыверсіямі, што прывяло да перарастання канфлікту ва ўзброенае супрацьстаянне.
Страты
[правіць | правіць зыходнік]Падчас баёў (па некаторых дадзеных) узброеныя фармаванні Малдавіі страцілі забітымі 195 чалавек, параненымі — 1 250 чал. Загінулі таксама 125 чалавек і атрымалі раненні 41 чалавек цывільнага насельніцтва.
Узброеныя фармаванні Прыднястроўя страцілі 264 чалавек забітымі. Загінулі 410, былі паранены 1140 мірных жыхароў.
Колькасць бежанцаў з ПМР склала каля 100 тысяч чалавек[4].
Пасля заканчэння канфлікту
[правіць | правіць зыходнік]17 верасня 2006 года ў Прыднястроўі быў праведзены рэферэндум, на якім, згодна з афіцыйнымі данымі Цэнтральнай выбарчай Камісіі ПМР, 97,1 % удзельнікаў рэферэндума прагаласавала за незалежнасць з далучэннем у будучыні да Расіі, 2,3 % — за далучэнне да Малдовы.
Дзяржаўны лад Прыднястроўя
[правіць | правіць зыходнік]Дзеючая Канстытуцыя прынята на рэферэндуме 24 снежня 1995 года.
Па форме праўлення ПМР — прэзідэнцкая рэспубліка (да канстытуцыйнай рэформы 2000 года — рэспубліка змешанага тыпу)[5].
Прэзідэнт
[правіць | правіць зыходнік]Прэзідэнт — кіраўнік дзяржавы, галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі. Абіраецца на прамых выбарах тэрмінам на пяць гадоў.
Да студзеня 2012 года прэзідэнт аднаасобна ўзначальваў выканаўчую ўладу, фармаваў Кабінет Міністраў[6].
Вярхоўны Савет
[правіць | правіць зыходнік]Вярхоўны Савет ПМР — вышэйшы заканадаўчы і прадстаўнічы орган — 33 дэпутаты, якія абіраюцца па аднамандатных акругах тэрмінам на пяць гадоў[7].
Урад
[правіць | правіць зыходнік]Інстытут урада і пасада прэм’ер-міністра Прыднястроўя ўпершыню ўведзены з 1 студзеня 2012 года ў адпаведнасці з папраўкамі, унесенымі раней у канстытуцыю Прыднястроўя. Да гэтага часу ў ПМР не было прэм’ер-міністра — кіраўніком выканаўчай улады быў прэзідэнт, які кіраваў кабінетам міністраў[6][8].
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Размешчана на крайнім паўднёвым захадзе Усходне-Еўрапейскай раўніны, займае вузкую паласу левабярэжжа Днястра ў яго сярэднім і ніжнім цячэнні, а таксама асобныя тэрыторыі (г. Бендэр і бліжэйшыя населеныя пункты) на правым беразе Днястра. Не мае выхаду да мора, але адносіцца да прычарнаморскага рэгіёна.
Для тэрыторыі характэрны раўнінны рэльеф з рэдкімі лагчынамі. Больш за 80 % зямельных угоддзяў — чарназёмы. Расліннасць стэпавая, у поймах рэк — лугавая. Асноўная частка тэрыторыі ўзарана. Лясныя масівы пакрываюць 10 %. Клімат умерана-кантынентальны. Колькасць ападкаў сведчыць пра зону недастатковога ўвільгатнення. Зіма кароткая, мяккая (сярэдняя тэмпература студзеня −3,9 °C). Ранняя з інтэнсіўным праграваннем глебы і паветра вясна. Працяглае спякотнае лета (сярэдняя тэмпература ліпеня +21 °C). Цёплая, працяглая восень.
Ландшафт падзяляецца на дзве вобласці па даліне Ягарлыка. Паўночная вобласць — лесастэпавая раўніна, утвораная тэрасамі Днястра і адгор’ямі Падольскага ўзвышша, разбітая глыбокімі (да 150 м) каньёнападобнымі далінамі прытокаў Днястра. Лясы ў асноўным захаваліся на крутых схілах Днестра, ёсць некалькі невялікіх рэчак, большасць з іх малаводныя і летам перасыхаюць.
З карысных выкапняў ёсць радовішчы будаўнічага вапняку, гравія, шкляных пяскоў, керамічных глін і суглінкаў.
Жывёльны свет дастаткова разнастайны, але шмат відаў занесена ў Чырвоную кнігу праз пагрозу знікнення. Сустракаюцца касуля, дзік, трус, курапатка, лісіца, выдра. Значныя запасы рыбных рэсурсаў, у тым ліку асятровыя.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Эканоміка ПМР мае індустрыяльна-аграрны характар. На гэтай тэрыторыі засталося шмат прамысловых прадпрыемстваў былой МССР, сярод найбуйнейшых — Малдаўскі металургічны завод (Рыбніца), а таксама Малдаўская ДРЭС (Днястроўск), баваўняны камбінат «Ціротэкс» і вінна-каньячны завод KVINT (абодва — у Ціраспалі).
ПМР экспартуе метал, электраэнергію, тэкстыль, харчовыя тавары і абутак, большая частка імпарту прыпадае на паліва.
Колькасць эканамічна актыўнага насельніцтва — 126,9 тыс. чалавек (станам на 1 студзеня 2024 года)[7].
Прамысловасць Прыднястроўя
[правіць | правіць зыходнік]Асноўныя віды прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў ПМР — сталь, пракат і трубы, электраэнергія, ліцейныя машыны, нізкавольтная апаратура, кабелі, электрамашыны і помпы, рухавікі, цэмент, шклапластык, мэбля, абутак, баваўняныя тканіны, лікёра-гарэлачныя вырабы. Каля 90 працэнтаў усіх тавараў экспартуецца.
З 2022 года, пасля ўварванне Расіі ва Украіну, аб’ём прамысловай вытворчасці Прыднястроўя ўпаў на 21,3 %. Па выніках 2023 года яму ўдалося вырасці толькі на 1,9 % за кошт электраэнергетыкі і галін, арыентаваных на ўнутраны рынак[7].
Сельская гаспадарка Прыднястроўя
[правіць | правіць зыходнік]Плошча зямель сельскагаспадарчага прызначэння складае 281 тыс. га. Вырошчваюцца пшаніца, сланечнік, кукуруза, бабовыя, бульба і іншая гародніна, бахчавыя, вінаград, плады і ягады, тытунь[7].
Энергетыка Прыднястроўя
[правіць | правіць зыходнік]Аснову энергетычнай галіны Прыднястроўя складаюць Малдаўская ДРЭС (уваходзіць у расійскі холдынг «Интер РАО») і Дубасарская ГЭС (пад кантролем уладаў ПМР).
Малдаўская ДРЭС працуе на газе, вугалі і мазуце і забяспечвае да 80 працэнтаў патрэбаў Малдовы ў электраэнергіі, яе даступная магутнасць — 1,72 тыс. МВт.
Магутнасць Дубасарскай ГЭС — 46 МВт, яна выкарыстоўвае энергію ракі Днестр[7].
Адукацыя
[правіць | правіць зыходнік]
Сістэма адукацыі рэспублікі налічвае (станам на 2022 год): 155 дашкольных устаноў, 158 адукацыйных і 12 спецыяльных школ, 22 сярэднія прафесійныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы[9].
Вядучая навучальная ўстанова — Прыднястроўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі.
Сродкі масавай інфармацыі
[правіць | правіць зыходнік]Дзяржаўнае інфармацыйнае агенства — «Новости Приднестровья»[10]. Дзейнічае дзяржаўны тэлерадыёцэнтр.
Рэспубліканскія газеты — «Приднестровье» (на рускай мове), «Гомін» (на украінскай мове), «Адевэрул Нистрян» — Днястроўская праўда (на малдаўскай мове кірыліцай).
«Радыё 1» — 104.1 FM.
Дзяржаўныя сімвалы
[правіць | правіць зыходнік]Гісторыя сімвалаў Прыднястроўя пачалася яшчэ да ўтварэння ПМССР. 30 красавіка 1990 года на пазачарговай сэсіях рады Ціраспаля і Бендэраў пастанавілі не выкарыстоўваць ухвалены за некалькі дзён да гэтага Вярхоўным Саветам Малдовы сцяг, аналагічны сцягу Румыніі. Замест яго вырашылі надалей ужываць сцяг Малдаўскай ССР.
2 верасня 1991 года ўрад Прыднястроўя зацвердзіў сцяг, адпаведны сцягу Малдаўскай ССР 1952 года, і герб, аналагічны гербу МССР, але дапоўнены блакітнымі і белымі хвалістымі рыскамі над чырвонай стужкаю і надпісам «ПМРСР. РССНМ. ПМССР.» Затым з перайменаваннем ПМССР у ПМР надпіс быў зменены на «ПМР. РМН. ПМР»
Да 2000 года выкарыстоўваўся выключна чырвнона-зялёна-чырвоны сцяг без сярпа і молата (таксама і ў дзяржаўных установах). У 2000 годзе быў прыняты закон «Аб дзяржаўнай сімволіцы ПМР», які замацаваў серп і молат з зоркай у верхняй левай частцы сцяга.
У 2017 годзе Вярхоўны Савет ПМР прыняў закон, які дазваляе выкарыстанне дзяржаўнага сцяга Расіі нароўні з дзяржаўным сцягам ПМР. Сцяг Расіі размяшчаецца на будынках і ў памяшканнях дзяржаўных органаў і органаў мясцовага самакіравання, а таксама пры правядзенні афіцыйных мерапрыемстваў. Пры адначасовым узняцці сцяг ПМР знаходзіцца з левага боку будынка, а расійскі трыкалор — з правага[11][12].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/europe
- ↑ а б История и статус Приднестровья (руск.)
- ↑ а б Приднестровская Молдавская Республика (руск.)
- ↑ Приднестровский вооруженный конфликт (руск.)
- ↑ Государственное устройство. Приднестровская Молдавская Республика — унитарное государство (руск.)
- ↑ а б О политическом и государственном устройстве Приднестровья (вчера и сегодня) (руск.)
- ↑ а б в г д Что такое Приднестровье (руск.)
- ↑ Премьер-министром Приднестровья утвержден Петр Степанов (руск.)
- ↑ Перспектива модернизации просвещения (руск.)
- ↑ «Ольвія-прэс» перайменавалі ў «Навіны Прыднястроўя»(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 5 ліпеня 2022. Праверана 5 ліпеня 2022.
- ↑ В ПМР российский флаг разрешили использовать наравне с государственным (руск.)
- ↑ В ПМР российский триколор стал вторым государственным флагом (руск.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Прыднястроўе
- https://president.gospmr.org/ Сайт Прэзідэнта ПМР
- https://novostipmr.com/ru/novosti Інфармацыйнае агенцтва «Навіны Прыднястроўя»
- https://mer.gospmr.org/ Міністэрства эканамічнага развіцця ПМР
- http://www.cbpmr.net/ Прыднястроўскі Рэспубліканскі Банк
- http://www.tiras.ru/ Інфармацыйнае агенцтва «Тирас»
- http://www.vspmr.org/ Вярхоўны Савет ПМР