Руская армія 1812 года

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Руская армія 1812 года — сілы Рускай імператарскай арміі, якія ўдзельнічалі ў французска-рускай вайне 1812 года.

Падзеі напярэдадні[правіць | правіць зыходнік]

Расійская імперыя пасля паразы 4-й кааліцыі не мела саюзнікаў, якія былі гатовыя падтрымаць яе ў выпадку вайны з Францыяй. Акрамя таго, краіна адчувала сур’ёзныя фінансава-эканамічныя цяжкасці (знешні і ўнутраны доўг да 1812 дасягнуў каля 408 млн руб., што ў 4 разы перавысіла суму агульнага гадавога даходу) з прычыны далучэння да кантынентальнай блакады і ўзрастанні выдаткаў на патрэбы арміі (у 1810—1811 складалі значную частку дзяржаўнага бюджэту: у 1810 – 147,6 з 279 млн руб.; у 1811 – 137 з 337,5 млн руб.). Тым не менш, у гэты перыяд па ініцыятыве ваеннага міністра генерала ад інфантэрыі М. Б. Барклай дэ Толі былі праведзены ваенныя рэформы 1810—1812 гадоў, якія падвысілі баяздольнасць арміі.

Склад і размяшчэнне[правіць | правіць зыходнік]

На захадзе Расійская імперыі налічвалася каля 220 тыс. чалавек і 942 гарматы, згрупаваных у 3 арміі. 1-я Заходняя армія (галоўнакамандуючы – М. Б. Барклай дэ Толі; 6 пяхотных, 3 рэзервовых кавалерыйскіх і 1 казачы корпус; усяго каля 128 тыс. чалавек, 558 гармат) складала галоўныя сілы і размяшчалася паміж Расейнамі (цяпер Расейняй) і Лідай; 2-я Заходняя армія (галоўнакамандуючы – генерал ад інфантэрыі князь П. І. Баграціён; 2 пяхотныя, 1 кавалерыйскі корпус і 9 казачых палкоў; усяго прыкладна 45—50 тыс. чалавек, 216 гармат) засяродзілася паміж рэкамі Нёман і Буг; 3-я Заходняя Абсервацыйная армія (галоўнакамандуючы – генерал ад кавалерыі А. П. Тармасаў; 3 пяхотных, 1 кавалерыйскі корпус і 9 казачых палкоў; 43 тыс. чалавек, 168 гармат) дыслакавалася ў раёне Луцка. У раёне Рыгі размяшчаўся асобны корпус (18,5 тыс. чалавек) пад камандаваннем генерал-лейтэнанта І. М. Эсэна. Бліжэйшыя рэзервы (корпуса пад камандаваннем генерал-лейтэнанта барона П. І. Мелер-Закомельскага і генерал-лейтэнанта Ф. Ф. Эртэля) знаходзіліся ў раёнах гарадоў Таропец і Мазыр. На поўдні, у Падоллі, засяроджвалася Дунайская армія (каля 30 тыс. чалавек) пад камандаваннем адмірала П. В. Чычагава. Кіраўніцтва ўсімі войскамі ажыццяўляў імператар Аляксандр I, які знаходзіўся са сваёй галоўнай кватэрай пры 1-й Заходняй арміі. Галоўнакамандуючы не быў прызначаны, але Барклай дэ Толі, з’яўляючыся ваенным міністрам, меў права аддаваць загады ад імя імператара. Расійскія арміі расцягнуліся на фронце працягласцю звыш 600 км, а галоўныя сілы Вялікай арміі Напалеона – 300 км, што ставіла расіян у складанае становішча.

Перадваенныя планы[правіць | правіць зыходнік]

У 1811 г. генерал ад інфантэрыі князь П. І. Баграціён высунуў праект прэвентыўнага ўдару па Варшаўскім княстве, а адмірал П. В. Чычагаў – уварвання расійскіх войскаў у тыл праціўніка (да берагоў Адрыятычнага мора), аднак імператар Аляксандр I адхіліў абодва плана. Замест гэтага па яго даручэнні М. Б. Барклай дэ Толі распрацаваў план адступлення расійскай арміі ў глыб краіны і паступовага вымотвання праціўніка (гл. тактыка выпаленай зямлі). У той жа час васпан ухваліў план, прапанаваны ваенным саветнікам — прускім генерал-лейтэнантам рускай службы К. Л. фон Пфулем. Паводле яго задумы, сілам французаў павінны былі супрацьстаяць Дзвінская і Дняпроўская армія. Першая, адыходзячы ад мяжы, павінна была заняць лагер у лукавіне Заходняй Дзвіны ў раёне г. Дрыса (цяпер Верхнядзвінск), і атрымаць там падмацаванне, а Дняпроўская – адступаць на поўдзень да падыходу падмацаванняў з боку 3-й групоўкі расійскіх войск – Дунайскай арміі. Яе галоўнай задачай абвяшчалася знішчэнне рэзерваў і парушэнне камунікацый Вялікай арміі. Планавалася, што ў ходзе баёў праціўнік страціць колькасную перавагу, пасля чаго Дзвінская армія пераходзіла ў контрнаступленне. У гістарыяграфіі працягваецца дыскусія, па якім з гэтых 2 планаў дзейнічала расійскае камандаванне ў пачатку вайны 1812 года.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]