Палацава-паркавы комплекс Лашкевічаў (Стайкі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сядзіба ў Стайках, 2009

Палацава-паркавы комплекс Лашкевічаў або сядзіба «Двор Стайкі» — сядзіба-паркавы ансамбль у вёсцы Стайкі ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі (Мядзеневіцкі сельсавет). Сядзіба займае маляўнічую тэрыторыю над ракой Змейкай.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У 1563 годзе Хусейн Малікбаш, прадстаўнік татарскага княжацкага роду, прадаў маёнтак Стайкі разам з наваколлем Багушу Аўсянніку. У 1571 годзе Стайкамі валодаў падканцлер ВКЛ, берасцейскі і кобрынскі староста Яўстах Валовіч. У 18 стагоддзі — уладанне Лопацей. У 1787 годзе маёнтак для асабістага пражывання набывае староста карпецкі Тамаш Здань Пушкін герба «Ястрабец». У 1876 годзе маёнтку належала 654 дзесяціны зямлі.

Пасля 1876 году сядзіба перайшла да Лашкевічаў. У 1911 годзе маёнтак належаў Адольфу Іосіфавічу, у 1914 — Наталлі Грацыянаўне. На сумежжы ХІХ і ХХ стагоддзя Лашкевічы перабудавалі старую сядзібу — захаваліся толькі некаторыя гаспадарчыя пабудовы. Новы двор уключаў сядзібны дом, стары парк, сад, сыраварню, ляднік, жылыя флігелі, цагельны завод, гаспадарчы двор.

Выгляд маёнтка[правіць | правіць зыходнік]

Вежа палацу, 2009
Сучасны стан, 2009

Будынак двухпавярховай сядзібы пасля перабудовы на пачатку 20 стагоддзя прыняў замкавую форму з элементамі эклектыкі. На правым боку маёнтка маецца высокая псеўдагатычная вежа. Цэнтральная частка галоўнага фасаду акцэнтавана неглыбокім рызалітам, завершаным дэкарыраваным шчытком. Цэнтральны ўваход вылучаны парадным ганкам з тэрасай[1].

Пасля Другой сусветнай вайны ў маёнтку знаходзілася сярэдняя школа. Пасля таго як будынак сядзібы прыйшоў у занядбанне, школу з яго перанеслі. Знішчэнне будынку паскорылася.

Сучасны стан[правіць | правіць зыходнік]

Сучасны стан, 2009

Сёння захаваўся маляўнічы парк, закладзены Пушкінымі, напаўразбураная сядзіба, колькі слупоў ад агароджы і будынкі гаспадарчых забудоваў: афіцына побач з палацам, склеп каля дарогі, флігер на поўдзень ад парку за ракой Змейкай.

Дах маёнтка на 2009 год быў абвалены, цагляныя муры разбураюцца прыродай і мясцовымі жыхарамі. Парк паціху ператвараецца ў сметнік. Камісія з Брэста не знайшла будынак палаца вартым уключэння ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і пакінула яго на руйнаванне часам.

Зноскі

  1. Л. М. Несцярчук. «Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х—ХХ стагоддзяў», Мінск, БелТА, 2002

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]