Савецка-польскі дагавор (1945)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Савецка-польскі дагавор 1945 г.
Дагавор аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы паміж СССР і Польшчай
Дата падпісання 16 жніўня 1945
Месца падпісання Масква, СССР
Набыў моц 5 лютага 1946
Падпісалі Вячаслаў Міхайлавіч Молатаў
Э. Асубка-Мараўскім(польск.) бел.
Бакі Сцяг СССР СССР
Сцяг Польшчы Польская Рэспубліка

Дагавор аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы паміж СССР і Польшчай, Савецка-польскі дагавор 1945 г. падпісаны 16 жніўня 1945 у Маскве намеснікам Старшыні СНК СССР В. М. Молатавым і Старшынёй Савета Міністраў Польскай Рэспублікі Э. Асубка-Мараўскім(польск.) бел. замест савецка-польскага пагаднення ад 27 ліпеня 1944 г. паміж СНК СССР і Польскім камітэтам нацыянальнага вызвалення, якое мела падрыхтоўчы характар.

Змест[правіць | правіць зыходнік]

У адпаведнасці з Дагаворам аб сяброўстве, узаемнай дапамозе і пасляваенным супрацоўніцтве ад 21 красавіка 1945 г. прадугледжвалася ўрэгуляванне пытання аб савецка-польскай граніцы ў духу сяброўства і згоды. Дзяржаўная граніца паміж СССР і Польшчай была ўстаноўлена ў адпаведнасці з рашэннямі Крымскай (Ялцінскай) канферэнцыі 1945 г. уздоўж «лініі Керзана» з адхіленнямі ад яе на карысць Польшчы ў некаторых раёнах на 5—8 км. Пры гэтым дадаткова Польшчы саступаліся: тэрыторыя на ўсходзе ад «лініі Керзана» да рэк Заходні Буг і Салокія, на поўдзень ад г. Крылаў(польск.) бел. з водступам на карысць Польшчы максімальна на 30 км (тэрыторыя Украіны); частка тэрыторыі Белавежскай пушчы на ўчастку Няміраў(бел. (тар.)) бел.Ялаўка на ўсход ад «лініі Керзана», уключаючы Няміраў, Гайнаўку, Белавежу і Ялаўку, з водступам на карысць Польшчы максімальна на 17 км (тэрыторыя Беларусі).

Паводле дагавора ад БССР адыходзілі 17 раёнаў Беластоцкай вобласці з г. Беластокам і 3 раёны Брэсцкай вобласці (частка Белавежскай пушчы). Польскі бок перадаваў БССР 15 вёсак, населеных пераважна беларусамі. Згодна з дагаворам ад Беларусі адразалася тэрыторыя плошчай 14,3 тыс. км² з насельніцтвам каля 638 тыс. чал. (паводле польскага перапісу 1946 г.(польск.) бел.). Там пражывала 61% католікаў, 23% праваслаўных, 15% іўдзеяў (даныя 1921 г.). Дагавор ратыфікаваны Краёвай Радай Нарадовай(польск.) бел. 31 снежня 1945 і Прэзідыумам Вярхоўнага Савета СССР 13 студзеня 1946 г. Ён прадугледжваў стварэнне змешанай камісіі па дэмаркацыі граніцы з месцазнаходжаннем у Варшаве, якая пачала працу ў маі 1946 і закончыла дэмаркацыю граніцы ў красавіку 1947 г. 20 жніўня 1945 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў пастанову аб перадачы Польшчы большасці зямель Беластоцкай вобласці. У 19461955 гг. мяжа паміж БССР і Польшчай паводле рашэння савецкага ўрада перасоўвалася на ўсход 4 разы. Польшчы былі перададзены некалькі дзясяткаў вёсак Сапоцкінскага, Бераставіцкага і Свіслацкага раёнаў, жыхары якіх у пераважнай большасці былі католікамі.

Юрыдычная характарыстыка дагавора[правіць | правіць зыходнік]

Падрыхтоўка, падпісанне і ратыфікацыя дагавора былі ажыццёўлены без удзелу ўпаўнаважаных прадстаўнікоў БССР. Ён не абмяркоўваўся ў вышэйшых органах дзяржаўнай улады Беларусі, чые нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы непасрэдна закранаў. Дагавор парушаў палажэнні Канстытуцыі СССР 1936 г. і Канстытуцыі БССР 1937 г., якія патрабавалі згоды саюзнай рэспублікі на змяненне яе граніц. 3 пункту гледжання міжнароднага права дагавор уяўляў сабой чарговы падзел тэрыторыі Беларусі, якая паводле рашэнняў Сан-Францыскай канферэнцыі 1945 г. была ўключана ў склад першапачатковых членаў ААН. Паводле дагавора аб добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча ад 23 чэрвеня 1992 г. бакі пацвердзілі існуючыя паміж імі граніцы, вызначаныя дагаворам ад 16 жніўня 1945 г.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Внешняя политика Советского Союза в период Отечественной войны: Документы и материалы: В 3 т. Т. 3: 1 января - 3 сентября 1945 г. / Ред.-сост. С. Майоров. — М.: Госполитиздат, 1947. — 791 с. : карт.
  • Волаціч, М. Насельніцтва Заходняй Беларусі і яго перасяленьне між сучаснай Польшчай і БССР // Беларускі Зборнік. Кн. 4. — Мюнхен, 1956.
  • Документы и материалы по истории советско-польских отношений. Т. VIII. Январь 1944 г. — декабрь 1945 г. — М.: Наука, 1974. — С. 541—542.
  • Снапкоўскі, У. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гг. — Мн., 1997.
  • Снапкоўскі, У. Міжнародныя аспекты вызначэння савецка-польскай мяжы ў 1943—1945 гг. / Уладзімір Снапкоўскі // Беларускі гістарычгы часопіс. — 1994. — № 3. — С.
  • Снапкоўскі, У. Савецка-польскі дагавор 1945 / Уладзімір Снапкоўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 197. — ISBN 985-11-0214-8.