Савецкія ваенныя спецыялісты за мяжой

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Савецкія ваенныя спецыялісты за мяжойваенныя саветнікі і ваенспецы з СССР, накіраваныя ў дапамогу замежным узброеным сілам. Дадзеная практыка з’яўлялася адным з ключавых напрамкаў міжнароднага ваеннага супрацоўніцтва дзяржавы[1].

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Да задач савецкіх вайскоўцаў за мяжой ставіліся[2]:

  • распрацоўка прапаноў і рэкамендацый па пытаннях фарміравання, тэхнічнага абсталявання і прымянення нацыянальных узброеных сіл;
  • аказанне дапамогі ў падтрыманні баявой гатоўнасці, арганізацыі баявой і аператыўнай падрыхтоўкі войскаў і штабоў;
  • аказанне дапамогі ў засваенні ваеннай тэхнікі і ўзбраення;
  • арганізацыя сістэмы падрыхтоўкі ваенных кадраў;
  • удзел у будаўніцтве аб’ектаў абароннага прызначэння.

У зонах ваенных дзеянняў яны пры неабходнасці маглі ўдзельнічаць у баях[3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У міжваенны перыяд 1920—1930-х гадоў савецкія ваенныя спецыялісты працавалі ў Кітаі і Іспаніі.

У першым выпадку іх дзейнасць пачалася ў 1924 годзе. Замежнікі ўнеслі вялікі ўклад у станаўленне Нацыянальна-рэвалюцыйнай арміі Паўднёвага Кітая (НРА) і прынялі ўдзел у Паўночным паходзе. Аднак з-за грамадзянскай вайны паміж Гаміньданам і КПК савецкая вайсковая прысутнасць згорнута. У 1937—1941 гадах ваенныя саветнікі і спецыялісты вярнуліся ў Кітай, дапамагаючы ў барацьбе супраць японскага ўварвання[4].

У другім выпадку савецкія вайскоўцы адзначыліся ўдзелам у грамадзянскай вайне 1936—1939 гадоў, падтрымаўшы рэспубліканцаў у супрацьстаянні з франкістамі. Вопыт баявых дзеянняў у Іспаніі лёг у аснову падрыхтоўкі СССР да будучага сусветнага канфлікту[5].

Пасля Другой сусветнай савецкіх вайскоўцаў сталі накіроўваць у камандзіроўкі ва Усходнюю Еўропу. Першай краінай, у якой на пастаяннай аснове разгорнута група ваенных саветнікаў і спецыялістаў, была Германская Дэмакратычная Рэспубліка[1].

З сярэдзіны 50-х гадоў савецкі ўплыў нарастае ў новых незалежных дзяржавах «трэцяга свету». З гэтага часу колькасць краін, якім Масква аказвала дапамогу ў будаўніцтве Узброеных Сіл, значна ўзрастае. Шмат у чым гэтаму спрыяў XX з’езд КПСС (люты 1956 года). На ім агучаны заклік «усяляк умацоўваць брацкія адносіны, сяброўства і супрацоўніцтва не толькі з краінамі народнай дэмакратыі, але і з народамі іншых дзяржаў, якія стаяць на пазіцыі міру; падтрымліваць тыя краіны, якія не даюць уцягваць сябе ў агрэсіўныя блокі; ісці насустрач усім сілам, якія зацікаўлены ў захаванні міру». Пашырэнне геаграфіі і ўзрастанне аб’ёмаў аказання Савецкім Саюзам дапамогі абумоўлівалі вострую патрэбу ў ваенных замежных кадрах — саветніках, спецыялістах, інструктарах і перакладчыках[6].

У «гарачых кропках» работа ажыццяўлялася ва ўмовах максімальнай сакрэтнасці. Вайскоўцы не мелі магчымасці інфармаваць сваякоў нават аб характары місій. Пры выкананні баявых заданняў савецкія спецыялісты нярэдка павінны былі маскіравацца, пераапранаючыся ў чужую форму, і выдаваць сябе за байцоў мясцовых армій. З меркаванняў сакрэтнасці забаранялася насіць дакументы і знакі адрознення[7]. Удзел у чужых войнах матываваўся выкананнем інтэрнацыянальнага доўгу, абаронай каштоўнасцяў сацыялізму, дапамогай дружалюбным краінам у будаўніцтве нацыянальных узброеных сіл і адлюстраваннем агрэсіі звонку[8].

Большасць савецкіх вайскоўцаў мела вельмі смутныя ўяўленні аб замежных рэаліях – пра асаблівасці побыту, традыцыях, звычаях, псіхалогіі народаў. Без гэтых ведаў узаемадзеянне з саюзнікамі выбудоўваць было цяжка. Часам мелі месца непрыемныя інцыдэнты, якія наносілі шкоду прэстыжу СССР за мяжой[9].

Адным з практычных вынікаў аказання савецкай ваеннай дапамогі было стварэнне аб’ектаў ваеннай інфраструктуры. На працягу 1950—1991 гадоў з дапамогай ваенных саветнікаў і спецыялістаў было створана мноства аб’ектаў абароннага значэння. Да іх ліку можна аднесці авіярамонтныя прадпрыемствы ў Індыі і на Кубе, танкарамонтныя заводы на Кубе і ў Сірыі, аўтаматызаваныя палігоны на Кубе і ў Югаславіі. У шэрагу дзяржаў Трапічнай Афрыкі, Блізкага Усходу і іншых рэгіёнаў свету ствараліся ваенныя вузлы сувязі, пункты матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, аэрадромы, парты і іншыя аб’екты[6].

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

У выніку актыўнай ваеннай саветніцкай дзейнасці Масква атрымлівала магчымасць глыбокага пранікнення ў палітычную, эканамічную і ваенную сферы тых ці іншых дзяржаў і рэгіёнаў. Савецкае кіраўніцтва набыло дадатковыя рычагі ўплыву на рэгіянальныя і міжнародныя адносіны, забяспечваючы тым самым высокі міжнародны статус. Акрамя таго, Крэмль атрымліваў дадатковыя крыніцы інфармацыі аб сацыяльна-палітычным і эканамічным становішчы ў дружалюбных дзяржавах[10].

Праз дзейнасць саветнікаў і спецыялістаў Савецкі Саюз атрымліваў магчымасць выпрабаваць уласнае новае ўзбраенне і ваенную тэхніку ў экстрэмальных умовах розных тэатраў ваенных дзеянняў і ацэньваць эфектыўнасць іх прымянення ў рэальнай баявой абстаноўцы. Якасны адбор асабістага складу для камандзіровак, а таксама наступная аптымальная расстаноўка кадраў, якія атрымалі каштоўныя веды і вопыт службы за межамі краіны, аказвалі пазітыўнае ўздзеянне на ўкамплектаванасць Узброеных Сіл СССР, іх баяздольнасць і ўмацаванне баявога патэнцыялу[11]. Па вяртанні з замежжа вайскоўцы, як правіла, займалі значныя пасады[2].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Нырков 2014, p. 160.
  2. а б Нырков 2014, p. 161.
  3. Григорьева 2019, p. 219.
  4. Воронкова, И.Ю. Крепкой дружбою сильны: Белорусский аспект советско-китайских отношений в 1920–1950-е годы // Беларуская думка : журнал. — 2015. — № 6. — С. 18—25.
  5. Бельков, Д.А. Красная армия накануне Великой Отечественной войны: использование опыта локальных войн // Новый исторический вестник: журнал. — 2005. — №2(13).
  6. а б Нырков 2014, pp. 160–161.
  7. Григорьева 2019, p. 218.
  8. Григорьева 2019, p. 221.
  9. Григорьева 2019, pp. 219–220.
  10. Нырков 2014, pp. 161–162.
  11. Нырков 2014, p. 162.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]