Падняпроўская гліняная цацка-свістулька

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Падняпроўская гліняная цацка-свістулька — ручны выраб з гліны, прызначаны для атрымання свісту, розных гукаў і выконвання мелодый. Распаўсюджана на тэрыторыі Магілёўскага Падняпроўя (сучасная Магілёўская вобласць (Рэспубліка Беларусь).

Найбольш папулярныя вобразы цацкі-свістулькі: птушка, курка, пеўнік, качка, конь, козлік, баранчык (авечка), сабачка, бычок, мядзведзь, вершнік на кані, вадзяны свісток «салавейка»; радзей сустракаліся сава (сыч), парсюк (свінка, дзік), рыбка, алень (лось). Толькі ў Падняпроўскай глінянай цаццы сустракаюцца такія вобразы як птушка-конь (качка-конь), Крычаўскі конь (качка-конь), вершнік на качцы, вершнік на качцы-кані, вершнік на кані, коне-певень.

Гліняная цацка вядома яшчэ з часоў ранняга жалезнага веку (VII—III ст. да н. э.), напрыклад, сустракаецца сярод знаходак Гарошкаўскага гарадзішча — 90 падобных гліняных фігурак. Калекцыі гліняных цацак пачатку ХХ ст. з Віцебскай і Магілёўскай губерняў захоўваюцца ў Расійскім этнаграфічным музеі ў Санкт-Пецярбургу.

Тэхналогія вырабу[правіць | правіць зыходнік]

Тэхналогія вырабу Падняпроўскай цацкі адрозніваецца ад іншых спосабам лепкі. Яна робіцца з цэлага кавалка гліны пластычным спосабам (з першапачатковай формы выцягваюцца ногі, галава, хвост, вушы). Паасобку могуць прымацоўвацца рогі і вершнік, які сядзіць на качцы-кані. Цацка вылучаецца адной адметнай дэталлю, якая адразу звяртае на сябе ўвагу. Напрыклад: вялікія вушы ў каня, грэбень у каня-пеўня ці адна галава і шыя, як у крычаўскага каня (такі вобраз дае падставу лічыць гэтую цацку верагодна самай архаічнай і звязанай з культам каня і качкі).

У хаце, у «печы-грубцы» майстры абпальваюць свае вырабы. Часта для абпалу выкарыстоўваюць і лазню — у ёй магчыма нагнаць вялікую тэмпературу. Тэхналогію абпалу выкарыстоўваюць розную, часцей гэта традыцыйная: тэракота, дымленне, гартаванне, глазураванне. Зрэдку робяць ангоб, малачэнне, роспіс.

Сучаснае развіццё[правіць | правіць зыходнік]

Напачатку 1990-х гадоў народны майстар Вячаслаў Мікалаевіч Якавенка адрадзіў Падняпроўскую цацку-свістульку, у цяперашні час праводзіць майстар-класы, прэзентацыі, семінары, гутаркі, чытае лекцыі, з’яўляецца кіраўніком узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Свісцёлка» раённага цэнтра культуры Крычава. У Магілёве традыцыю лепкі арыгінальных гліняных цацак практыкуе народная майстрыха Любоў Міхайлаўна Яшчанка, кіраўніца аб’яднання «Чароўная гліна» педагагічнага комплексу яслі-сад-школа № 44 Магілёва. Гліну для вырабу глінянай цацкі адмыслоўцы бяруць у вёсцы Кадзіна Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. Яна вызначаюцца асаблівымі фізічнымі якасцямі: вільгацяёмістасцю, пластычнасцю, фармовачнай вільготнасцю, устойлівасцю

Ахоўны статус[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыя вырабу падняпроўскай глінянай цацкі-свістулькі па рашэнню Беларускай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь ў 2023 г. атрымала статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці і ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь (шыфр — 53БК000164).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]