Ратуша Бругэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ратуша Бругэ (Stadhuis van Brugge) — будынак Гарадскога савета горада Бругэ, правінцыя Заходняя Фландрыя, Бельгія. Помнік гатычнай архітэктуры XV стагоддзя, яскравая славутасць сярэднявечнага фламандскага горада, унесенага ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Размешчана ў цэнтры горада, на плошчы Бург.

Першым вядомым будынкам, у якім праходзілі сустрэчы гарадскога савета Бругэ, было бефруа, якое згарэла ў 1280 годзе. Пасля гэтага для гарадскога кіравання выкарыстоўваўся будынак турмы. У 1376 годзе Людовік II Мальскі, граф Фландрыі, прыняў рашэнне знесці турму і пабудаваць на яе месцы новую ратушу.

Ратуша у Бругэ, будаўніцтва якой было скончана да 1421 годзе, з'яўляецца адным з самых старых захаваных грамадзянскіх будынкаў гістарычнай Фландрыі і Брабанта. Яе багацце і пышнасць дазваляюць гаварыць пра важнае эканамічнае і палітычнае значэнне сярэднявечнага Бругэ.

Створаная ў традыцыях царкоўнай готыкі, яна стала заканадаўцам моды ў фламандскай грамадзянскай архітэктуры свайго часу. Па яе падабенству былі пабудаваны іншыя знакамітыя ратушы, якія ўсе ж не змаглі зацямніць узор сваёй пышнасцю, — у Бруселі, Генце, Лёвене.

Двухпавярховы будынак ратушы мае прамавугольную форму і строгія прапорцыі. Багата ўпрыгожаны ляпны фасад расчлянёны высокімі аконнымі нішамі і ўвянчаны зубчастым парапетам з вежамі. За парапетам бачны высокі двухсхільны дах з мансарднымі вокнамі.

Асаблівую ўвагу прыцягваюць каменныя статуі графаў і графінь Фландрскіх. Гэта копіі пазалочаных гістарычных статуй, прыпісаных Яну ван Эйку, якія былі знішчаны падчас Французскай рэвалюцыі, і адноўлены толькі ў сярэдзіне XX стагоддзя.

Фасад Гатычная зала Плошча Бург

Інтэр’ер ратушы не саступае вытанчанасцю фасада. Гатычная зала ратушы ў сучасным выглядзе з'явілася на мяжы XIX і XX стагоддзяў, уяўляючы сабой злучаныя Вялікую і Малую залы муніцыпалітэта. Спічастыя дубовыя скляпенні Гатычнай залы ўпрыгожаны 16 панэлямі з выявамі алегарычных фігур чатырох стыхій і чатырох пор года. Насценныя фрэскі другой паловы XIX стагоддзя мастака Альбрэхта дэ Врында адлюстроўваюць падзеі з гісторыі Бругэ. Замковыя камяні скляпення ўпрыгожаны медальёнамі са сцэнамі з Новага запавету. Гатычная зала да гэтага часу служыць месцам пасяджэнняў Гарадскога савета, тут рэгіструюцца шлюбы, адкрыты доступ у залу і турыстам.

У зале Адраджэння можна пабачыць раскошны камін XVI стагоддзя працы Ланселота Бландэля, выкананы з дрэва, алебастру і мармуру.

Частка памяшканняў ратушы ў наш час аддадзена пад экспазіцыю гарадскога музея Бругэ (адкрыта штодня з 9.30 да 17 гадзін).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]