Даўжыня 14—20 да 45 см, маса ад 45—100 г да 2 кг. Цела голае, крыху сціснутае з бакоў, ад жаўтаватага да цёмна-карычневага і чорнага колеру. Бруха светлае, белаватае, зрэдку плямістае. Ёсць альбіносы. Галава вялікая, шырокая. На сківіцах па 2 пары вусікаў. Неразгалінаваныя прамяні ў спінным, грудным і анальным плаўніках калючыя; ёсць тлушчавы плаўнік.
Пашыраны ў вадаёмах Паўночнай Амерыкі. Завезены ў 1885 ў Заходнюю Еўропу, у 1935 у заходнія вобласці Беларусі і Украіны. Жыве ў азёрах, рэках, сажалках, у т. л. забалочаных.
Корміцца лічынкамі насякомых, дробнымі малюскамі, водарасцямі, маляўкамі, ікрой іншых рыб.