Друць
| Друць | |
|---|---|
| | |
| Характарыстыка | |
| Даўжыня | 295 км |
| Басейн | 5 020 км² |
| Расход вады | 31,6 м³/с (у вусці) |
| Вадацёк | |
| Выток | |
| • Месцазнаходжанне | за 1 км на захад ад вёскі Раздольная Талачынскага раёна |
| • Каардынаты | 54°29′21″ пн. ш. 29°33′29″ у. д.HGЯO |
| Вусце | Дняпро |
| • Месцазнаходжанне | на паўднёвай ускраіне горада Рагачоў |
| • Каардынаты | 53°03′25″ пн. ш. 30°01′46″ у. д.HGЯO |
| Ухіл ракі | 0,4 м/км |
| Размяшчэнне | |
| Водная сістэма | Дняпро → Чорнае мора |
|
|
|
| Краіна | |
| Рэгіёны | Віцебская вобласць, Магілёўская вобласць, Гомельская вобласць |
|
|
|
| Басейн Друці з прытокамі Аслік, Вабіч, Грэза | |
Друць — рака ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях Беларусі, правы прыток Дняпра.
Даўжыня ракі 295 км. Плошча вадазбору 5020 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 31,6 м³/с. Агульнае падзенне ракі 105,2 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,4 ‰.
Назва
[правіць | правіць зыходнік]На думку К. Машынскага, назва ракі Друць супастаўляецца са стараінд. drávati «бяжыць, спяшаецца, расцякаецца», авест. drav- «бегчы» і паходзіць ад *drъjǫt- «які спяшаецца, які бяжыць»[1].
На думку У. Тапарова, назва Друць, верагодна, з балц., параўн. лтш. Druve, ст.-пруск. Drawe, жамайцк. Друт-ретя, літ. Drutiškiai і інш., пры літ. drūtas «моцны»[2].
На думку А. Сабалеўскага, назва Друць складаецца з дзвюх частак: Дръ-ють. Частка др тлумачыцца пры дапамозе ст.-персідскага дар «мора, возера, вялікая рака»[3].
Назва Друць можа мець і кельцкае паходжанне са значэннем «дуб»[4].
Паводле Ю. Покарнага, існуе індаеўрапейскі корань drā-, dreu- «бегчы, ступаць»[5].
На думку Х. Краэ, ад індаеўрапейскага *dreu- / *dru- «бегчы, спяшацца» (ст.-інд. drávati «бяжыць», drutáh «спяшаючыся» і г. д.) паходзяць гідронімы *Drutos > Drot (прыток Гароны), *Druta > Droude (басейн Роны) і інш.[6].
На думку А. Ванагаса, літоўскія гідронімы Dreverna, Drawanta, Drawing, а таксама назва ракі Друя звязаныя са ст.-інд. draváh «бег», drávati «бяжыць»[7].
Асноўныя прытокі
[правіць | правіць зыходнік]Справа: Аслік, Малыш, Вядзерка, Даўжанка, Вепрынка, Белая, Дабрыца, Каменка. Злева: Крывая, Няропля, Вабіч, Арлянка, Балонаўка, Грэза, Узбінка.
На рацэ
[правіць | правіць зыходнік]Гарады: Талачын, Круглае, Бялынічы, Рагачоў. Вёскі: Друцк. Вадасховішчы: Талачынскае, Чыгірынскае, Цяцёрынскае. Зоны адпачынку: Чыгірынка, Маліна, Друць, Лужкі.
У 1948 годзе на рацэ Друць была пабудавана і пушчана ў эксплуатацыю малая гідраэлектрастанцыя калгаса «Перамога» Ляснянскага сельсавета, на цяперашні момант не існуе[8].
Гідраграфія
[правіць | правіць зыходнік]Пачынаецца за 1 км на захад ад вёскі Раздольная Талачынскага раёна, вусце на паўднёвай ускраіне Рагачова. Агульная даўжыня рачной сістэмы Друці складае 2000 км, густата рачной сеткі — 0,39 км/км³. Вадазбор у вярхоўі — ў межах Аршанскага ўзвышша, на астатнім працягу — ва ўсходняй частцы Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Суднаходная ніжэй плаціны Чыгірынскага вадасховішча (за 84 км ад вусця) у паўнаводны перыяд.
Асаблівасці рэжыму — вельмі выразнае веснавое разводдзе, на якое прыпадае 54 % гадавога сцёку. Веснавы пад’ём узроўню вады інтэнсіўны (7—10 сутак), найвышэйшы ўзровень разводдзя ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанню 2,5—2,8 м. Веснавы ледаход доўжыцца каля 3 сутак. Рака прымае сцёк з меліярацыйных каналаў.
Даліна Друці да ўпадзення ракі Крывая невыразная, ніжэй трапецападобная, шырынёй 1,5—2,5 км. Схілы парэзаныя, вышыня іх 8—30 м, да гарадскога пасёлка Бялынічы адкрытыя і пад ворывам, ніжэй па цячэнні пераважна пад лесам. Левы схіл больш спадзісты, правы ўмерана стромкі, нярэдка абрывісты. Пойма пераважна двухбаковая (на асобных участках у нізоўі левабярэжная, у верхнім цячэнні часткова затопленая Цяцёрынскім, у ніжнім — Чыгірынскім вадасховішчамі), адкрытая, лугавая. Паверхня поймы ў прырэчышчавай частцы роўная, месцамі ўзгорыстая, перасечаная старыцамі, асушальнымі канавамі, лагчынамі.
Рэчышча каналізаванае на 2 участках у вярхоўі: ад вёскі Навасёлкі да горада Талачын (7 км) і ад пункта за 0,4 км ніжэй моста на аўтамабільнай дарозе Мінск—Масква да аграгарадка Друцк (8,6 км). На астатнім працягу моцна-звілістае, свабодна меандруе, ніжэй упадзення ракі Вабіч разгалінаванае на пратокі і рукавы з шматлікімі старыцамі і залівамі. Шырыня ракі ў межань у вярхоўі 10—20 м, ніжэй — 30—50 м. Берагі пераважна стромкія, месцамі абрывістыя, вышынёй 1—2,5 м (на лукавінах 3—5 м), у вусцевай частцы спадзістыя, вышынёй да 1 м.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ K. Moszyński. Pierwotny zasiąg języka prasłowiańskiego. Wrocław-Kraków, 1957. S. 193-194.
- ↑ В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 185.
- ↑ А. И. Соболевский. Русско-скифские этюды. ИОРЯС, XXVII. 1924. С. 274-275.
- ↑ И. Н. Шарухо. Палеоэтнокультурная география Беларуси // Наукові записки Сумського державного педагогічного університету. Суми, 2010. Вип. 1. С. 113.
- ↑ J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 204—205.
- ↑ H. Krahe. Unsere ältesten Flussnamen. Wiesbaden, 1964. C. 55, 65.
- ↑ A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1980. — С. 90—92.
- ↑ Газета паведамляла… : па старонках Круглянскай раённай газеты «Ленінскі сцяг» // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Круглянскага р-на. — Мн., 1996. — С. 481.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Бычук С. Ф. Друць // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил. (руск.)
- Блакітная кніга Беларусі : Энцыклапедыя / рэдкал.: Н. А. Дзісько і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-133-1.