Быхаў
Горад
Быхаў
| ||||||||||||||||||||||||||||||||||
Бы́хаў[3] (трансліт.: Bychaŭ) — горад раённага падпарадкавання ў Магілёўскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Быхаўскага раёна, цэнтр Дня беларускага пісьменства (2013); прыстань на Дняпры. За 50 км ад Магілёва; чыгуначная станцыя на лініі Магілёў—Жлобін, аўтадарогамі злучаны з Магілёвам, Рагачовам і з аўтамагістралямі Магілёў-Гомель, Магілёў—Бабруйск. Насельніцтва 17 082 чал. (2017)[4].
Назва[правіць | правіць зыходнік]
Існуе некалькі тлумачэнняў паходжання тапоніму «Быхаў». Згодна з найбольш пашыраным з іх, назва горада ўтварылася ад словазлучэння «быў хоў» — ва ўмацаваннях на месцы сучаснага Быхава жыхары Падняпроўя хаваліся ад ворагаў, таксама там спыняліся гандлёвыя караваны, што ішлі Дняпром[5]. Тым часам, на думку географа В. Жучкевіча, тапонім паходзіць ад асабістага імя Бых, пра што сведчыць суфікс -аў[6].
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Вялікае Княства Літоўскае[правіць | правіць зыходнік]
Упершыню згадваецца ў «Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец XIV ст.), у 1430 г. сярод гарадоў, якія падтрымалі абранне Свідрыгайлы вялікім князем. Узнік на месцы ўмацаванага гарадзішча.
У 2-й чвэрці XV ст. належаў князю Дз. С. Друцкаму-Зубравіцкаму па пазванні Сякіра. Яго дачка Марына выйшла замуж за князя С. С. Гальшанскі-Трабскім і валодала Быхавам сумесна з мужам, а потым як удава. Памерла каля 1495 г., завяшчала Быхаў свайму ўнуку А. Гаштольду. Найбуйнейшыя магнаты свайго часу А. Гаштольд і яго адзіны сын Станіслаў валодалі Быхавам да смерці Станіслава ў 1542 г., потым усе маёнткі Гаштольдаў адышлі да вялікага князя Жыгімонта I Старога. Быхаў быў ператвораны ў цэнтр дзяржаўнага староства, здадзенага ў заклад князю І. Саламярэцкаму, які ў 1556 г. Быхаў пераклаў Е. А. Хадкевічу. Апошні ў 1560 г. атрымаў прывілей на валоданне Быхавам у якасці лена, пазней — у якасці вотчыны.
У 1561 г. Быхаў перайшоў да Я. Е. Хадкевіча, «графа на Шклове, Быхаве, Глуску і Мышы». У канцы XVI ст. тут пачата будаўніцтва быхаўскіх гарадскіх ўмацаванняў і Быхаўскага замка. Я. К. Хадкевіч (апошні ўладальнік Быхава з роду Хадкевічаў) заснаваны касцёл св. Казіміра. У 16—18 ст. працавала вядомая ў Еўропе Быхаўская людвісарня (гарматная ліцейня майстэрня), дзе мясцовыя высокакваліфікаваныя майстра выраблялі гарматы, ядры, кулі і інш.
Пасля шлюбу дачкі Я. К. Хадкевіча Ганны з сынам канцлера Л. Сапегі Янам Станіславам у 1621 г. Быхаў перайшоў да Сапегаў. Горадам валодалі Сапегі: Казімір Леў (з 1635 г.), Павел Ян (1656—1665 гг.), Казімір Ян (да 1720 г.), Юры Станіслаў (да 1732 г.), Антоній Казімір (да 1739 г).

У 1-й палове XVII ст. ў адрозненне ад мястэчка Новы Быхаў Быхаў пачынаюць называць Старым Быхавам. Быў цэнтрам вялізнага Быхаўскага графства ў Аршанскім павеце. У 1648 г. горад асаджала, але не здолела ўзяць казацкае войска Ф. Гаркушы. Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гг. Быхаў спярша вытрымаў працяглую аблогу расійскіх войскаў у 1654—1656 гадах, аднак у 1657 годзе захопнікі штурмам авалодалі ім. У 1660—1661 гадах пасля непрацяглай аблогі войска Вялікага Княства Літоўскага вызваліла горада.
У Паўночную вайну 1700—1721 гадоў важны стратэгічны пункт. 5 кастрычніка 1702 з прычыны пераходу Сапегаў на бок Швецыі цар маскоўскі Пётр I зруйнаваў горада і замак. У 1737 пры кляштары адкрылася школа. На 1747 у Быхаве было 247 двароў, працавалі бібліятэка, паташня, саладоўня, лазня, астрог[7]. Насельніцтва групавалася ў мяшчанскай і яўрэйскай абшчынах. За карыстанне зямлёй яны плацілі ўладальніку горада грашовы чынш і выконвалі павіннасці ў замку. На 1755 — 534 двары, малітоўная школа, 9 гандлёвых радоў; штогод праводзіліся 3 кірмашы[7].
Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Быхаў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам Быхаўскага павета Магілёўскай губерні (у 1796—1805 заштатны горад Беларускай губерні). 16 жніўня 1781 ён атрымаў герб: «у чырвоным полі дзве скрыжаваныя чыгунныя гарматы»[8]. На 1783 у Быхаве было 534 будынкі, працавала павятовае вучылішча. У 1781 з’явіўся генеральны план, згодна з якім горад набыў рэгулярную структуру. У гэты час існавалі 3 уязныя брамы: Падольная (Дольная), што вяла да Дняпра, Магілёўская (у паўночнай частцы горада) і Рагачоўская (навабыхаўская, у паўднёвай частцы). На 1825 у Быхаве было 569 будынкаў, 2 навучальныя ўстановы, 8 крамаў, 13 корчмаў, 3 лазні, 5 садоў, 5 гаспадарскіх дамоў. Існаваў замак з 2 вежамі і 8 калонамі, мелася карцінная галерэя.

Па здушэнні вызваленчага паўстання (1830—1831) расійскія ўлады канфіскавалі Быхаўскі маёнтак у Сапегаў. На 1841 у месце 652 будынкі, 19 вуліц і завулкаў, флянелевая фабрыка. У часы нацыянальна-вызваленчага паўстання (1863—1864) у ваколіцах Быхава дзейнічаў аддзел на чале з І. Анцыпам. На пачатак 1880-х — 809 будынкаў, у тым ліку 3 цагляныя, 2 прадпрыемствы з вырабу запалак і цэглы, крупадзёрка, 4 ветраныя млыны, двухкласая павятовая і прыходскае вучылішча, 1 цагляная і 3 драўляныя цэрквы, 2 касцёлы, сінагога, 10 малітоўных школ; гарбарная майстэрня (з 1880), тэлеграфная станцыя (з 1882), працавалі 84 гандлёвыя пункты. Згодна з вынікамі перапісу 1897 года ў Быхаве было 816 будынкаў, на галоўных вуліцах з’явіліся дашчатыя тратуары (1876), газавыя ліхтары (1878), усталяваны гарадскі гадзіннік (1879), запрацавалі бальніца (6 ложкаў), аптэка, паштовая і натарыяльная канторы. У 1902 праз горад прайшў чыгунка, якая надала моцны імпульс яго эканамічнаму развіццю. На 1911 працавалі 6 навучальных устаноў, у тым ліку чатырохкласная гарадская, ніжэйшая і рамесная вучылішча, прыходскія мужчынская і жаночая вучылішча, 2 царкоўна-прыходскія школы. У жніўні 1913 года адкрыўся першы кінатэатр, запрацавалі мукамольнай і лесапільнай прадпрыемствы. У 1916 годзе ў Быхаве збудавалі мост праз Дняпро. У I Сусветную вайну 5 сакавіка 1918 горада занялі нямецкія войскі, пазней — корпус Ю. Доўнар-Мусніцкага. 11 лістапада 1918 сюды ўвайшлі савецкія войскі.
Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]
25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Быхаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі перададзены ў склад РСФСР. У 1924 Быхаў вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёна. На 1926 год у горадзе было 1120 будынкаў, адбыўся ўвод у эксплуатацыю электрастанцыі. У 1930-я савецкія ўлады ўзарвалі званіцу касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, помнік архітэктуры XVIII ст.[9]. У Другую сусветную вайну з 5 ліпеня 1941 да 28 чэрвеня 1944 горада знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Пасля вайны савецкія ўлады зруйнавалі будынак касцёла.
1 верасня 2013 у Быхаве прайшоў Дзень беларускага пісьменства, у цэнтры горада адбылося ўрачыстае адкрыццё скульптурнай кампазіцыі «Баркулабаўскі летапіс». Да юбілейнага свята адкрыліся абноўленыя цэнтр культуры, кінатэатр, фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, чыгуначная і аўтобусная станцыі; пачалася рэстаўрацыя замка Хадкевічаў і Сапегаў.
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

- XVIII стагоддзе: 1755 — 2 522 чал[7]; 1783 — 2 622 чал.[10]
- XIX стагоддзе: 1815 — 5 тыс. чал.[11]; 1815 — 3 219 чал.; 1841 — 5 475 чал.; 1860 — 6 372 чал., з іх 3 294 іўдзеі[12]; 1897 — 6,4 тыс. чал.
- XX стагоддзе: 1904 — 7 270 чал.; 1913 — 8,1 тыс. чал.[13]; 1926 — 7 657 чал.; 1930 — 8,4 тыс. чал.[14]; 1939 — 11 тыс. чал.; 1959 — 13 тыс. чал.; 1970 — 17,4 тыс. чал.[15]; 1982 — 18,1 тыс. чал.; 1989 — 20 тыс. чал.; 1991 — 22,0 тыс. чал.; 1995 — 20,7 тыс. чал.[16]
- XXI стагоддзе: 2004 — 17,5 тыс. чал.; 2006 — 16,4 тыс. чал.; 2007 — 16,4 тыс. чал.[17]; 2009 — 16,1 тыс. чал.; 2016 — 17 012 чал.[18]; 2017 — 17 082 чал.[4]
Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]
Прадпрыемствы харчовай, дрэваапрацоўчай прамысловасці. Гасцініца «Днепр».
Інфраструктура[правіць | правіць зыходнік]
Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]
У Быхаве працуюць 4 сярэднія, музычная школы.
Культура[правіць | правіць зыходнік]
Дзейнічаюць 6 бібліятэк. У 1979 адкрыўся гістарычна-краязнаўчы музей.
Мас-медыя[правіць | правіць зыходнік]
У горадзе выдаецца раённая газета «Маяк Прыдняпроўя».
Славутасці[правіць | правіць зыходнік]
- Замак (1610—1619), на правым беразе р. Днепр —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Г000153
- Кляштар канонікаў рэгулярных латэранскіх (XVII ст.)
- Могілкі: хрысціянскія; іўдзейскія
- Сінагога (пачатак XVII стагоддзя), зав. Савецкі —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Г000156
- Троіцкая царква (сярэдзіна ХІХ стагоддзя), вул. Куйбышава, 2 —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 512Г000155
- Брацкая магiла (1920—1925), Кастрычніцкая плошча —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Д000154
- Стаянка перыяду мезаліту (5 — 2-е тысячагоддзі да н.э.), на паўднёвай ўскраіне горада —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000157
- Селішча (II—V стагоддзi н.э.), за 2 км на ўсход ад горада —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000158
- Стаянка перыяду неаліту і бронзавага веку, на ўсход ад горада —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000159
- Стаянка перыяду бронзавага веку (першая палова 2-га тысячагоддзя да н.э.), за 4 км на паўднёвы ўсход ад цэнтра горада, урочышча Ксяндзова Гара —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000160
- Комплекс археалагічных помнікаў: стаянка каменнага веку (4 — 2-е тысячагоддзi да н.э.), селішча перыяду ранняга сярэднявечча (X—XIII стагоддзi), на ўсходняй ўскраіне горада, за 0,4 км на поўнач ад моста цераз р. Днепр —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000161
- Селішча (1-е тысячагоддзе н.э. і X—XIII стагоддзi), на левым беразе р. Рдзіца, урочышча Узлужжа —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000162
- Селішча-1, селішча-2 і селішча-3 перыяду ранняга сярэднявечча (X—XIII стагоддзi), на паўночнай ўскраіне горада, правы бераг р. Макранка; за 0,8 км на паўднёвы захад ад горада —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000163
- Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку (V стагоддзе да н.э. — V стагоддзе н.э.), за 0,4 км на поўдзень ад замка —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000164
- Культурны слой г. Быхава (VII стагоддзе да н.э. — II стагоддзе н.э. і X—XIII стагоддзi) —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513В000165
Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]
- Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі (XVIII ст.)
- Царква (2-я пал. XIX ст.)
- Краявіды Быхава
Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]
- Сяргей Валянцінавіч Антонаў (нар. 1968) — журналіст, пісьменнік.
- Віктар Міхайлавіч Кільчыцкі (нар. 1942) — беларускі і расійскі архітэктар.
- Аркадзь Аляксеевіч Мацвееў (нар. у 1932) — вучоны ў галіне інфекцыйных хвароб[19].
- Браніслаў Плотнікаў (1940—2005) — беларускі філолаг.
- Ян Пётр Сапега (1569—1611) — ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага.
- Ігар Іванавіч Фралоў (нар. 1933) — беларускі архітэктар.
- Генадзь Іванавіч Хуцкі (1928—2002) — вучоны ў галіне аўтаматычнага кіравання, доктар тэхнічных навук[20].
- Віктар Іванавіч Марахін (нар. 1958) — беларускі палітык.
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
- Казацкая вайна, 1648-1651
- Абарона Быхава, 1654-1655
- Аблога Быхава, 1660-1661
- Аблога Быхава, 1702
- Абарона Быхава, 1659
- Абарона Быхава, 1707
- Гарады Магілёўскай вобласці
- Гарады Беларусі
Зноскі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Численность населения на 1 января 2023 г. и среднегодовая численность населения за 2022 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа — Национальный статистический комитет Республики Беларусь, 2023.
- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
- ↑ а б Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2017 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2016 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (29 сакавіка 2017). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Гісторыя Быхаўшчыны (руск.)(недаступная спасылка). Быховский районный исполнительный комитет (21 жніўня 2011). Архівавана з першакрыніцы 22 сакавіка 2010. Праверана 18 студзеня 2016.
- ↑ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 43.
- ↑ а б в Насевіч В. Быхаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 360. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- ↑ Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд.. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с. — ISBN 978-985-11-0395-5. С. 395.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / У. У. Бянько і інш. — Мн.: БелЭн, 2008. С. 227.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / У. У. Бянько і інш. — Мн.: БелЭн, 2008. С. 228.
- ↑ Sulimierski S. Bychów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880. S. 489.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / У. У. Бянько і інш. — Мн.: БелЭн, 2008. С. 229.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / У. У. Бянько і інш. — Мн.: БелЭн, 2008. С. 230.
- ↑ Насевіч В., Удальцоў В. Быхаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0. С. 146.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. С. 378.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / У. У. Бянько і інш. — Мн.: БелЭн, 2008. С. 225.
- ↑ Колькасць насельніцтва на 1 студзеня 2016 г. і сярэднегадавая колькасць насельніцтва за 2015 год па Рэспубліцы Беларусь у разрэзе абласцей, раёнаў, гарадоў і пасёлкаў гарадскога тыпу (руск.). Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь (30 сакавіка 2016). Праверана 3 красавіка 2017.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10). — С. 228.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 17: Хвінявічы — Шчытні / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 17. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0279-2 (т. 17).
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Насевіч В. Быхаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 360. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / У. У. Бянько і інш. — Мн.: БелЭн, 2008. — 727 с. ISBN 978-985-11-0409-9.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Быхаўскага р-на. — Мн.: БелСЭ, 1990. — 576 с. — ISBN 5-85700-027-0.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.
- Волкаў М. Быхаў у першай палове XVII ст. // Сапегі: асобы, кар’еры, маёнткі. — Мінск, 2018. — С. 167—193.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Быхаў
Геаграфічныя звесткі па тэме Быхаў на OpenStreetMap
- Быхаў на сайце Radzima.org
- Быхаў — парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі на Catholic.by
- Быхаў на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Неафіцыяльны сайт Быхава Архівавана 15 верасня 2017.