Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Тытульны аркуш «Пэрэгрынацыя…»

Перэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю (лац.: «Hierosolymitana peregrinatio ill. p. Nicolai Christophori Radziwili, ducis in Olyka, epistolis comprehensa»[1]) — кніга, напісаная Мікалаем Крыштафам Радзівілам Сіроткам на лацінскай мове, у якой ён апісвае сваё падарожжа ў Святую зямлю. Выдадзена ў Браневе ў 1601 годзе. Пазней кніга двойчы перавыдавалася на лаціне, у 1610 і 1753 гадах.

Кніга М. К. Радзівіла карысталася вялікім попытам, вытрымала 19 перавыданняў на польскай, нямецкай, лацінскай і рускай мовах.

Змест[правіць | правіць зыходнік]

У 1582—84 г. М. К. Радзівіл здзейсніў падарожжа ў Іерусалім. Убачанае і перажытае ён запісаў у эпічнай «Перэгрынацыі, або Паломніцтве ў Святую зямлю», якая ўпершыню выйшла ў свет на лаціне ў 1601 г. у Брунсбергу («Hierosolymitana peregrinatio ill. p. Nicolai Christophori Radziwiіі, ducis in Olyka, epistolis comprehensa»).

Ілюстрацыя з кнігі

Пісьменнік абраў для літаратурнага самавыяўлення адметны жанр — лісты да сябра (усяго 4): пісьменніка — чытачу. Такі выбар жанру не выпадковы, бо такая мастацкая форма дазваляла здымаць умоўныя бар'еры, набліжаць чытача да аўтарскай думкі, яго ўражанняў. Асаблівасці творчага метаду М. К. Радзівіла выявіліся ў характары выбару ім прадметаў і аб'ектаў літаратурнага адлюстравання, мастацка-тэматычных прыярытэтах.[2]

Важнае месца ў творы займае геаграфічна-геалагічная тэматыка. Яна выявілася ў апісаннях гістарычных зямель — Галілеі, Самарыі, Бетаніі. Апісваючы Галілею, аўтар, напр., падаваў звесткі пра яе ландшафт, ворныя землі, расліннасць, нацыянальны склад насельнікаў, іх асноўныя гаспадарчыя заняткі. Не засталіся па-за ўвагай знакамітыя вадаёмы: моры — Албанскае, рэкі — Іардан, Ніл, Абана, Фарфар, возера Генісарэт, Егіпецкая крыніца. Як правіла, М. К. Радзівіл звяртае ўвагу на іх памеры — працягласць, глыбіню, даўжыню і шырыню. У «Перэгрынацыі…» шмат месца адводзіцца горам, у прыватнасці, згадваюцца — Аліўная гара, Бетанія, Табар, Кармель і інш. Сярод ключавых топікаў — вышыня гораў, формы іх вяршыняў, расліннасць, пабудовы на схілах. Аўтар дэталёва апісвае астравы Крыт, Карцыру, Кіпр і Сіцылію, Фану. Пісьменнік падаваў звесткі пра вятры, вядомыя пад мясцовымі назвамі — Каўрэн, Афрык.

Другое па значнасці месца ў «Перэгрынацыі…» займае ўрбаністычная тэматыка. М. К. Радзівіл асабліва дбаў пра тое, каб занатаваць звесткі пра гарады і мястэчкі. На старонках твора можна знайсці падрабязныя звесткі пра Каір, Тыр, Яфу, Ерыхон, Александрыю, Іерусалім, Трыполь, Баальбек, Дамашак, Сефер, руіны Гартына, Астун. Найважнейшыя тэмы ў апісаннях гарадоў — геаграфічнае размяшчэнне горада, колькасць жыхароў, іх роля як гандлёвых і вытворча-прамысловых асяродкаў, абарончыя збудаванні, дагледжанасць вуліц, хто і калі быў валадаром горада. Аўтар засяроджваецца на асобных пабудовах, найперш, цэрквах і манастырах — Іерусалімская царква, царква Св. Яна Хрысціцеля, царква Св. Марыі дэ Карпіньяна; апісвае порты — Далмацыя; палацы і жылыя дамы — Саламонаў палац у Баальбеку, Юдаў дом, Ірадаў палац. Асаблівае захапленне выклікалі ў пісьменніка Егіпецкія піраміды.

Значнае месца ў творы належыць біяморфнай тэматыцы, што выявілася ў паведамленнях пра ўласцівасці жывёл і птушак — хамелеона, кракадзіла, страўса, марскіх коняў, чыжа, вярблюда, курапатак. Аўтар маляўніча апісвае знешні выгляд свойскіх і дзікіх жывёл, іх паводзіны. Шырока прадстаўлены ў творы раслінны свет. Пісьменнік імкнецца занатаваць звесткі пра дзікія і культурныя расліны, іх уласцівасці, вонкавы выгляд, пах і смак. Так, аўтар паведамляе пра манну, плод маўза, дрэвы касія, бальсан, пальмы, спалат, ерыхонскую ружу.

На старонках твора значнае месца займала этналагічная тэматыка, раскрыццё нораваў і звычак блізкаўсходніх і афрыканскіх народаў — туркаў, арабаў, друзіянаў. Аўтар, як правіла, піша пра ўклад жыцця, сацыяльную іерархію, гаспадарку, стравы і харчаванне, вопратку, рэлігійныя абрады, хваробы, выхаванне дзяцей, ваенныя турніры, сацыяльнае становішча жанчын, пахавальныя звычаі, вяселлі, танцы і скокі, паводзіны свецкіх валадароў і царкоўных іерархаў, адносіны з суседнімі народамі. 3 унутраным пратэстам пісьменнік паведамляў пра гандаль нявольнікамі на Блізкім Усходзе.

Імкнучыся заінтрыгаваць чытача, падтрымаць яго зацікаўленне, М. К. Радзівіл засяроджваўся на розных прыгодах, незвычайных падзеях, прыродных катаклізмах — бурах, штормах, сутычках з разбойнікамі, небяспечных сітуацыях. Аўтар пераказвае біблейныя легенды, а таксама сюжэты з рымскай і грэчаскай міфалогій, шматлікія народныя паданні — пра скарб, знойдзены чарнакніжнікам у памеры 30 тысяч дукатаў літым золатам, пра заснаванне Парысам горада Парэнцыі, пра султана Асана. М. К. Радзівіл змяшчае напаўвыдуманыя аповеды і гісторыі людзей, якіх ён нібыта сустракаў, пра розныя дзівосы і незвычайныя з'явы.

Творчы дыяпазон М. К. Радзівіла быў надзвычай шырокі. Як сапраўдны майстар слова ён адлюстроўваў шматграннае жыццё ва ўсіх яго праявах і вымярэннях, імкнучыся поўнасцю задаволіць эстэтычныя густы і цікавасць сваіх чытачоў.[2]

Выданні[правіць | правіць зыходнік]

«Перэгрынацыя…» двойчы перавыдавалася на лаціне, у 1610 і 1753 гадах. На польскай мове вядома восем выданняў «Перэгрынацыі…» (Кракаў, 1607, 1609, 1611, 1617, 1628, 1683, 1745; Вроцлаў, 1847). У 1-ай пал. 17 ст. з 4-га польскага выдання (1617) з'явіўся пераклад «Перэгрынацыі…» на рускую мову. У Расіі твор доўгі час распаўсюджваўся ў рукапісах. Захавалася шэсць яго спісаў. У 1879 паводле аднаго са старажытных маскоўскіх арыгіналаў «Перэгрынацыю…» апублікаваў П. А. ГільтэрбрандтПохождение в Землю Святую князя Радивила Сиротки 1582—1584» СПб, 1879). Пераклад на сучасную беларускую мову, зроблены паводле выдання: Міkolaja Krzysztofa Radziwila Pielgrzymka do Ziemi Świętej. Tłómaczona przez X. Andrzeja Wargockiego. Wrocław, 1847.

Беларускія пераклады[правіць | правіць зыходнік]

  • Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва ясна асветленага князя ягамосці Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Святую Зямлю // Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мн.: Кнігазбор, 2010. — («Беларускі кнігазбор»). ISBN 985-6824-43-5

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]