Палацава-паркавы комплекс Лашкевічаў (Стайкі)
Палацава-паркавы комплекс Лашкевічаў або сядзіба «Двор Стайкі» — сядзіба-паркавы ансамбль у вёсцы Стайкі ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі (Мядзеневіцкі сельсавет). Сядзіба займае маляўнічую тэрыторыю над ракой Змейкай.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1563 годзе Хусейн Малікбаш, прадстаўнік татарскага княжацкага роду, прадаў маёнтак Стайкі разам з наваколлем Багушу Аўсянніку. У 1571 годзе Стайкамі валодаў падканцлер ВКЛ, берасцейскі і кобрынскі староста Яўстах Валовіч. У 18 стагоддзі — уладанне Лопацей. У 1787 годзе маёнтак для асабістага пражывання набывае староста карпецкі Тамаш Здань Пушкін герба «Ястрабец». У 1876 годзе маёнтку належала 654 дзесяціны зямлі.
Пасля 1876 году сядзіба перайшла да Лашкевічаў. У 1911 годзе маёнтак належаў Адольфу Іосіфавічу, у 1914 — Наталлі Грацыянаўне. На сумежжы ХІХ і ХХ стагоддзя Лашкевічы перабудавалі старую сядзібу — захаваліся толькі некаторыя гаспадарчыя пабудовы. Новы двор уключаў сядзібны дом, стары парк, сад, сыраварню, ляднік, жылыя флігелі, цагельны завод, гаспадарчы двор.
Выгляд маёнтка
[правіць | правіць зыходнік]Будынак двухпавярховай сядзібы пасля перабудовы на пачатку 20 стагоддзя прыняў замкавую форму з элементамі эклектыкі. На правым боку маёнтка маецца высокая псеўдагатычная вежа. Цэнтральная частка галоўнага фасаду акцэнтавана неглыбокім рызалітам, завершаным дэкарыраваным шчытком. Цэнтральны ўваход вылучаны парадным ганкам з тэрасай[1].
Пасля Другой сусветнай вайны ў маёнтку знаходзілася сярэдняя школа. Пасля таго як будынак сядзібы прыйшоў у занядбанне, школу з яго перанеслі. Знішчэнне будынку паскорылася.
Сучасны стан
[правіць | правіць зыходнік]Сёння захаваўся маляўнічы парк, закладзены Пушкінымі, напаўразбураная сядзіба, колькі слупоў ад агароджы і будынкі гаспадарчых забудоваў: афіцына побач з палацам, склеп каля дарогі, флігер на поўдзень ад парку за ракой Змейкай.
Дах маёнтка на 2009 год быў абвалены, цагляныя муры разбураюцца прыродай і мясцовымі жыхарамі. Парк паціху ператвараецца ў сметнік. Камісія з Брэста не знайшла будынак палаца вартым уключэння ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і пакінула яго на руйнаванне часам.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Палацава-паркавы комплекс Лашкевічаў на Radzima.org
- Стайкі. Сляды спадчыны Архівавана 23 мая 2012. Intex-press
- Блізкая бацькаўшчына. Стайкі Наша Ніва
- Палацава-паркавы комплекс Лашкевічаў (Стайкі) на сайце «Архіварта»