Свята-Мікалаеўская царква (Леніна)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Мікалаеўская царква
52°10′54″ пн. ш. 31°40′56″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Леніна
Канфесія Праваслаўе
Епархія Гомельская і Жлобінская
Благачынне Добрушскае
Архітэктурны стыль класіцызм
Заснавальнік Пётр Васільевіч Завадоўскі
Першае згадванне 1740
Дата пабудовы 1800 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313Г000264шыфр 313Г000264
Стан не дзейнічае
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свя́та-Мікала́еўская царква́ — мураваны праваслаўны храм у аграгарадку Леніна Добрушскага раёна Гомельскай вобласці, помнік архітэктуры класіцызму. Размешчаны ў цэнтры вёскі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Выгляд збоку.
Выгляд з боку апсіды.
Інтэр’ер.

Праваслаўны прыход у вёсцы Леніна (колішняя вёска Сізоўка Рэчыцкага павета Менскага ваяводства) вядомы з XVIII стагоддзя. Па пісьмовых крыніцах царква згадваецца з 1740 года, калі на сродкі вернікаў у сяле быў збудаваны драўляны храм, які праіснаваў больш за 50 гадоў, пакуль не згарэў[1].

Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай Сізоўка апынулася ў складзе Расійскай імперыі. Частка сяла стала валоданнем графа Пятра Завадоўскага, які ў 1800 годзе на ўласныя сродкі пабудаваў крыжападобны храм з адным купалам ў імя свяціцеля Мікалая. Царква была абнесена цаглянай агароджай[1].

Станам на 1848 год, храм дзейнічаў, а ў 1850—1889 гадах неаднойчы капітальна перабудоўваўся[2]. Па звестках 1865 года, у храме ішоў рамонт[3]. У 1858 годзе святар Пётр Садоўскі адкрыў пры царкве школу для сялянскіх дзяцей.

Побач з храмам размяшчалася драўляная званіца, якая падчас рэканструкцыі 1873 года была дабудавана і злучана ў адзін аб’ём з царквой. У верхнім ярусе званіцы на другім паверсе знаходзіўся другі храм у гонар Узнясення Гасподняга, пры гэтым плошча двухпрастольнай святыні складала каля 800 кв.м.[1]

У канцы XIX стагоддзя вёска, якая на той час называлася Папоўкай, адносілася да Магілёўскай епархіі. Апісанне царквы аўтарства епіскапа Місаіла, змешчанае ў «Магілёўскіх епархіяльных ведамасцях» за 1897 год, паведамляе аб наяўнасці добра аздобленага каштоўнага царкоўнага начыння, небагатай, але прыстойнай рызніцы і ўпарадкаванай бібліятэкі. Пры святыні дзейнічалі два хоры пад кіраўніцтвам селяніна, настаўніка царкоўна-прыхадской школы, «вельмі добрыя як на слых, так і па нотах»[4].

Пасля ўсталявання савецкай улады царкву зачынілі. У 1931 годзе ў ёй быў адкрыты сельскі клуб, царкоўны архіў спалены. Падчас Другой сусветнай вайны ва ўсходнюю сцяну будынка трапіў снарад, разбурыўшы алтарную частку.

Пасля вайны ў царкве ўладкавалі калгасныя склады. У 1961 годзе ў храм трапіла маланка і ўсе драўляныя элементы згарэлі (купал, дах, перакрыцці). З таго часу будынак прыйшоў у заняпад[5]. У 1989 годзе Белспецпраектрэстаўрацыя падрыхтавала праект аднаўлення храма, аднак працы па яго рэалізацыі не пачаліся[6].

У 1992—1993 гадах у вёсцы аднавілася парафія, быў пабудаваны часовы малітоўны дом Свяціцеля Мікалая Цудатворца. У 2001 храм наведаў патрыярх маскоўскі Аляксій II. У 2003 годзе была ўзведзена званіца, адкрыта духоўная бібліятэка пры храме[1]. Руіны царквы абвешчаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь рэгіянальнага значэння.

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Роспісы ў інтэр’еры.

Помнік архітэктуры пераходнага стылю ад барока да класіцызму[6]. Крыжападобны двухпавярховы аднакупальны храм з двума прастоламі, атынкаваны знадворку і ўсярэдзіне. Дах і купалы званіцы былі пакрыты жалезам, афарбаваным алейнай фарбай. Агульная вышыня трох’яруснай званіцы складала 35 аршын, два верхніх ярусы званіцы драўляныя, ніжні ярус двухпавярховы, цагляны.

Купал быў васьмігранным у плане і абапіраўся на квадратны барабан. Пра форму купала даюць уяўленне часткова захаваныя драўляныя канструкцыі ветразяў усярэдзіне барабана. Архітэктурнае вырашэнне ўваходаў з боку апсід папярочнага нефа было абумоўлена захаванымі драўлянымі балкамі, якія кансольна выступаюць з мура апсід, слядамі прылягання даху да сцяны, а таксама паўкруглым чатырохкаленным порцікам над уваходам у апсіду[2].

Інтэр’ер.
Праект рэстаўрацыі царквы, 1989.

Прыход[правіць | правіць зыходнік]

Па звестках 1897 года, прыход царквы налічваў 2417 вернікаў. Адзначана, што «народ да Царквы Божай прыхільны, да духавенства размешчаны; прыход добры, хоць прыхаджане бедныя ў матэрыяльным стане». Прычт складаўся з двух членаў з гадавым жалаваннем у 644 р. 98 к. Налічвалася 35 дзесяцін царкоўнай зямлі. Жыллё святара і псаломшчыка дасталіся ад прыхаджан і патрабавалі капітальнага рамонту па прычыне старасці[4].

Царкоўна-прыходскае папячыцельства выдзеліла ў 1896 годзе 600 рублёў на аднаўленне царквы і школы граматы для дзяўчынак. У прыходзе працавалі дзве царкоўна-прыходскія школы граматы для хлопчыкаў і дзяўчынак. Школы знаходзіліся ў царкоўнай вартоўні і былі цеснымі і нязручнымі. Царкоўныя дакументы вяліся ў спраўнасці, асабліва царкоўны летапіс, які пісаўся даўно, падрабязна і ў належным парадку[4].

Тагачасны святар протаіерэй Пётр Садоўскі характарызаваны як «вельмі уважлівы да свайго служэння... і старанны,... уплывовы на прыхаджан, набыў шмат каштоўных царкоўных прыналежнасцей і ўпрыгожыў і забяспечыў храм»[4].

Святары[правіць | правіць зыходнік]

У царкве служылі наступныя святары: Андрэй Яўланаў (1800—1817), Пракоп Хандаянскі (1817—1823), Васіль Бардоўскі (1823—1840), Герасім Чалоўскі (1823—1842), Андрэй Страдольскі (1840—1849), Пётр Садоўскі (1849—1909) — пахаваны на тэрыторыі храма, Васіль Грэк (з 2000)[5].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б в г Аляксандр Невар.. Леніна (Папоўка). Свята-Мікалаеўская царква. (недаступная спасылка). Архітэктурная спадчына Беларусі (18 красавіка 2018). Архівавана з першакрыніцы 17 кастрычніка 2019. Праверана 15.11.2019.
  2. а б Гісторыка-культурная спадчына Добрушскага раёна (недаступная спасылка). Добрушскі раённы выканаўчы камітэт. Архівавана з першакрыніцы 16 лістапада 2019. Праверана 15.11.2019.
  3. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2004. — 632 с.: іл. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0303-9., С. 356
  4. а б в г Вадзім Лось. Храмы Добрушчыны: Кузьмінічы, Плутоўка, Завідаўка, Папоўка. // Газета «Добрушскі край» №66 ад 24 жніўня 2011 года. – С. 7.
  5. а б Храм свяціцеля Мікалая Цудатворца, в. Папоўка. (руск.). Афіцыйны сайт прыхода (2019). Праверана 15.11.2019.
  6. а б Царква св. Мікалая ў Леніна. (руск.). planetabelarus.by (24 красавіка 2017). Праверана 15.11.2019.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4 — С. 257