Павук (упрыгажэнне)
Паву́к — прасторавая кампазіцыя з саломы, папяровых кветак, зерняў лубіну, фасолі і інш.; традыцыйнае ўпрыгожанне інтэр’ера беларускага народнага жылля. Павукоў падвешвалі над сталом (лічылася, што ён прыносіць шчасце).
Найбольш пашыраны з саломы (шарападобныя, рамбічныя і зорчатыя). Шарападобныя рабілі з саломінак (часта з каласкамі), якія разыходзіліся ва ўсе бакі ад цэнтра (напрыклад, утыкаліся ў бульбіну). Канцы саломінак аздаблялі кветкамі з паперы ці пер’я, зоркамі з фольгі і інш.
У аснове рамбічнага павука 8-гранная фігура з 12 саломінак аднолькавай даўжыні. Унутры і да яго вуглоў падвешвалі павука меншых памераў (часта да некалькіх дзесяткаў), саламяныя ці папяровыя ланцужкі, кветкі з рознакаляровай паперы ці пер’я, абгорнутыя фольгай мяцёлкі аўса і інш. Разнавіднасць рамбічнага павука, — жорсткая канструкцыя са змацаваных паміж сабою васьміграннікаў аднолькавых памераў.
Зорчатыя павукі мелі плоскую канструкцыю з саломінак у выглядзе шматпялёсткавай разеткі. Бытавалі таксама павукі накшталт абажура: да абруча з лазы ці дроту падвешвалі гірлянды з зярнят фасолі, гароху, лубіну, начэпленых на ніткі.
Арыгінальны павук пачатку 20 ст. з гірляндаў кудзелі і кутасоў.
Выйшлі з народнага ўжытку ў 1950-я гг. Вырабляюцца сувенірныя павукі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Я. М. Сахута. Павук // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11).
- Лобачевская О. А., Кузнецова Н. М. Возьми простую соломку. Мн., 1988;
- Сахута Я. М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;
- Лабачэўская В. А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Павук (упрыгажэнне)