Свята-Петра-Паўлаўская царква (Узда)
Праваслаўны храм | |
Свята-Петра-Паўлаўская царква | |
---|---|
53°27′26″ пн. ш. 27°13′14″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Узда |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Маладзечанская епархія |
Архітэктурны стыль | Рэтраспектыўна-рускі стыль |
Архітэктар | Віктар Іванавіч Струеў |
Заснавальнік | Ф. Завіша |
Дата пабудовы | 1840 год |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Свята-Петра-Паўлаўская царква — праваслаўны храм у г. Узда на Чырвонай плошчы. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1905 годзе паводле праекта архітэктара В.І. Струева на месцы мураванага храма 1848 г., фундаванага Ф. Завішы. Перад царквой стаяла драўляная званіца з 3 званамі (не захаваліся)..
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Сіметрычна адносна падоўжанай і папярочнай восей храм у плане ўяўляе сабой трохчасткавую схему: трапезная, асноўны квадратны аб'ём і алтар з прыбудовай. Асаблівасць аб'ёмна-планіровачнага рашэння — безстаўповая аднапралётная сістэма перакрыццяў асноўнага аб'ёму і складаная сістэма перакрыццяў у трапезнай (гэта звязанае з размяшчэннем у другім яе ярусе званіцы). Характэрнай рысай агульнай кампазіцыі царквы з'яўляецца кантраст паміж дэталёвай распрацоўкай паверхняў сцен і простым канструкцыйным рашэннем завяршэння асноўнага аб'ёму (чатырохсхільны дах з несапраўдным васьмігранным драўляным барабанам і гранёным цыбулепадобным купалам). У дэкаратыўным аздабленні фасадаў выкарыстаныя формы старажытнарускага дойлідства (кілепадобныя какошнікі, што завяршаюць вуглавыя пілястры галоўнага аб'ёму, падвойныя вокны асноўнага аб'ёму і патройнае акно на заходнім фасадзе званіцы) і класіцызму (двухсхільныя дахі, профілі карнізаў, руставаныя абрамленні галоўнага ўваходу і аконных праёмаў).
Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]
Унутры дамінуе прастора квадратнай у плане малітоўнай залы, перакрытай плоскай драўлянай кесаніраванай столлю. Пры ўваходзе ў залу кансольна выступае галерэя хораў, падтрыманая 2 магутнымі пілонамі і перакінутымі цераз іх аркамі. Прамавугольная ў плане апсіда адкрываецца шырокім лучковым прасветам і вылучана драўляным 1-ярусным пяцічасткавым з 3 франтонамі і разнымі царскімі варотамі іканастасам (раней быў двух'ярусны пазалочаны ў 16 абразоў), які, як і бакавыя ківоты, аздоблены накладной драўлянай разьбой.
Зноскі
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
Свята-Петра-Паўлаўская царква (Узда) на Вікісховішчы |
- Свята-Петра-Паўлаўская царква (Узда) на сайце Radzima.org
- Свята-Петра-Паўлаўская царква (Узда) на сайце Глобус Беларусі (руск.)