Саман

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Выраб саманных блокаў у Румыніі

Сама́н (ад турэцк.: saman "салома") — будаўнічы матэрыял на аснове сумясі гліны з саломай.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Найстаражытнейшыя канструкцыі з саману знойдзены на тэрыторыі Сірыі (9 тысячагоддзе да н. э.) і Ізраіля (8 тысячагоддзе да н. э.). Старажытнаегіпецкі іерогліф dbt (Egyptian-ìnr.PNG), што значыў саманную цэглу, пазней праз копцкую мову трапіў у арабскую, а потым у еўрапейскія, адкуль паходзіць слова adobe, якое таксама значыць "саман". У нашы дні саман шырока выкарыстоўваецца для малаэтажных пабудоў ў Азіі, краінах паўднёвай Еўропы, Лацінскай Амерыкі, Паўночнай і Заходняй Афрыкі. На Беларусі саманныя пабудовы ўзводзяцца з другой паловы XX ст. для эканоміі іншых будаўнічых матэрыялаў або ў экалагічным будаўніцтве.

Склад[правіць | правіць зыходнік]

Для вырабу простага самана дастаткова змяшаць вільготную гліністую зямлю з саломай. Гліна з'яўляецца напаўняльнікам і кансервантам, а салома — натуральнай фібрай, што арміруе гліну, захоўвае форму пры высыханні, надае матэрыялу пругкасць. Для павелічэння трываласці ў саман дадаюць пясок, друз, драўняную фібру, гной, яечны бялок, клеі, вапну і г. д. Саман патрабуе доўгага высыхання, таму ў большасці выпадкаў з яго загадзя вырабляюць блокі, якія пазней выкарыстоўваюць у будоўлі.

Вартасці[правіць | правіць зыходнік]

Саман — эканамічны і даступны будаўнічы матэрыял, мае дастатковую цеплаправоднасць, каб пры таўшчыні сцен 600 - 800 мм захоўваць цяпло знутры будынка ўзімку і прахалоду ўлетку. Будынкі з саману вогнетрывалыя. Адзін з галоўных недахопаў — тое, што саман усмоктвае вільгаць, пры гэтым парушаецца ўнутраная структура і могуць здарацца разбурэнні. Для таго, каб гэта папярэдзіць, са знешняга боку сцены тынкуюць, выкарыстоўваюць для аздаблення ізаляцыйныя матэрыялы. Саманныя сцены могуць паражацца грызунамі і казуркамі, іх трываласць значна меньшая, чым у абпаленай цэглы або бетона.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]