Раратонга
Раратонга | |
---|---|
маарыйск. Rarotonga | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 67,39 км² |
Найвышэйшы пункт | 652 м |
Насельніцтва | 14 153 чал. (2006) |
Шчыльнасць насельніцтва | 210,02 чал./км² |
Размяшчэнне | |
21°14′00″ пд. ш. 159°47′00″ з. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Астравы Кука |
Акваторыя | Ціхі акіян |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Раратонга (па-маарыйску: Rarotonga) — востраў у Ціхім акіяне. Уваходзіць у склад Астравоў Кука. Плошча сушы — 67,39 км². Насельніцтва — 14 153 чал. (2006 г.). На востраве Раратонга знаходзіцца адміністрацыйны цэнтр Астравоў Кука — горад Аваруа.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вусныя генеалагічныя паданні маары астравоў Кука адносяць першаснае засяленне вострава Раратонга да VI ст. н. э. Лічыцца, што першыя насельнікі прыбылі з астравоў Таварыства. У XI ст. мясцовы правадыр То’і пабудаваў апа метуа, дарогу, якая цягнулася вакол ўсяго Раратонга.
У XIII ст. востраў быў заваяваны правадырамі Тангі’я з Таіці і Карыка з Самоа. Яны падзялілі Раратонга паміж 6 тэрытарыяльнымі аб’яднаннямі таперэ. Улада знаходзілася ў руках правадыроў арыкі і матаіапо, а таксама святароў таўнга.
У 1773 г. Раратонга быў адкрыты Джэймсам Кукам. У першай трэці XIX ст. сюды пачалі прыбываць хрысціянскія місіянеры еўрапейскага і палінезійскага паходжання. У 1830 г. на востраве ўспыхнула эпідэмія, у выніку якой загінула каля траціны астравіцян, так што насельніцтва ўзнавілася толькі к канцу XIX ст.
У 1888 г. па просьбе арыкі Макея Такау Раратонга быў абвешчаны пратэктаратам Вялікабрытаніі. Аднак рэчаісная каланіяльная ўлада была ўсталявана толькі ў 1901 г., калі Вялікабрытанія перадала свае правы Новай Зеландыі.
У 1965 г. Астравы Кука атрымалі ўнутранае самакіраванне. Горад Аваруа стаў галоўным адміністрацыйным цэнтрам усёй краіны.
Геаграфія і прырода
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Раратонга належыць да паўднёвай групы астравоў Кука. Мае вулканічнае паходжанне. Унутраная частка вострава гарыстая. Вядомыя мясцовыя доўгія вострыя скалы. Найвышэйшы пункт — гара Тэ Мангі (658 м). Шмат невялікіх рэк і ручаёў. Узбярэжжа атачае кола каралавага рыфу.
Клімат трапічны пасатны. Сезонныя змены тэмператур нязначныя. Узімку сярэдняя тэмпература вагаецца ад 18 °C да 28 °C, улетку ад 21 °C да 29 °C. Вільготны сезон цягнецца са снежня па сакавік. Востраў падвержаны ўздзеянню разбуральных трапічных цыклонаў.
Раратонга — адзін з самых населеных астравоў Кука, таму мясцовая прырода адчувае значнае ўздзеянне чалавека, асабліва на ўзбярэжжы. У цэнтральнай частцы, слаба населенай, захаваліся трапічныя лясы. На паўднёвым ўсходзе вострава арганізаваны запаведнік Такітуму, дзе ахоўваюцца рэдкія віды раслін і птушак.
Эканоміка
[правіць | правіць зыходнік]Галоўная галіна эканомікі — сфера абслугоўвання, у якой дамінуе турызм. Раратонга дзякуючы белым пясчаным пляжам і дзівосным гарыстым пейзажам па прыгажосці часта параўноўваюць з Таіці. Ва ўнутраных раёнах вырошчваюць гародніну і цытрусавыя.
На паўночным захадзе вострава працуе аэрапорт. Акрамя таго, існуе марская сувязь з іншымі астравамі Кука і Акіяніі.
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Горны пейзаж
-
Узбярэжжа
-
Пляж Муры
-
Традыцыйнае палінезійскае судна
-
Тубылец, мал. 1839 г.
-
Сельскі пейзаж
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Пра Раратонга і астравы Кука Архівавана 12 снежня 2012.
- Даведнік для вандроўніка
- Блізкая Раратонга Архівавана 2 ліпеня 2012.
- Пра Раратонга Архівавана 28 кастрычніка 2012.