Перайсці да зместу

Праснічка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праснічка
Жанр верш
Аўтар Ян Чачот
Мова арыгінала польская
Дата напісання 1845
Пераклад на беларускую Генрых Татур
К. Цвірка
Электронная версія
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Праснічка» (польск.: Prząśniczka) — верш Яна Чачота, напісаны ў 1840-х гадах і апублікаваны ў альманаху «Rubon» у 1845 годзе ў паэтычным цыкле «Песенькі». Пакладзены на музыку Станіславам Манюшкам.

У 1897 годзе мінскі археолаг Генрых Татур пераклаў гэту песню на беларускую мову пад назвай «Прадкі».

Верш «Праснічка» тэматычна блізкі з вядомаю песняй князя Антонія Генрыха Радзівіла «За калаўроткам»[1]. У гэтай песні дзяўчына прадзе нітку, а перажыванні хлопца поруч звязаныя з чаканнем узаемнасці. Тое, што ў песні Антонія Генрыха толькі мелася на ўвазе і трымала героя ў напружанасці, у «Праснічцы» Яна Чачота ператварылася ў сапраўднасць.

На думку Уладзіміра Мархеля, сумненні ў трываласці шчасця радзівілаўскага героя былі навярэджаны працяглаю самотаю і безадказным каханнем Яна Чачота да Зосі Малеўскай, сястры філамата Францішка Малеўскага і дачкі рэктара Віленскага ўніверсітэта Сымона Малеўскага[1].

Маладзіца-прыгажуня прадзе ніткі на вечарах поруч з іншымі дзяўчатамі, памяць якіх пра каханага такая ж доўгая, як іх пража. Да маладзіцы, нарачоны якой паехаў у «Кралевец віцінай», заляцаецца іншы хлопец, і праз тры дні яе нітка рвецца і заканчваецца вернасць далёкаму любаму, яе шчокі заліваюцца фарбай сораму.

Песня завяршаецца лёгкім дакорам, скіраваным на легкадумную, хоць і сарамяжлівую дзяўчыну.

Назва песні адсылае да прасніцы, назвы драўлянай прылады для трымання кудзелі пад час прадзення, хаця многімі сучаснымі слухачамі памылкова ўспрымаецца як азначэнне самой дзяўчыны, якая прадзе нітку.

Неўзабаве пасля публікацыі верша польскі кампазітар Станіслаў Манюшка напісаў на яго словы музыку і апублікаваў гэты твор у трэцім «Хатнім спеўніку». У XIX стагоддзі «Праснічка» была адной з найпапулярнейшых песень у Польшчы[2].

У наш час яе часта выконваюць як інструментальны твор на духавых інструментах. Для фартэпіяна яго транскрыпцыю выканаў польскі кампазітар Генрык Мельцэр-Шчавінскі. Яго выкарыстоўвалі як пазыўны радыё- і тэлевізійныя станцыі: Польскім радыё Беласток і Тэлебачаннем Лодзь. Таксама ўжываецца як «хэйнал» (афіцыйны гукавы сімвал) польскіх гарадоў Лодзь і Жырардаў.

Зноскі

  1. а б Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 2. Новая літаратура : другая палова XVIII—XIX стагоддзе. — Мінск: «Беларуская навука», 2007. — С. 193—194
  2. Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 290. — 327 с. — ISBN 5-340-00171-7.