Размах крылаў 60—80 мм. Верхні бок крылаў чорна-буры, у самца з ярка-фіялетавым адлівам, у самкі светла-буры без адліву. Пералівы ствараюцца не сінім фарбавальнікам, а структурнымі афарбоўкамі, якія абумоўлены частковым адлюстраваннем сіняга складніку спектру святла. Самкі буйней самцоў. Пярэднія крылы з белымі плямамі, заднія з белай перавязкай, цёмныя вочкі акружаныя аранжавай аблямоўкай і на верхніх, і на ніжніх крылах . Ніжні бок крылаў — фіялетава-буры, адсутнічае белы зубчык на перавязцы.
У Еўропе — з ліпеня да пачатку жніўня. У Еўрапейскай частцы Расіі ў чэрвені—ліпені. На поўдні арэала або ў гарачыя гады ў канцы жніўня і верасні могуць з’яўляцца матылі другога пакалення. Лётае па берагах рэк і ручаёў, на палянах і ўзлесках шыракалістых і змяшаных лясоў, у вярбовых зарасніках. У горы не падымаецца вышэй за 1000 м над узр. м.
Самцы часта ўтвараюць скапленні па берагах лужын, ручаёў або на экскрыментах буйных жывёл, прыцягваюцца чалавечым потым. Самкі вядуць схаваны спосаб жыцця, трымаюцца ў асноўным у кронах дрэў і вельмі рэдка спускаюцца пад полаг лесу.
Уключаны ў Чырвоныя кнігі: Латвіі (1998) (2 катэгорыя), Смаленскай вобласці ў Расіі (1997) (4 катэгорыя), Усходняй Фенаскандыі (1998), Германіі (4 катэгорыя). Лімітуючыя фактары: агульнае пагаршэнне экалагічнай абстаноўкі ў натуральных месцах пражывання.
↑Дубатолов В. В., Мутин В. А., Новомодный Е. В., Долгих А. М. 2010. Пределы распространения дневных чешуекрылых (Insecta, Lepidoptera: Hesperioidea, Papilionoidea) суббореального и южных представителей температного комплекса в Нижнем Приамурье // Амурский зоологический журнал. Т. 2. № 3. С. 253—275.