Рагачоўска-Жлобінская аперацыя
Рагачоўска-Жлобінская наступальная аперацыя (1944) | |||
---|---|---|---|
Асноўны канфлікт: Вялікая Айчынная вайна | |||
Дата | 21 — 26 лютага 1944 | ||
Месца | Беларуская ССР | ||
Вынік | Перамога СССР | ||
Праціўнікі | |||
|
|||
Камандуючыя | |||
|
|||
Сілы бакоў | |||
|
|||
Страты | |||
|
|||
Рагачо́ўска-Жло́бінская наступа́льная апера́цыя — франтавая аперацыя войскаў правага крыла Беларускага фронту (з 24 лютага 1944 года 1-га Беларускага фронту — камандуючы генерал арміі К. К. Ракасоўскі), праведзеная ў перыяд 21-26 лютага 1944 года, з мэтай разграміць асноўныя сілы нямецкай 9 арміі групы армій «Цэнтр» (генерал-фельдмаршал Э. Буш) у раёне: Новы Быхаў, Жлобін, Рагачоў і стварэння спрыяльных умоў для наступлення на Бабруйскім напрамку. У ходзе Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі савецкія войскі нанеслі сур’ёзнае паражэнне суперніку, ліквідавалі яго плацдарм на левым беразе Дняпра (плошчай да 400 км²), фарсіравалі Дняпро і захапілі плацдарм (62 км па фронту і да 30 км у глыбіню) на яго правым беразе, які сыграў вялікую ролю ў Бабруйскай аперацыі 1944 года.
Падрыхтоўка
[правіць | правіць зыходнік]Нямецкія войскі займалі падрыхтаваную абарону (2 абарончыя паласы). Рагачоў і Жлобін былі ператвораныя ў моцныя вузлы супраціўлення.
Да Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі прыцягваліся 3-я армія, частка сіл 50-й і 48-й армій, 16-я паветраная армія. Галоўная роля ў аперацыі адводзілася 3-й арміі (генерал-лейтэнант А. В. Гарбатаў), якая, фарсіраваўшы па лёдзе раку Дняпро, павінна была ўдарам у абыход Рагачова з поўначы авалодаць горадам і ў далейшым развіваць наступленне на Бабруйск.
Ход аперацыі
[правіць | правіць зыходнік]21 лютага ў раёне Рагачова войскі 3-й арміі перайшлі ў наступ. Поспех савецкім войскам забяспечыў нечаканы манеўр: атака была пачата не пасля артылерыйскай падрыхтоўкі, а адначасова з ёй. Калі быў дадзены сігнал да артпадрыхтоўкі, савецкія часці ў цемры пераадолелі пойму Дняпра, падышлі да яго правага абрывістага берага і да пачатку актыўных баявых дзеянняў былі ўжо ў так званай «мёртвай прасторы», недасягальнай агню праціўніка.
Да дзесяці гадзінам раніцы пярэдні край праціўніка з двума-трыма траншэямі і некалькімі населенымі пунктамі на беразе ракі амаль усюды быў заняты савецкімі войскамі. У некаторых месцах яны прасунуліся на два-тры кіламетры. Асабліва ўпарта праціўнік біўся за сяло Кісцяні, пераўтворанае ў моцны апорны пункт з кругавой абаронай. За першы дзень бою быў захоплены плацдарм у чатырнаццаць кіламетраў па фронце і да пяці кіламетраў у глыбіню. Але тактычная абарона праціўніка з-за адставання артылерыі яшчэ не была прарваная.
Зводны атрад лыжнікаў дайшоў да Рагачова і пачаў дзейнічаць па тылах праціўніка. На паўднёвым усходзе ад Старога Сяла лыжнікі перакрылі ўсе дарогі, якія ідуць ад Рагачова на Мадоры і Быхаў, у тым ліку і чыгунку Магілёў — Рагачоў, тым самым пазбавіўшы немцаў шляхоў адыходу і падцягвання рэзерваў[1].
На другі дзень наступлення, 22 лютага, савецкія войскі авалодалі населенымі пунктамі Жэліхоўка, Двайчаны, Асінаўка, Аляксандраўка, Мадора. У Старога Сяла 41-у стралковаму корпусу 3-й арміі ўдалося ўсталяваць сувязь са зводным лыжным атрадам. 22 лютага пачалі наступленне левафлангавыя злучэнни 50-й арміі.
На трэці дзень наступлення, 23 лютага, савецкія войскі прарвалі тактычную абарону праціўніка. Часці 80-га стралковага корпуса са складу 50-й арміі раніцай авалодалі станцыяй Тошчыца. 40-ы і 41-ы стралковыя карпусы 3 арміі выйшлі да ракі Друць і на подступы да Рагачова з паўночнага ўсходу і паўднёвага ўсходу адпаведна. 120-я гвардзейская стралковая дывізія] 41-га корпуса завязала бой за горад.
Камандаванне групай армій «Цэнтр» падцягнула да горада 5-ю танкавую дывізію і частку сіл 4-й танкавай дывізіі, з-пад Віцебска перакінулі 20-ю танкавую дывізію. Войскі 3-й арміі, адбіўшы контратакі праціўніка, 24 лютага начным штурмам вызвалілі Рагачоў. 40-ы корпус захапіў невялікі плацдарм за ракой Друць і ўтрымаў яго. 41-ы корпус захапіў два невялікіх плацдарма ля Рагачова, але ў выніку моцных контратак праціўніка вымушаны быў іх пакінуць. Войскі арміі на поўдзень ад Рагачова ліквідавалі варожы плацдарм на левым беразе Дняпра і выйшлі на подступы да Жлобіна.
50-я армія ў ходзе ўпартых баёў авалодала невялікім плацдармам на сваім левым флангу. 80-ы корпус выйшаў да Новага Быхава на заходнім беразе Дняпра і, злучыўшыся там з дывізіяй 50-й арміі, выйшаў на рубеж Істопкі, Гарох, Доўгі Лог, Красны Бераг, павёў бой за Хамічы.
У той жа дзень у Маскве быў праведзены салют у гонар савецкіх войскаў, якія вызвалілі горад Рагачоў.
25 лютага, нягледзячы на рашучыя дзеянні савецкіх злучэнняў, яны панеслі значныя страты, і не толькі не мелі поспеху, але і пакінулі паўднёвую ўскраіну вёскі Азяраны. Супраціў праціўніка ўзмацніўся. І камандуючы арміяй, увечары на сабранай нарадзе, пасля дакладаў начальнікаў разведвальнага і аператыўнага аддзелаў і высноў начальніка штаба прыняў рашэнне перайсці да трывалай абароны на ўсім фронце. Але з гэтым рашэннем не быў згодны камандуючы фронтам К. К. Ракасоўскі, які катэгарычна патрабаваў працягваць наступ на Бабруйск. Стаўка пагадзілася з рашэннем камандуючага 3-й арміяй, пацвердзіўшы яго 26 лютага. Савецкія войскі спынілі наступленне і перайшлі да абароны.
Вынікі аперацыі
[правіць | правіць зыходнік]Такім чынам завяршылася Рагачоўска-Жлобінская аперацыя, якая праходзіла з 21 па 26 лютага 1944 года. Савецкія войскі фарсіравалі Дняпро, прарвалі моцна умацаваную абарончую паласу суперніка, захапілі выгадны у аператыўным дачыненні плацдарм памерам шэсцьдзесят два кіламетры па фронту і да трыццаці кіламетраў у глыбіню. Савецкія войскі ачысцілі ад ворага плацдарм на ўсходнім беразе Дняпра. Вызвалілі горад Рагачоў, перарэзалі чыгуначную лінію Жлобін — Магілёў, захапілі плацдарм на рацэ Друць. У ходзе баёў знішчана звыш васьмі тысяч варожых салдат і афіцэраў, вялікая колькасць тэхнікі.
Колькасць войскаў Беларускага фронту да пачатку аперацыі — 232 000 чалавек. Людскія страты ў аперацыі: беззваротныя — 7164 чалавек (3,1 %), санітарныя — 24 113 чалавек, усяго — 31 277 чалавек, сярэднясутачныя — 5213 чалавек.[2]. За баявыя адзнакі 13 злучэнняў і часцей атрымалі ганаровыя наім. «Рагачоўскія».