Перайсці да зместу

Свята-Троіцкі сабор (Хоцімск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Троіцкі сабор
53°24′36,14″ пн. ш. 32°34′57,87″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Гарадскі пасёлак Хоцімск
Канфесія Праваслаўе
Епархія Магілёўская і Мсціслаўская
Благачынне Клімавіцкае
Архітэктурны стыль рэтраспектыўна-рускі
Архітэктар Уладзіслаў Сямёнавіч Міляноўскі[1]
Дата пабудовы 1873 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000538шыфр 513Г000538
Стан дзейнічае
Сайт sobor-hotimsk.by
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Троіцкі сабор[2], або Свята-Троіцкая царква[3] — праваслаўны храм у гарадскім пасёлку Хоцімску Магілёўскай вобласці. Размешчаны на вуліцы Кірава, 24.

Сабор у пачатку XX стагоддзя.

Закладзены ў 1861 годзе ў гонар адмены прыгоннага права. У маі 1873 года на Пяцідзясятніцу магілёўскі архіепіскап Яўсевій асвяціў храм у гонар Святой Троіцы, а яго прыбудовы — у гонар Казанскай іконы Божай Маці і Мікалая Цудатворца[2].

У 1938 годзе савецкія ўлады зачынілі сабор, спалілі абразы ў двары райвыканкаму і разбурылі званіцу. Будынак прыстасоўвалі пад банк, школу механізацыі, збожжасховішча і Дом культуры[2].

У 1941 годзе нямецкія акупацыйныя ўлады дазволілі аднавіць набажэнствы ў саборы. У 1943 годзе яго пераўтварылі ў бастыён, але набажэнствы працягнуліся ў драўлянай капліцы на могілках. Пасля вайны будынак пераўтварылі ў збожжасховішча. У 1954 годзе ён быў перададзены пад Дом культуры і ў канцы 1960-х гадоў рэканструяваны (перакрыты другі паверх)[2].

У 1990 годзе архімандрыт Кірыл Бадзіч сабраў звыш 8750 подпісаў прыхаджанаў за вяртанне сабора[4]. У 1992 годзе будынак вярнулі прыходу. Прыхаджане пабудавалі 2 капліцы, агароджу і аднавілі вежы купалоў. У 2004 годзе для сабора ўпершыню ў Беларусі быў адліты звон вагой 1280 кг.

У 2011 годзе пры саборы быў заснаваны штогадовы нацыянальны фестываль званарства «Хоцімскія перазвоны»[5]. На 2013 год пры саборы працавала школа і духоўная гімназія на 170 дзяцей[4].

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Будынак цэнтральнай крыжовай кампазіцыі: да кубападобнага ў плане цэнтральнага аб’ёму далучаны аднолькавыя аб’ёмы бакавых прыдзелаў і прытвора, паўкруглая апсіда з бакавымі рызніцамі.

Крылы храма накрыты пакатымі двухсхільнымі дахамі Цыбулепадобныя купалы на шатрах васьмігранных барабанаў завяршаюць вуглы і чатырохсхільны дах асноўнага аб’ёму, шацёр званіцы. У дэкоры фасадаў выкарыстаны элементы старажытнарускага царкоўнай архітэктуры атынкаваныя фасады апяразаны прафіляваным карнізам, крапаваны аркатурнымі фрызамі, надваконнымі броўкамі і арачнымі нішамі.

Унутры малітоўная зала падзелена на 3 нефы 4 магутнымі пілонамі, на якія праз парусныя скляпенні абапіраецца васьмігранны светлавы барабан з купалам. Нефы, прыдзелы і рызніцы перакрыты крыжовымі і цыліндрычнымі скляпеннямі, апсіда — конхай. Перад храмам пастаўлена белакаменная 3-арачная брама.

Побач з храмам у 1990-я гады пабудавана капліца ў гонар жыхароў горада, якія загінулі ў гады 1-й сусветнай, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў.

Зноскі

  1. Барановский Г. В. Юбилейный сборник сведений о деятельности бывших воспитанников Института гражданских инженеров (Строительного училища) 1842—1892. // Издание института гражданских инженеров. — Санкт-Петербург, 1893. — с. 221
  2. а б в г Гісторыя (руск.)(недаступная спасылка). Сабор Святой Троіцы ў Хоцімску (3 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 25 чэрвеня 2020. Праверана 25 чэрвеня 2020.
  3. З архітэктурнай спадчыны // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Хоцімскага раёна/ Рэд. кал.: Г. П. Пашкоў (гал.рэд) і інш.; маст. Э. Э. Жакевіч. Мн.: БелЭн, 2003. — с. 552—555.
  4. а б Нэлі Зігуля.. У госці — да бацюшкі . Звязда № 216 (27581) (16 лістапада 2013). Праверана 25 чэрвеня 2020.
  5. Фестываль званарства (руск.)(недаступная спасылка). Сабор Святой Троіцы ў Хоцімску (3 кастрычніка 2020). Архівавана з першакрыніцы 26 чэрвеня 2020. Праверана 25 чэрвеня 2020.