Патаватомі
Bodéwadmi | |
Правадыр, фота 1925 г.
| |
Агульная колькасць | 26300 |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Канада — 5300 ЗША — 21000 |
Мова | патаватомі |
Рэлігія | анімізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | аджыбвэ, атава, салто |
Патаватомі (ад аджыбвэ: potawatomink, літаральна "трымальнікі агню"; саманазва: Bodéwadmi) — алганкінскі народ, карэнныя жыхары Канады і ЗША. Агульная колькасць (2016 г.) - 26 300 чал.[1]
Патаватомі паходзяць ад групы алганкінаў, якая ў канцы 1 - пачатку 2 тысячагоддзя н. э. мігрыравала з ракі Святога Лаўрэнція да Вялікіх азёр. У 1634 г., калі адбыліся першыя кантакты з французскімі даследчыкамі, яны насялялі частку ўзбярэжжа возера Мічыган. Уваходзілі ў склад канфедэрацыі Рада трох агнёў[2]. У другой палове XVII ст. моцна пацярпелі ад наступу іракезаў. Пасля іх выгнання паступова занялі значныя тэрыторыі ад Антарыа да Вісконсіна[3]. Важную ролю пры гэтым адыгрывалі саюзныя адносіны з Францыяй. Каля 1695 г. сярод патаватомі дзейнічала французская езуіцкая місія.
Пасля Сямігадовай вайны трапілі пад кантроль Вялікабрытаніі. Хаця адносіны з брытанскімі ўладамі мелі складаны характар, пасля Амерыканскай рэвалюцыі, калі землі патаватомі пачалі паступова захоплівацца каланістамі з ЗША, былі вымушаны арыентавацца на саюз з каланіяльнай адміністрацыяй Канады. У вайне 1812 - 1814 гг. большасць патаватомі змагалася супраць ЗША. Пасля паражэння ў вайне народ апынуўся ў гаротным стане, паколькі былі парушаны гандлёвыя сувязі з Канадай. У 1829 г. і ў 1833 г. правадыры былі вымушаны перадаць ЗША значныя тэрыторыі, у тым ліку месца сучаснага Дэтройта. Гэта выклікала міграцыю часткі індзейцаў на захад і ў Канаду. У 1846 - 1867 гг. патаватомі фактычна былі расколаты. Частка, якая прыняла амерыканскае грамадзянства або мела прыватныя землі, здолела захаваць месцы свайго пражывання, аднак астатнія былі дабраахвотна або прымусова перамешчаны на захад ад Місісіпі.
У наш час патаватомі складаюць некалькі лакальных груп з розным прававым статусам, якія насяляюць штаты Вісконсін, Мічыган, Аклахома, Канзас і Індыяна ў ЗША, а таксама правінцыю Антарыа ў Канадзе.
Зноскі
- ↑ Potawatomi
- ↑ The Three Fires: Ojibwa, Odawa & Potawatomi - Absolute Michigan(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 14 кастрычніка 2016. Праверана 22 кастрычніка 2016.
- ↑ Potawatomi History - Indian Country Wisconsin Архівавана 21 верасня 2016.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Патаватомі на Вікісховішчы |