Роберт Болдуін Рос

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Роберт Болдуін Рос
Дата нараджэння 25 мая 1869(1869-05-25)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 5 кастрычніка 1918(1918-10-05)[1][2][…] (49 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Джон Рос[d][4]
Маці Augusta Elizabeth Baldwin[d][4]
Род дзейнасці журналіст, літаратурны крытык, арт-дылер
Альма-матар
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Роберт Болдуін Рос

Роберт Болдуін («Робі») Рос (англ.: Robert Baldwin «Robbie» Ross; 25 мая 1869 — 5 кастрычніка 1918) — англійскі мастацтвазнаўца і літаратурны крытык канадскага паходжання, вядомы перадусім як блізкі сябра Оскара Уайльда, а пасля яго смерці — яго павернік. Але Рос дапамагаў не толькі Оскару Уайльду — сярод яго сяброў — Обры Бёрдслі, Зігфрыд Сасун, Уілфрэд Оўэн.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

Роберт Рос нарадзіўся ў Туры (Францыя). Яго бацька, Джон Рос, нарадзіўся ў Ірландыі, большую частку жыцця правёў у Канадзе, дзе стаў юрыстам і генеральным пракурорам у 1853 годзе, а ў 1853—1862 гадах быў прэзідэнтам чыгуначнай кампаніі Grand Trunk Railway. Маці Роса, Аўгуста Элізабэт Болдуін, была дачкой канадскага віцэ-прэм’ера Роберта Болдуіна. У Роберта было дзве сястры і двое братоў. Пачатковую адукацыю Рос атрымаў у прэстыжнай школе Сэндрайд у Сурэі, дзе выявіў сябе здольным вучнем, асабліва ў галіне антычнай літаратуры і мастацтва. У 13 гадоў яго прынялі на класічнае аддзяленне ў Грыфтан-каледж, аднак маці вырашыла, што сын занадта слабы для таго, каб вучыцца ў школе, а таму наступныя два гады ён правучыўся дома. Брат Алек, які на той момант ужо скончыў Кембрыдж, пачаў уводзіць Роберта ў літаратурныя колы Лондана. Прыкладна ў гэты час Рос пазнаёміўся з Оскарам Уайльдам, аднак абставіны іх знаёмства невядомыя.

Юнацтва[правіць | правіць зыходнік]

Хутка пасля знаёмства 17-гадовы Роберт спакусіў Уайльда, але сувязь іх цягнулася вельмі нядоўга. У 1888 годзе Роберт быў прыняты ў кембрыджскі Кінгз-каледж. Адным з выкладчыкаў гісторыі там быў Оскар Браўнінг, які пасля шмат дапамагаў Росу. Аднакурснікі не любілі Роса, магчыма, за яго паводзіны і смелыя артыкулы ва ўніверсітэцкім часопісе. У сакавіку 1889 года група з шасці чалавек напала на Роса і скінула яго ў фантан у двары каледжа. У Роса здарыўся нервовы крызіс (асабліва калі ён даведаўся, што крыўдзіцелі не будуць пакараныя), і сям’я забрала яго дадому. У выніку ён вырашыў кінуць універсітэт.

У той жа час у сям’і заўважылі гомасексуальнасць Роберта і вырашылі адаслаць яго далей ад спакусаў Лондана. Рос з’ехаў у Эдынбург, дзе працаваў у часопісе «Шатландскі назіральнік» (Scott Observer). Прыкладна тады ж Рос напісаў апавяданне «Як мы згубілі Кнігу Яшэр» (How we Lost the Book of Jasher), адно з тых нешматлікіх апавяданняў, якія ён напісаў за сваё жыццё.

Разам з Морам Эйдзі Рос напісаў прадмову да перавыдання рамана «Мельмот-вандроўнік» Чарлза Мэцьюрына і адаслаў гэтую прадмову вядомаму і ўплывоваму крытыку Эдмунду Госу, жадаючы звярнуць на сябе ўвагу. Праз некаторы час Гос стаў добрым сябрам Роса. Апроч гэтага, Рос пазнаёміўся з Обры Бёрдслі і Ўільямам Ратэнштайнам, з якімі таксама досыць шмат стасаваўся.

Калі ў 1895 годзе Оскар Уайльд падаў у суд на маркіза Куінсбэры, бацьку Алфрэда Дугласа, Роберт Рос спрабаваў яго адгаварыць ад гэтае задумы. Пасля арышту пісьменніка менавіта Рос забраў з яго дома некаторыя рэчы Ўайлда, частку рукапісаў і прыватных папераў (каб апошнія не з’явіліся ў судзе як кампрамат). Пасля шматлікіх настойлівых просьбаў маці Рос пакінуў Англію і пасяліўся ў Кале, адкуль сачыў за далейшым ходам падзеяў з газетаў. 25 траўня Ўайлду быў вынесены прысуд, у той жа дзень Роберт даведаўся пра смерць жонкі свайго брата Джэка і вярнуўся ў Англію. Рос наведваў Ўайлда ў турме і дапамагаў яму ўладкаваць фінансавыя праблемы.

У 1897 годзе Оскара Уайльда выпусцілі з турмы, і ён паехаў у Францыю, дзе яго чакаў Рос. Цягам некалькіх першых месяцаў Уайльд нават не загаворваў пра Дугласа, але праз некаторы час стала відавочна, што сустрэча непазбежная. Нягледзячы на ўсе аргументы сяброў, у верасні Уайльд з’ехаў да Дугласа ў Неапаль, што вымусіла Роса ледзь не першы раз у жыцці страціць сваю стрыманасць і закідаць Уайльда раззлаванымі лістамі. Памірыліся яны толькі праз некалькі месяцаў.

У гэты час рэзка пагоршылася здароўе яшчэ аднаго сябра Роса — Обры Бёрдслі, які быў хворы на туберкулёз. Хутка пасля яго смерці Рос напісаў яму панегірык, які ўвайшоў у выданне камедыі Бэна Джонсана «Вальпонэ» з ілюстрацыямі Бёрдслі, выпушчанае Леанардам Смітэрзам. У траўні Рос дапамог маці і сястры Бёрдслі арганізаваць памінальную імшу ў езуіцкай капэле і аплаціў палову расходаў за яе.

У кастрычніку 1900 года Оскар Уайльд моцна захварэў і папрасіў Роса прыехаць. Разам з Рэджыналдам Цёрнэрам Рос заставаўся з Уайльдам да самай смерці, знайшоў святара, які, згодна з жаданнем пісьменніка, ахрысціў яго і памазаў, а пасля смерці Уайльда заняўся ўладкаваннем усіх фінансавых праблем, арганізацыяй пахавання і адказамі на лісты са спачуваннямі. На пахаванні Уайльда Рос абмяняўся з Дугласам, які не наведаў пісьменніка падчас хваробы, але ўзяў на сябе ролю галоўнага плакальшчыка, некалькімі рэзкімі фразамі.

Сталенне[правіць | правіць зыходнік]

Пасля вяртання ў Лондан Рос атрымаў месца адміністратара ў галерэі «Карфакс» і ўзяўся за гэтую справу разам з Морам Эйдзі. Менавіта ў гэтай галерэі адбылася выстава сатырычных малюнкаў Макса Бірбама. Апроч гэтага, Рос займаўся літаратурнай спадчынай Уайльда, афіцыйна аформіўшыся павернікам пісьменніка. Настроены Рос быў рашуча: ён верыў у тое, што з часам творчасць Ўайлда зойме вартае месца ў літаратуры і на сцэне, і тады ўсе прыбыткі будуць атрымліваць сыны пісьменніка — Сірыл і Вівіян Холанды. Хутка Рос зрабіўся значнай асобай у свеце мастцтва. У 1903 годзе ў «Карфаксе» прайшла вальмі паспяховая выстава Роджэра Фрая, крытыка і мастака, пасля чаго «Карфакс» атрымаў рэпутацыю рэспектабельнага месца, якое пастаянна наведвалі знаўцы мастацтва.

У наступныя гады Рос шчыльна займаўся праблемамі літаратурнай спадчыны Уайльда. У 1905 годзе ў Дрэздэне адбылася прэм’ера славутай оперы «Саламея» Рыхарда Штраўса, у 1906 годзе было ануляванае банкруцтва Уайльда, і ўвесь прыбытак ад аўтарскіх правоў пачалі атрымліваць Сірыл і Вівіян, у 1908 годзе дзякуючы Росу пачаў выдавацца 12-томнік твораў Уайльда, а парэшткі самога пісьменніка былі перавезеныя на могілкі Пер-Лашэз. Помнік Рос замовіў скульптару Джэйкабу Эпштэйну. 1908 год скончыўся трыумфам Роса: 1 снежня ў лонданскім гатэлі «Рыц» сабралося больш за сто пяцьдзесят гасцей, каб падзякаваць Росу за ўсю яго працу над рэабілітацыяй рэпутацыі Уайльда як выбітнага пісьменніка.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Першая кніга Роберта Роса выйшла ў 1909 годзе, была прысвечаная Обры Бёрдслі і так і называлася — «Обры Бёрдслі» (Aubrey Beardsley). У верасні таго ж годуа выйшла яшчэ адна кніга, «Маскі і фазы» (Masques and Phases) — зборнік эсэ, артыкулаў і кароткіх апавяданняў (адзін з артыкулаў кнігі зноў жа прысвечаны творчасці Бёрдслі і мае падзагаловак «Погляд у мінулае»).

У пачатку 1910-х гадоў Рос прайшоў праз шэраг судовых працэсаў. Ініцыятарам некаторых з іх выступіў Алфрэд Дуглас: ён падаваў у суд на біёграфа Уайльда Рэнсама, які выкарыстаў у сваіх працах тэкст «De Profundis», а таксама на Роса, абвінаваціўшы яго ў гомасэксуальных сувязях. Першую справу Дуглас прайграў, другая была закрытая, як і справа Крослэнда, які абвінавачваў Роса ў злосным пераследзе (Рос да гэтага падаваў у суд на Дугласа і Крослэнда за паклёп). За Роса заступаліся Герберт Уэлс, Вівіян Холанд, Эдмунд Гос.

Апошнія гады[правіць | правіць зыходнік]

Апошнія гады жыцця Роса звязаныя з паэтам Зігфрыдам Сасунам. Рос ставіўся да Сасуна як апякун — падтрымліваў яго маральна, даваў прыстанак, уводзіў у літаратурныя колы і знаёміў з пісьменнікамі (у прыватнасці, з Гербертам Уэлсам і Арналдам Бенетам). Сасун шмат напісаў пра Роса ў сваёй аўтабіяграфіі «Падарожжа Зігфрыда» (Siegfried’s Journey, 1945).

У пачатку 1918 году Рос захварэў; 5 кастрычніка ён вярнуўся пасля абеду з сябрамі і сказаў, што ў яго баліць у грудзях і што ён крыху адпачне. Калі прыйшлі клікаць яго да вячэры, ён быў мёртвы. Прычынай смерці стала страта прытомнасці, выкліканая хранічным бранхітам і гастрытам. У адпаведнасці з тэстаментам ён быў крэміраваны, а урна з яго прахам была ў 1950 годзе дастаўленая ў Парыж і змешчаная ў спецыяльным паглыбленні ў помніку Оскару Уайльду — ужо замаўляючы помнік Эпштэйну, Рос вырашыў, што яго прах будзе ляжаць побач з прахам сябра.

Зноскі

  1. а б Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. а б Robbie Ross // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. http://merlin.bilerico.com/2013/04/on-kevin-swanson-and-robert-ross.php
  4. а б Kindred Britain

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]