Сярэднярускае ўзвышша

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Даліна ракі Асётр.

Сярэднярускае ўзвышшаузвышша ў цэнтры Еўрапейскай часткі Расіі. Знаходзіцца ў межах Усходне-Еўрапейскай раўніны — ад шыротнага адрэзка даліны ракі Ака на поўначы да Данецкага кража на поўдні. Даўжыня каля 1000 км, шырыня да 500 км, вышыня 200—250 м (найбольшая — 293 м); паўднёва-ўсходняя частка завецца Калацкім узвышшам.

Дакембрыйскі крышталічны падмурак найбольш прыпадняты ў сярэдняй частцы ўзвышша і выходзіць на паверхню ў даліне ракі Дон, паміж гарадамі Паўлаўск і Богучар. На поўначы складзеная вапнякамі дэвона і карбону, перакрытымі пясчана-гліністымі адкладамі юрскага і ніжняга мелу, на поўдні — крэйдай і мергелем верхняга мелу з покрывам палеагенавых пяскоў, глін, пясчанікаў. На паверхні паўсюдна распаўсюджаныя лёсападобныя суглінкі і лёсы. Карысныя выкапні: жалезныя руды Курскай магнітнай анамаліі (найбольш значнае Міхайлаўскае радовішча), буры вугаль і інш.

Рэльеф эразійны — ярава-балачна-далінны, з гушчынёй раздзялення да 1,3—1,7 м на 1 км² і глыбінёй ад 50 м да 100—150 м, месцамі развіты карст. Сярэднярускае ўзвышша з'яўляецца водападзелам паміж Каспійскім, Чорным і Азоўскім марамі. З узвышша сцякаюць буйныя рэкі — Ака (з прытокамі Зуша, Упа, Жыздра і інш.), Дзясна, Сейм, Псел, Ворскла, Дон (з прытокам Северскі Данец).

Сярэднярускае ўзвышша размяшчаецца ў падзоне шыракалістых лясоў лясной зоны, у лесастэпы і стэпы; пераважныя глебы — магутныя і вышчалачаныя чарназёмы, на поўначы — шэрыя лясныя, а на захадзе акрамя шэрых лясных — масівы падзолістых глебаў. Тэрыторыя моцна разараная. На Сярэднярускім узвышшы размешчаныя 2 запаведніка — Цэнтральначарназёмны запаведнік імя В. В. Алехіна і запаведнік «Галічча Гара».

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).