Раннія Мецкія аналы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Раннія (Першыя) Мецкія аналы (лац.: Annales Mettenses priores) — раннесярэднявечныя ананімныя лацінамоўныя аналы, які апісваюць гісторыю Франкскай дзяржавы з прыкладна 678 па 830 год. Названы па назве горада Мец, у адной з цэркваў якога, як лічылася раней, гэтыя аналы былі створаны.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Рукапісы[правіць | правіць зыходнік]

«Раннія Мецкія аналы» захаваліся ў некалькіх рукапісах, большасць з якіх былі створаны ў XII стагоддзі. З аднага з іх у першай палове XVII стагоддзя была зроблена копія, якая была пакладзена ў аснову першага друкаванага выдання гэтай гістарычнай крыніцы, выдадзенага ў 1641 годзе Андрэ Дзюшэнам. У гэтае выданне, акрамя тэксту ўласна «Ранніх Мецкіх аналаў», былі ўключаны і пазнейшыя дадаткі, зробленыя складальнікамі рукапісу-пратографа, галоўным чынам, па хроніцы Рэгіна Прумскага[1]. Аналы, выдадзеныя Дзюшэнам, апісвалі падзеі 678—904 гадоў і называліся «Франкскія Мецкія аналы» (лац.: Annales Francirum Mettenses). Пазней яны атрымалі назву «Мецкія аналы» (лац.: Annales Mettenses)[2].

У 1826 годзе ў Monumenta Germaniae Historica было здзейснена новае выданне «Мецкіх аналаў», якое выключыла з тэксту ўсе пазнейшыя дадаткі. Гэтыя аналы, якія ахоплівалі толькі падзеі 678—830 гадоў, у пачатку XX стагоддзі атрымалі назву «Познія Мецкія аналы» (лац.: Annales Mettenses posteriores), у адрозненне ад «Ранніх Мецкіх аналаў», выдадзеных у 1905 годзе на аснове ўсяго комплексу рукапісаў, якія змяшчалі гэту гістарычную крыніцу. Сярод тэкстаў, выкарыстаных у новым выданні, найбольш поўным быў у кодэксе, выяўленым у 1895 годзе ў бібліятэцы Дарэма (DCL MS C.IV.15)[3].

Мэта стварэння аналаў[правіць | правіць зыходнік]

На падставе асаблівай увагі, якую «Раннія Мецкія аналы» надавалі Святому Арнульфу і яго найбліжэйшым нашчадкам, першапачаткова лічылася, што месцам іх складання быў Мец. Аднак сучасныя гісторыкі лічаць, што большая частка гэтых аналаў была запісаная ў 806 годзе ў Шэльскім манастыры асабіста ці пры непасрэдным кіраўніцтве тутэйшай абатысы Гізелы, дачкі караля франкаў Піпіна Кароткага[2], з намерам апраўдаць атрыманне ўлады Каралінгамі напярэдадні падзелу Франкскай імперыі паміж сваімі сынамі, які рыхтаваўся Карлам Вялікім[4]. З гэтай мэтай у аналы быў унесены цэлы шэраг звестак, якія дыскрэдытавалі прадстаўнікоў ранейшай кіруючай дынастыі Меравінгаў. Гісторыкі лічаць большасць гэтых фактаў выдумкай, ужываючы ў дачыненні да іх тэрмін «каралінгская прапаганда»[5].

Кампазіцыя аналаў[правіць | правіць зыходнік]

«Раннія Мецкія аналы» з'яўляюцца кампіляцыяй, створанай на аснове як добра вядомых, так і страчаных цяпер крыніц, якія не маюць аналагаў у франкскай аналістыцы. Мяркуецца, што падзеі 678—805 гадоў былі запісаны адначасова ў 806 годзе[5], пры гэтым даты ўнесены ў тэкст пазней, верагодна пры даданні інфармацыі пра падзеі 806—830 гадоў[6].

Большая частка «Ранніх Мецкіх аналаў» да смерці маярдома Піпіна Герыстальскага грунтуюцца на крыніцах, якія не дайшлі да нс, іх звесткі, паводле меркавання гісторыкаў, носяць малаверагодны характар[7][8]. З 688 года ў аналах пачынаюць з'яўляцца паведамленні, запазычаныя іх аўтарам з іншых гістарычных хронік, такіх як «Кніга гісторыі франкаў» і «Хроніка прадаўжальнікаў Фрэдэгара». Першая з гэтых крыніц з'яўляўся асновай для запісаў «Ранніх Мецкіх аналаў» за 714—727 гады, другая — за 728—768 гады[9]. Выкарыстоўваючы звесткі з больш ранніх хронік, аўтар «Ранніх Мецкіх аналаў» не толькі капіраваў факты, якія знаходзіліся ў іх, але і падаваў іх у выгодным для Каралінгаў кантэксце, напрыклад, тлумачачы боскай воляй страту Меравінгамі ўлады ў Франкскім каралеўстве[5]. Большую частка звестак за 768—805 гады складаюць звесткі, узятыя з «Аналаў каралеўства франкаў», пры гэтым найбольш значная колькасць звестак, што не згадваюцца ў гэтай гістарычнай крыніцы, унесена аўтарам «Ранніх Мецкіх аналаў» у запісы пра 803—805 гады[10].

Дакладна невядома, калі была запісана частка «Ранніх Мецкіх аналаў», якая ахоплівае 806—830 гады. Запісы па 829 год уключна з'яўляюцца даслоўным паўторам «Аналаў каралеўства франкаў», 830 год апісаны на аснове «Берцінскіх аналаў» са згадваннем некалькіх арыгінальных сведчанняў, звязаных з імператрыцай Юдзіф[11].

Выданні[правіць | правіць зыходнік]

На лацінскай мове:

  • Annales Mettenses. — Monumenta Germaniae Historica SS. — Hannover: Impensis Bibliopolii Avlici Hahniani, 1826. — Т. I. — P. 314—336. — 660 p.(недаступная спасылка)
  • Annales Mettenses priores. — Monumenta Germaniae Historica. Scriptores Rerum Germanicarum in usum scholarum. — Hannover & Leipzig: Impensis Bibliopolii Hahniani, 1905. — Т. X. — 119 p.(недаступная спасылка)

На рускай мове:

Зноскі

  1. Акрамя хронікі Рэгіна, у гэтай частцы «Мецкіх аналаў» выкарыстоўваліся звесткі з Берцінскіх, Фульдскіх і Ведасцінскіх аналаў, «Дзеянняў абатаў Фантэнеля» і іншых крыніц. У больш ранніх частках аналаў таксама выкарыстаны дадатковыя крыніцы: сачыненні Эйнхарда і Тэгана, а таксама Вольфенбютэльскія аналы.
  2. а б Geschichtsquellen des deutschen Mittelalters. Teil A (ням.)(недаступная спасылка). Bayerishen Akademie der Wessenchaften. Архівавана з першакрыніцы 17 красавіка 2012. Праверана 27.2.2011.
  3. Late Merovingian France, P. 332.
  4. Late Merovingian France. P. 345.
  5. а б в The uses of the past… P. 175.
  6. Late Merovingian France, P. 330.
  7. The uses of the past… P. 138.
  8. Сярод падобных звестак, у тым ліку, знаходзяцца паведамленні пра забойства Піпінам Гундаіна, магчыма, віноўніка смерці яго бацькі Анзегізеля, пра дараванне папам рымскім Піпіну і яго пераемнікам тытула патрыцый і пра прыезд да маярдома ў 692 годзе паслоў навакольных з Франкскай дзяржавай народаў.
  9. Late Merovingian France. P. 332—333.
  10. Late Merovingian France. P. 335.
  11. The uses of the past… P. 176.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]