Рагачоўская настаўніцкая семінарыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Рагачоўская настаўніцкая семінарыя — навучальная ўстанова для падрыхтоўкі школьных настаўнікаў, якая дзейнічала ў Рагачове з 1909 да 1919 года.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Мужчынская 4-класная настаўніцкая семінарыя адкрыта 1 ліпеня 1909 г. Семінарыя размяшчалася ва ўласным будынку, рамонт якога разам з памяшканнямі інтэрната, будынка пачатковага вучылішча і лазарэта праводзіўся ў 1909 г. пад кіраўніцтвам акруговага архітэктара С. М. Валансевіча. Таму для размяшчэння семінарыі з 27 жніўня 1909 г. на чатыры гады арандаваўся драўляны дом у Я. Дашкевіча па вул. Пясчанай. Навучэнцы пражывалі ў некалькіх арандаваных драўляных дамах. З 1912 г. у домаўласніцы Ю. Ф. Куўр арандаваны флігель з чатырох пакояў па вул. Канатнай пад бальніцу для выхаванцаў. У 1910 г. у Я. Дашкевіча быў зняты яшчэ адзін дом па вул. Аляксандраўскай для размяшчэння пачатковага двухкласнага вучылішча пры семінарыі. Пры ёй была дамавая царква, іканастас, выраблены І. П. Пашкавым у 1914 г[1].

У семінарыю прымаліся асобы 15-18 гадоў[1], якія мелі дыплом пра заканчэнне народнага вучылішча[2]. Пры гэтым для старэйшага ўзросту маглі быць абмежаванні, бо для заканчэння навучання ім спатрэбілася б адтэрміноўка па ваеннай павіннасці[1]. Тэрмін навучання складаў 3-4 гады[2]. Сярод навучэнцаў былі прадстаўнікі розных саслоўяў — гэта дзеці мяшчан, казакоў, дваран, духавенства, сялян (звыш 80 %). Па веравызнанні ўсё да адзінага з’яўляліся праваслаўнымі[2]. Так у 1910 г. з 80 навучэнцаў 67 адносіліся да сялянскага саслоўя, у 1911 г. з 110 (або 113[1]) чалавек — 91. Дзяцей жа дваран і духавенства налічвалася ўсяго па адным чалавеку[2]. У 1911 г. у тут працавала восем настаўнікаў, уключаючы дырэктара, урача і двух настаўнікаў пачатковага вучылішча[1].

Хоць выдаткі на навучанне аднаго чалавека ў год складалі 390 рублёў, семінарысты атрымлівалі адукацыю бясплатна[2]. Для падтрымання семінарыстаў засноўваліся стыпендыі, напрыклад, для дзяцей загінулых на вайне кавалераў ордэна св. Георгія Пераможца ў памеры 246 руб. 54 кап. пачатковага капіталу[1]. Так са 110 навучэнцаў у 1912 г. 82 атрымлівалі стыпендыю па 100 рублёў, з іх 60 — са сродкаў дзяржаўнага казначэйства, 22 — Магілёўскага губернскага земства[2].

У 1913 г. у семінарыі была заснавана стыпендыя імя С. Ц. Дрыбінцава — патомнага ганаровага грамадзяніна Рагачова. Перавага пры яе атрыманні аддавалася найбедным жыхарам Рагачоўскага павета, пераважна Кашалёўскай і Дудзіцкай валасцей, якія праявілі на прыёмных выпрабаваннях дастатковыя здольнасці і падрыхтоўку да навучання, або навучэнцам установы, якія найбольш добра паспявалі і былі годнымі стыпендыі па сваіх паводзінах. І ў гэтым выпадку перавага аддавалася жыхарам Кашалёўскай і Дудзіцкай валасцей[2].

У настаўніцкай семінарыі выкладаліся руская мова і літаратура, арыфметыка, прыродазнаўства, фізіка, гісторыя, маляванне, спевы, педагогіка, псіхалогія і методыка пачатковай адукацыі, геаграфія, гімнастыка, рамяство (пераплётнае майстэрства і пляценне кошыкаў), Закон Божы і царкоўнаславянская мова[2].

У 1910 г. дырэктарам быў Д. А. Сцяпура. Ім на базе семінарыі былі арганізаваны педагагічныя курсы з 10.06. па 10.07.1910 г., на якія камандзіравана 37 настаўнікаў і 75 вольных слухачоў. На праезд і пражыванне 40 курсістаў Камісіяй па народнай адукацыі было вылучана 700 руб. Па заканчэнні курсаў настаўнікі атрымлівалі адпаведныя пасведчанні[1].

Акрамя заняткаў, навучэнцы бралі ўдзел у арганізацыі свят і вечарын, прымеркаваных да 50-годдзя адмены прыгоннага права, 100-годдзя Айчыннай вайны 1812 года, 200-годдзя з дня нараджэння Ламаносава[2].

Для выхаванцаў семінарыі і навучэнцаў педагагічных курсаў[1] ладзіліся арганізоўваліся экскурсіі ў Маскву, Кіеў, Крым, Магілёў, падарожжа па Волзе, у Баркалабаўскі жаночы манастыр, наведванне сельскагаспадарчай выстаўкі ў Быхаве[2].

Да 50-годдзя вызвалення сялян ад прыгоннай залежнасці пры семінарыі адкрылася нядзельная школа для дарослых (старэйшых за 17 гадоў) у будынку пачатковага вучылішча. Яна ўтрымлівалася на добраахвотныя ахвяраванні і 200 руб. у год ад рагачоўскай гарадской управы. Выкладалі 3 настаўнікі семінарыі, 1 рэальнага вучылішча, 5 жаночай гімназіі і ветэрынарны ўрач. Заняткі праходзілі па нядзельных і святочных днях з 13.00 да 16.00. У 1912 г. школу наведвалі 38 чалавек[1].

Педагагічны музей пры Рагачоўскай семінарыі адкрыўся 1 студзеня 1910 г. У ім да канца года былі 254 дапаможнікі. Да 1913 г. музей падзяляўся на два аддзела: бібліятэка (2008 назваў) і навочныя дапаможнікі (451 прадмет)[1].

У 1912 г. паступала ў першы клас 184 чалавекі. З іх толькі 41 быў залічаны, а шэсць не з’явіліся на экзамены[1].

У 1915 г. працавалі 10 выкладчыкаў, якія з’яўляліся выпускнікамі ўніверсітэтаў Масквы, Юр’ева, настаўніцкіх семінарый Полацка, Варонеж, Віленскага юнкерскага вучылішча, Маскоўскага Строганаўскага мастацка-прамысловага вучылішча[2].

9 чэрвеня 1919 г. семінарыя была ператворана ў трохгадовыя педагагічныя курсы для падрыхтоўкі настаўнікаў адзінай рабочай школы I-й ступені. За гады свайго існавання семінарыя выпусціла больш за 100 педагогаў пачатковых школ[2].

Дырэктары[правіць | правіць зыходнік]

Вядомыя навучэнцы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к Могилевская губерния : государственные, религиозные и общественные учреждения (1772—1917) / [Е. К. Анищенко и др. ; составители: Ю. Н. Снапковский, Д. Л. Яцкевич; редколлегия: Д. В. Яцевич (главный редактор) и др.] ; Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь, Национальный исторический архив Беларуси. — Минск : Беларусь, 2014. — 814 с., [12] л. ил.
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Бокарева И. Н. Деятельность Рогачевской мужской учительской семинарии в начале XX века Архівавана 13 красавіка 2023.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Могилевская губерния : государственные, религиозные и общественные учреждения (1772—1917) / [Е. К. Анищенко и др. ; составители: Ю. Н. Снапковский, Д. Л. Яцкевич; редколлегия: Д. В. Яцевич (главный редактор) и др.] ; Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь, Национальный исторический архив Беларуси. — Минск : Беларусь, 2014. — 814 с., [12] л. ил.