Францыск Асізскі
Францыск Асізскі | |
---|---|
лац.: Franciscus Assisiensis | |
| |
Свецкае імя | Джавані Франчэска дзі П'етра Бернардонэ |
Дата нараджэння | мерк. 24 чэрвеня 1182[1] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 3 кастрычніка 1226[1][3] (44 гады) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Шануецца | Каталіцкай царквой |
Кананізаваны | 16 ліпеня 1228 |
У ліку | святы і каталіцкі святы |
Дзень памяці | 4 кастрычніка |
Заступнік | жывёл, навакольнага асяроддзя, Італіі, купцоў, безквітковых пасажыраў[4], Сан-Францыска, Каліфорніі |
Атрыбуты | Тау-крыж, голуб, птушкі, жывёлы, воўк у нагах, Pax et bonum, францысканскі аскетызм, стыгматы |
Бацька | Pietro di Bernardone dei Moriconi[d] |
Маці | Pica de Bourlemont[d] |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Святы Францішак Асізскі (1181 ці 1182 — 3 кастрычніка 1226) — заснавальнік Ордэна Францысканцаў, а таксама міранскага Ордэна Братоў і Сёстраў Пакаяння і (разам з Кларай Асізскай жаночага ордэна Бедных Жанчын. Ушаноўваецца католікамі як святы.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў італьянскім горадзе Асізі ў сям’і гандляра тканінамі П’етра Бернардоне. Імя, атрыманае пры нараджэнні — Джава́ні Бернардо́не (італ.: Giovanni Bernardone). Імя-празванне Франчэ́ска, гэта значыць «французік», ён атрымаў, верагодна, ад бацькі, які меў стасункі з Францыяй і вельмі любіў гэтую краіну.
У юнацтве Францыск быў легкадумны і шмат часу праводзіў у забавах. Паводле паданняў, ён марыў тады стаць ваяром. У 1201 удзельнічае ў ваенным паходзе на Перуджу, які церпіць няўдачу. Францыск праводзіць год у палоне. Вярнуўшыся дадому, ён не пакідае бесклапотнага жыцця і думак пра ваярскі лёс, а ў 1204 вырашае далучыцца да крыжовага паходу і едзе да месца збору войскаў, але па дарозе, у горадзе Спалета, бачыць сон, які прымушае яго вярнуцца. З гэтага часу ён праводзіць шмат часу ў малітве ды цураецца старых забаў, а таксама пачынае даглядаць хворых на праказу.
Яшчэ праз некаторы час у царкве св. Дзям’яна недалёка ад Ассізі Францыск маліўся перад выяваю Хрыста ўкрыжаванага, і нечакана Хрыстос на выяве ажыў ды звярнуўся да юнака са словамі: «Францыск, Францыск, адбудуй мой дом, бо глядзі, ён руйнуецца». Зразумеўшы гэта наўпрост, Францыск прадаў свайго каня і нейкія тканіны з бацькавае крамы, каб дапамагчы святару аднавіць будынак царквы. Абураны бацька паклікаў яго на біскупскі суд, і Францыску сказалі вярнуць грошы. Тады ён аддаў бацьку не толькі грошы, але і сваё адзенне, і з гэтага моманту стаў жабраком у Асізі, удзельнічаючы ўласнаю працаю ў адбудоўлі храмаў, сярод іх невялікай капліцы паблізу горада, якая звалася Парцыюнкала. Пазней Парцыюнкала стане ўлюбёным месцам францысканцаў.
У лютым 1209 Францыск чуе на імшы чытанне з Евангелля паводле Мацея, ў якім Хрыстос заклікае вучняў ісці прапаведваць ягонае слова, нічога не беручы з сабою, і адчувае, што гэта ягонае пакліканне. З гэтага моманту ён пачынае прапаведваць пакаянне. Хутка да яго далучаецца першы вучань, Бернарда, які аддае ўсю сваю маёмасць на аднаўленне святыняў. За год колькасць вучняў дасягае адзінаццаці. Супольнасць заве сябе «fratres minores», г.зн. «меншыя браты». Ад самага пачатку гэтыя прапаведнікі адрозніваюцца ад іншых надзвычайнай бадзёрасцю, славячы Бога не толькі казанямі, але і спевамі. У тым жа 1209 годзе Францыск вядзе наванароджаную супольнасць у Рым, каб атрымаць дабраславенне Папы Інакенція III. Папа спачатку адмаўляе ім у аўдыенцыі, але на наступную ноч бачыць сон, у якім сцяну царквы, якая вось-вось абваліцца, падтрымоўвае маленькі чалавек у жабрацкае вопратцы. Ранкам ён разумее, што чалавек у сне — гэта той самы жабрак, што прыходзіў да яго днём раней, прымае меншых братоў і дабраслаўляе іх.
Супольнасць працягвае прапаведніцкую дзейнасць. Казані Францыска кранаюць Клару, дзяўчыну з высакароднай сям’і, і яна вырашае пайсці ў манашкі. Калі высвятляецца, што яе бацькі супраць такога выбару дачкі, Францыск і ягоныя вучні дапамагаюць Клары збегчы з дому, і яна засноўвае манашаскі ордэн Бедных Жанчынаў, які ў прастамоўі называюць часта ордэнам Кларысаў.
У 1215 годзе Францыск удзельнічаў у Другім Латэранскім Саборы і, верагодна, менавіта там пазнаёміўся са св. Дамінікам.
У 1219 годзе ён плаваў прапаведваць мусульманам у Егіпет. Пра гэта падарожжа існуюць шматлікія паданні.
29 верасня 1220 году Францыск перадае кіраванне ордэнам брату П’етра Канціні. Брат П’етра ў хуткім часе памірае, і яго змяняе брат Элія.
29 лістапада 1223 Папа Ганоры II зацвердзіў статут ордэну.
17 верасня 1223 падчас малітвы на гары Альверна Францыску з’явіўся вобраз укрыжаванага серафіма. Калі ён знік, на руках, нагах і грудзях Францішка засталіся стыгматы — раны на ўзор ранаў укрыжаванага Хрыста. Манах, які быў сведкам гэтага здарэння, расказаў аб ім толькі пасля смерці Францыска.
У 1224 Францыск піша свой знакаміты «Гімн Стварэння», ў якім славіць Бога за хараство створанага Ім свету. Гэты гімн лічыцца адным з першых мастацкіх твораў на італьянскай мове.
Калі да даўняй хваробы вачэй дадаліся стыгматы, Францыск робіцца зусім нямоглы. 3 кастрычніка 1226 ён памірае недалёка ад Парцыюнкулы, акружаны клопатам сваіх вучняў і паплечнікаў.
Кананізацыя і ўшанаванне
[правіць | правіць зыходнік]16 ліпеня 1228, калі не мінула яшчэ і двух гадоў са смерці Францыска, Папа Рыгор IX абвясціў яго святым булаю Mira Circa Nos. Сёння Францыск — адзін з найбольш шануемых каталіцкіх святых, а ягоная магіла ў Асізі — мэта шматлікіх паломніцтваў.
Паслядоўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ а б Rusconi R. FRANCESCO d'Assisi, santo // Dizionario Biografico degli Italiani — 1997. — Vol. 49. Праверана 2 снежня 2020.
- ↑ Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
- ↑ BeWeB Праверана 2 снежня 2020.
- ↑ Chesterton G. K.. St. Francis of Assisi. — 14 ed. — Garden City, NY: Image Books, 1924 — P. 126
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Нарадзіліся 24 чэрвеня
- Нарадзіліся ў 1182 годзе
- Нарадзіліся ў Асізі
- Памерлі 3 кастрычніка
- Памерлі ў 1226 годзе
- Памерлі ў Асізі
- Пахаваныя ва Умбрыі
- Асобы
- Святыя паводле алфавіта
- Каталіцкія святыя
- Святыя Італіі
- Заснавальнікі манаскіх ордэнаў
- Францысканцы
- Аскетызм
- Пацыфісты
- Персанажы «Боскай камедыі»
- Хрысціянскія святыя XIII стагоддзя