Першы Усебеларускі з’езд

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Будынак Мінскага гарадскога тэатра, у якім адбываўся І Усебеларускі кангрэс

Усебеларускі з'езд, або Першы Усебеларускі кангрэс — прадстаўнічы сход беларускага народа.

Быў скліканы Вялікай Беларускай Радай. Пачаўся з 5 снежня 1917 года ў Мінску. З'езд сабраў шмат беларускіх палітычных дзеячаў (пераважна — сацыялістычнай арыентацыі) ад усіх населеных беларусамі губерняў.

Падрыхтоўка склікання[правіць | правіць зыходнік]

Думка пра скліканне агульнакраёвага сходу цыркулявала ў мясцовых арганізацыях самай рознай палітычнай накіраванасці яшчэ з вясны 1917 года[1]. На дэмакратычнай нарадзе, якая адбылася ў Маскве ў верасні 1917 года, беларускія прадстаўнікі афіцыйна заявілі аб намеры склікаць свой Беларускі ўстаноўчы сход. Аб гэтым гаварылася таксама на другой сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (ЦРБА) 17 кастрычніка, што ўскосна пацвярджаецца пісьмом І. Варонкі да членаў Вялікай беларускай рады (ВБР) Я. Дылы, С. Рак-Міхайлоўскага, А. Прушынскага, І. Дварчаніна, Я. Мамонькі і іншых ад 26 лістапада 1917 года[2].

У першай палове лістапада (дакладная дата невядома) была выдадзена адозва «Да ўсяго народа беларускага» выканкомаў Вялікай беларускай рады, Цэнтральнай беларускай вайсковай рады, а таксама Беларускага выканкома Заходняга фронту. Адозва завяршалася заклікам прысылаць 5 снежня 1917 года дэлегатаў у Мінск на Усебеларускі з'езд[3].

Да 14 снежня было зарэгістравана каля 1800 дэлегатаў (пераважна настаўнікі, ваенныя, чыноўнікі). Колькасць удзельнікаў не была пастаяннай. На І Усебеларускім з'ездзе прысутнічала 1872 дэлегаты, з якіх 1167 з правам рашаючага голаса. На з'ездзе не былі прадстаўлены ўсе слаі беларускага насельніцтва — цалкам адсутнічалі прадстаўнікі аб буржуазіі (сярэдніх і буйных маянткоўцаў, сярэдніх і буйных акцыянераў, прадпрымальнікаў-прамыслоўцаў і фінансістаў (банкіраў)). З грамадскіх і палітычных груповак на з'езде выявіліся наступныя: земляцтвы (беспартыйныя) — магілёўскае, мінскае, віцебскае, смаленскае, віленскае, гродзенскае (г.з. ад усіх беларускіх губерняў); фракцыі сацыялістычных партый: эсэраў правых і левых, сацыял-дэмакратаў (бальшавікоў, меншавікоў і інтэрнацыялістаў), Беларускай Сацыялістычнай Грамады, анархістаў і іншых беларускіх палітычных партый; прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, такіх як: земства, гарадскія самакіраванні, зямельныя камітэты, прафсаюзы, настаўніцкія аб'яднанні, ваенныя беларускія рады, бежанскія камітэты. Запрашаліся таксама і прадстаўнікі розных Саветаў. Па саслоўнай прыкмеце з'езд быў пераважна сялянскім, а па эканамічным поглядам — сацыялістычным.

З'езд абвясціў права беларускага народа на самавызначэнне і прыняцце дэмакратычнай формы ўраду. Падчас паседжання назіралася розніца ў палітычных поглядах паміж дэлегатамі ад БСГ і т.зв. «абласнікамі», якія прадстаўлялі галоўным чынам рэгіёны Усходняй Беларусі. Калі першыя казалі пра пэўную форму аўтаноміі альбо незалежнасць краіны, то другія бачылі будучыню Беларусі ў складзе дэмакратычнай Расіі.

Была абрана Рада Кангрэсу, у склад якой увайшоў 71 прадстаўнік розных палітычных партый, а таксама Выканаўчы камітэт Рады Кангрэсу.

Пасля доўгіх дыскусій у ноч з 17 па 18 снежня 1917 года быў прыняты першы пункт агульнай рэзалюцыі: «Першы Усебеларускі З'езд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць з свайго складу орган краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, салдацкіх, рабочых дэпутатаў, які часова становіцца на чале кіравання краем». Бальшавікі пільна сачылі за ўсім, што адбываецца на з'ездзе, да часу не перашкаджалі яму. Аднак як толькі дэлегаты пераадолелі разыходжанні і здолелі прыняць першы пункт рэзалюцыі і гэтым паставілі па-за законам мясцовую бальшавіцкую ўладу[Крыніца?], 17 снежня 1917 года будынак, у якім праходзіў кангрэс быў акружаны бальшавіцкімі атрадамі, а дэлегаты былі разагнаныя.

Рада Кангрэсу і яе Выканаўчы камітэт працягвалі дзейнасць у падполлі. Пазней яны адыгралі важную ролю ў абвяшчэнні БНР.

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

З'езд быў дастаткова палярызаваны. Пад час яго разгарнулася вострая барацьба паміж «радаўцамі» (прыхільнікамі Вялікай Беларускай рады і Цэнтральнай Беларускай вайсковай рады ў Мінску). Радаўцы былі гатовы да адносна рашучых крокаў па стварэнні беларускай дзяржаўнасці, пад той час як «абласнікі» (прыхільнікі Беларускага абласнога камітэта ў Петраградзе), арыентаванай толькі на цесную палітычную сувязь Беларусі з Расіяй. Гэтыя погляды выявіліся ў поглядах удзельнікаў з'езда на беларускую мову. Адзін з яго дэлегатаў пазней узгадваў такі момант:

«Прыпамінаю сабе адзін факт з Усебеларускага з'езду. Калі нейкі дэлегат пачаў гаварыць прамову чыста па-беларуску, то выступіў з задніх радоў адзін маскальскага духу чалавек і, дражнячы беларускую гаворку, пачаў пытацца ў таго дэлегата, што значаць такія словы, як працаваць, жыта і г.д. Дык ці паверыце, усе дэлегаты, колькі іх было, асабліва ваенныя, так азверыліся на таго маскаля, што зала аж загудзела ад гоману.
Скуль ты прыехаў, — крычалі адны, — што не знаеш нашай мовы?
Тут з'езд не маскоўскі, а беларускі, — крычалі другія.
Вон яго, — крычалі трэція.»[4]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Рудовіч, С. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 годзе / Станіслаў Рудовіч; Ін-т гісторыі НАН Беларусі. — Мн.: Тэхналогія, 2001. — 200, [1] с. — С. 167. — ISBN 985-458-001-6.
  2. Ладысеў, У. Ф. Першы Усебеларускі з'езд 1917 г. і яго наступствы / У. Ф. Ладысеў // Нарыс гісторыі беларускай дзяржаўнасці: XX стагоддзе / М. П. Касцюк, У. Ф. Ладысеў, В. М. Жук [і інш.]; Рэдкал.: А. А. Каваленя [і інш.]; НАН Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мн.: Беларуская навука, 2008. — 615 с. — С. 70. — ISBN 978-985-08-0999-5. [Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ). Ф. 325. Воп. 1. Спр. 2. Арк. 91.]
  3. Турук, Ф. Белорусское движение: Очерк истории национального и революционного движения белорусов: С приложением образцов белорусской нелегальной литературы, важнейших документов белорусских политических партий и национальных организаций и этнографической карты белорусского племени, сост. Е. Ф. Карским / Предисл. А. Кавки. — Б.м., 1994 (Мн.:Картогр.ф-ка Белгеодезии). — 144 с. + 1 л. карт. — С. 97—100.
  4. Станіслаў Рудовіч Рух за беларускую дзяржаўнасць і праблема грамадзянскага статуса беларускай мовы ў 1915-1918 гадах. часопіс «Край». Беларуская інтэрнэт-бібліятэка «Камунікат» (2002). Праверана 31 студзеня 2013.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У.Ф. Ладысеў, П.І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]