Перайсці да зместу

Свята-Крыжаўзвіжанская царква (Галавачы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Крыжаўзвіжанская царква
53°38′06,46″ пн. ш. 24°15′50,80″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Галавачы
Канфесія Праваслаўе
Епархія Гродзенская і Ваўкавыская
Благачынне Скідзельскае
Архітэктурны стыль псеўдарускі
Архітэктар Іван Ігнатавіч Калянкевіч
Дата пабудовы 1881 год
Матэрыял цэгла
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Крыжаўзвіжанская царква — праваслаўны храм у вёсцы Галавачы Гродзенскага раёна. Размешчана ў цэнтры вёскі.

Да сярэдзіны XIX стагоддзя старая драўляная царква ў Верцялішках разбурылася. 21 лістапада 1876 года малодшаму інжынеру Прусаку было даручана знайсці зручнае месца для пабудовы мураванага храма ў суседняй вёсцы Галавачы. 13 красавіка 1877 года губернскі архітэктар Іван Калянкевіч прадставіў у царкоўна-будаўнічую канцылярыю праект і каштарыс на пабудову мураванай царквы на 550 прыхаджан[1].

На будаўніцтва храма ўрад асігнаваў 14761 рублёў. На мясцовых прыхаджан быў ускладзены абавязак па падвозцы будаўнічых матэрыялаў. Будаўніцтва скончылася ў 1881 годзе.

Адкрыта ў 1988—1990 гадах пасля заняпаду.

Праект Крыжаўзвіжанскай царквы аўтарства Івана Калянкевіча.

Помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Будынак прамавугольны ў плане з 5-граннай апсідай і 2-яруснай (васьмярык на чацверыку) званіцай. Асноўны аб’ём накрыты 4-схільным дахам, над якім на 8-гранным барабане ўзвышаецца цыбулепадобная галоўка, такая ж завяршае шацёр званіцы, арачныя праёмы якой завершаны кілепадобнымі какошнікамі. Фасады дэкарыраваны карнізам з філёнгавым фрызам, арачныя аконныя праёмы бакавых фасадаў акаймаваны кілепадобнымі ліштвамі, прамавугольныя аконныя праёмы апсіды і трапезнай — прафіляванымі ліштвамі. Малітоўная зала перакрыта драўляной корабавай столлю.

26 верасня 1881 года быў складзены інвентарны вопіс царквы:

" Уздвіжанская праваслаўная царква пабудавана з цэглы на падмурку з бутавага каменю, груба абчасанага звонку, мае даўжыню са званіцай у 2 ярусы, размешчанай наперадзе, 13 саж. Атынкавана ўнутры і звонку. Пры ўваходзе ёсць мураваны ганак са сценкамі, прыступкамі і пляцоўкай. У сярэдняй частцы пабудаваны купал, абабіты цынкам і пафарбаваны. Дах званіцы з галоўкай і галава купала накрыты белым ліставым жалезам, а дах царквы чорным ліставым жалезам і пафарбаваны алейнай фарбай. 2 чыгунныя пазалочаныя крыжы. З царквы люк у столі на дах. Шэсць паўкруглых акон "

.

Зноскі

  1. Кулагин А. Н. Гродненские зодчие XIX — начала XX веков (новые архивные изыскания). // Пытанні мастацтвазнаўства, этналогіі і фалькларыстыкі. Выпуск 22. — Мінск, «Права і эканоміка». — 2017. — С. 81