Перайсці да зместу

Серафін Міхалеўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Серафін Міхалеўскі
Дата нараджэння 18 мая 1923(1923-05-18)
Месца нараджэння
Дата смерці 15 студзеня 2006(2006-01-15) (82 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці філолаг, філосаф, рэлігіязнавец, пісьменнік, паэт, перакладчык, архівіст, бібліятэкар
Навуковая сфера філалогія[1], English studies[d][1], філасофія[1], рэлігія[1], Ёга[1], творчае і прафесійнае пісьмо[d][1], перакладніцтва[d][1], архівазнаўства[d][1] і бібліятэказнаўства[d][1]
Альма-матар

Серафі́н Ко́рчак-Міхале́ўскі (польск.: Serafin Korczak-Michalewski; 18 мая 1923, Брэст-над-Бугам — 15 студзеня 2006, Варшава) — беларускі[2] і польскі філосаф, філолаг, паэт.

Нарадзіўся ў сям’і прадстаўнікоў старога шляхецкага роду. Дзяцінства правёў у вёсцы Росахі (цяпер Пружанскі раён). Скончыў у 1939 годзе польскую гімназію імя Адама Міцкевіча, а ў 1941 годзе — беларускую сярэднюю школу № 1 у Пружанах.

У 1941 сям’я вывезеная ў Сібір, дзе Серафін паступіў у Новасібірскі педагагічны інстытут, займаўся германскімі мовамі. З 1943 — на службе ў Войску Польскім, скончыў афіцэрскую артылерыйскую школу ў Кастраме. Камандаваў батарэяй у складзе 3-га Берлінскага палка  (польск.) I дывізіі пяхоты імя Тадэвуша Касцюшкі  (польск.). Удзельнічаў у вызваленні Варшавы, баях пад Берлінам. Тройчы быў паранены, стаў інвалідам. Узнагароджаны ордэнам Віртуці Мілітары[3], медалямі[4].

Пасля вайны навучаўся ва ўніверсітэтах Лодзі, Уроцлава, Варшавы. Атрымаў дыпломы магістра па філасофіі і англійскай філалогіі. Працаваў навуковым супрацоўнікам у Нацыянальнай бібліятэцы ў Варшаве, у Інстытуце матэматычных лічбавых машын, у бібліятэцы Акадэміі навук, у рэдакцыі футуралогіі.

Рукапакладзены ў дыяканы[5], парафіянін варшаўскае праваслаўнае царквы Св. Яна Клімака  (польск.).

Займаўся навукова-даследчай дзейнасцю ў галіне філасофіі, рэлігіі, філалогіі.

Напісаў тэарэтычную працу «Уводзіны да трансцэндэнтальнай медытацыі» і каля дзесяці навуковых рэфератаў, прысвечаных рэлігійна-філасофскаму вучэнню старажытнай Індыі — ёзе. У Варшаўскім універсітэце наладзіў дзве першыя ў Еўропе выстаўкі, прысвечаныя вучэнню ёгі.

Яму належыць тлумачэнне дагмата пра Святую Тройцу і тэадыцэю, устанаўленне сапраўднага аблічча Багародзіцы і Збавіцеля. Серафін Міхалеўскі пераклаў на польскую мову праваслаўную імшу святога Яна Златавуснага.

Аўтар шматлікіх прац па лінгвістыцы. Склаў два санскрыцка-польскія слоўнікі, селектыўную біяграфію па 900 мовах (слоўнікі і граматыкі), бібліяграфію караімскіх кніг. Распрацаваў праект рэформы кітайскага іерагліфічнага пісьма. Афіцыйна засведчанае яго валоданне 17 мовамі[4].

Выдаў некалькі зборнікаў уласных афарызмаў на польскай мове. Болей, аднак, вядомы ў Польшчы як паэт. Уваходзіў у Міжнароднае таварыства паэтаў (англ.: International Society of Poets). Паэтычныя творы друкаваліся на англійскай, беларускай, польскай мовах у перыядычных выданнях Варшавы, штотыднёвіку беларусаў Польшчы «Ніва», самвыдаце («Бельскі гостінець»[6], «Białowieżanin»[7]) і на радзіме паэта, у пружанскай газеце «Раённыя будні». У Музеі славутых паэтаў (англ.: The International Poetry Hall of Fame) адна з экспазіцый прысвечаная Серафіну Міхалеўскаму.

Меў брата Ежы (? — 1989, Польшча) і сястру Варвару (жыла і памерла ў Пружанах)[8].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  2. Корчак-Міхалеўскі, Серафін (нар. 1923). Сводный электронный каталог. Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Праверана 17 красавіка 2012.
  3. Polish Order of the Virtuti Militari Recipients 1792-1992 - M2 (англ.)(недаступная спасылка). Poland Genealogy Resources. The Federation of East European Family History Societies. Архівавана з першакрыніцы 11 снежня 2016. Праверана 21 красавіка 2012.
  4. а б Ірына Тамільчык.. Міхалеўскі Серафін (Корчак-). Беларусы ў свеце. Кантакты і дыялогі. Праверана 17 красавіка 2012.(недаступная спасылка)
  5. Ślub Nowosielskiego (польск.). Don’t Shoot the Prophet (16 сакавіка 2011). Праверана 21 красавіка 2012.
  6. Materiał dostępny za lata 1988-2000 (польск.). Polska Biblioteka Literacka. Праверана 17 красавіка 2012.
  7. Białowieżanin (pismo, Białowieża) (польск.). Encyklopedia Puszczy Białowieskiej. Праверана 17 красавіка 2012.
  8. Ірына Сядова. «Польскія» Пружаны // Раённыя будні. — 19 чэрвеня 1993. — № 47 (7084). — С. 3.