Перайсці да зместу

Перанаспароз крыжакветных

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сімптомы на савойскай капусце

Перанаспароз крыжакветных або Несапраўдная мучністая раса крыжакветных[1] — захворванне раслін сямейства капуставых (Brassicaceae), якое выклікаецца Hyaloperonospora brassicae і Hyaloperonospora parasitica[2] — грыбападобнымі арганізмамі, класіфікаванымі як ааміцэты, а захворванні, выкліканыя імі, належаць да групы хвароб, званых перанаспарозы[3]. Найбольш пашыраны на капусце, салаце, бручцы, турнэпсе, асабліва небяспечны для расады ў парніках.

Папярэднія даследаванні згадвалі як прычыну захворвання Hyaloperonospora parasitica[4][1], але гэты від быў падзелены на некалькі іншых, і ў цяперашні час узбуджальнікам хвароб, што выклікаюць несапраўдную мучністую расу ў родаў капуста (Brassica), рэдзька (Raphanus) і гарчыца (Sinapis), лічыцца Hyaloperonospora brassicae[5]. Гэты патаген сустракаецца ва ўсіх рэгіёнах вырошчвання капуставых раслін у свеце[6]. Пашкоджваюць рапс і капусту, а таксама на многія дзікарослыя расліны з сямейства капуставых. У пасевах хвароба асабліва небяспечная для ўсходаў рапсу і капусты. Поўная гібель расады сустракаецца рэдка, але адміранне некаторых лістоў аслабляе расліны і прыводзіць да зніжэння ўраджаю[1]. У гады эпіфітоцый можа зніжаць ураджай да 80 %[1]. Акрамя таго, заражанае лісце капусты дадаткова засяляецца бактэрыямі роду Erwinia і некаторымі відамі грыбоў, што выклікае наступнае загніванне качаноў. Гэта можа адбывацца ў палявых умовах або пазней, падчас захоўвання[4].

Нават пры спрыяльных для ўзбуджальніка умовах мучністая раса не працякае ў выглядзе эпідэміі, паколькі большасць культурных сартоў адрозніваецца высокай устойлівасцю да гэтай хваробы. Фактарам, які аслабляе гэтую супраціўляльнасць, з’яўляецца занадта малая колькасць калійных угнаенняў[4].

Захворванне пашкоджвае расліны на розных стадыях развіцця. Яе прыкметнымі сімптомамі з’яўляюцца плямы на надземных частках раслін, у асноўным на лісці і семядолях. Спачатку яны жоўтыя, хларатычныя, затым бурыя[1]. У вобласці гэтых плям на ніжнім баку лісця ўтвараецца спачатку белы, затым шэры налёт[1]. Моцна заражанае лісце і семядолі адміраюць. Старое лісце асабліва ўспрымальнае да інфекцыі[4]. У капусты грыб часта пранікае ў храпку і ў каранёвую сістэму, выклікаючы пацямненне[1].

Этыялогія і эпідэміялогія

[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцай першаснай інфекцыі з’яўляюцца ааспоры, якія зімуюць у глебе на заражаных мёртвых раслінных рэштках, а часам і ў абалонках насення. Часам гіфы ўзбуджальніка могуць таксама зімаваць[1] (напрыклад, на лісці азімага рапсу). У перыяд вегетацыі заражаныя расліны вырабляюць споры, якія распаўсюджваюць хваробу і выклікаюць другасныя інфекцыі[4]. Гэтыя споры застаюцца жыццяздольнымі на працягу некалькіх дзён і распаўсюджваюцца і заражаюцца падчас вільготнага надвор’я. Пры тэмпературы 15—20 °C цыкл развіцця ад заражэння да ўтварэння спор доўжыцца ўсяго 3—4 дні[7].

Захворванне папярэджваюць або абмяжоўваюць глыбокім заворваннем пажніўных рэшткаў і захаваннем севазвароту. Пры вытворчасці расады варта пазбягаць залішняй вільготнасці паветра, выконваючы адпаведныя міжраддзі і гушчыню пасева, праветрываючы памяшканні і змагаючыся з пустазеллем. Апырскванне фунгіцыдамі выкарыстоўваюць толькі пры неабходнасці[4].

  1. а б в г д е ё ж А. С. Шуканаў. Перанаспарозы // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 4. Недалька — Стаўраліт / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1985. — С. 170. — 599 с., іл. — 10 000 экз.
  2. Zbigniew Borecki  (ВД), Małgorzata Solenberg (red.), Polskie nazwy chorób roślin uprawnych, wyd. 2, Poznań: Polskie Towarzystwo Fitopatologiczne, 2017, ISBN 978-83-948769-0-6
  3. Joanna Marcinkowska, Oznaczanie rodzajów grzybów sensu lato ważnych w fitopatologii, Warszawa: PWRiL, 2012, ISBN 978-83-09-01048-7
  4. а б в г д е Selim Kryczyński  (польск.), Zbigniew Weber (red.), Fitopatologia. Choroby roślin uprawnych, t. 2, Poznań: PWRiL, 2011, ISBN 978-83-09-01077-7
  5. J.J. Hladilova. Downy Mildew Caused By Hyaloperonospora (Peronospora) spp. on Wild Rocket (Diplotaxis tenuifolia) and Other Crops from Brassicaceae Family (англ.)(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 лютага 2018. Праверана 16 снежня 2015.
  6. Search -- Discover Life. www.discoverlife.org. Праверана 2 ліпеня 2024.
  7. Zofia Fiedorow, Barbara Gołębniak, Zbigniew Weber, Choroby roślin rolniczych, Poznań: Wyd. AR Augusta Cieszkowskiego w Poznaniu, 2008, ISBN 978-83-7160-468-3