Спаса-Праабражэнская царква (Новая Мыш)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Спаса-Праабражэнская царква
53°08′15″ пн. ш. 25°54′28″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Новая Мыш
Канфесія БПЦ
Епархія Пінская і Лунінецкая епархія
Архітэктурны стыль псеўдарускі стыль
Дата пабудовы 1859 год
Матэрыял драўніна
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Спаса-Праабражэнская царква — праваслаўны храм, пабудаваны на ўрадавыя сродкі ў 1859 годзе на цэнтральнай плошчы вёскі Новая Мыш Баранавіцкага раёна. Абнесены драўлянай агароджай з трохпралётнымі арачнымі брамамі і старымі пасадкамі ліпы.

Царква ў 1916 годзе

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Царква адносіцца да тыпу цэнтрычных крыжова-купальных храмаў; зрублена на высокім мураваным цокалі. Чатырохсхільны дах над асноўным кубападобным аб’ёмам завершаны пяццю васьміграннымі двух’яруснымі барабанамі з шатровымі вярхамі, увянчанымі цыбулепадобнымі купаламі. Грані барабанаў аформлены кілепадобнымі шчытамі. У адным з купальных барабанаў створана званічка з 4 званамі. Бакавыя прыдзелы завершаны двухграннымі шчытамі і прарэзаны здвоенымі аконнымі праёмамі з каляровымі вітражамі. Гарызантальна ашаляваныя фасады акаймаваны шырокімі вуглавымі лапаткамі і вялізным карнізам, прарэзаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў разных ліштвах з мудрагелістым арнаментальным завяршэннем. Галоўны ўваход з заходняга боку адзначаны высокім цвінтаром з лесвічным каскадам і прытворам з паўвальмавым дахам і макаўкай на вільчыку.

Інтэр’ер[правіць | правіць зыходнік]

У інтэр’еры дамінуе цэнтральная прастора малітоўнай залы, у якую адкрываецца светлавы васьмігранны барабан, падтрыманы магутнымі рыгелямі і чатырма крыжовымі ў сячэнні ўстоямі. Бакавыя прыдзелы, апсіда і прытвор адкрываюцца ў асноўны аб’ём шырокімі праёмамі са скошанымі верхнімі вугламі. У дэкоры інтэр’ера выкарыстаны прамавугольныя і фігурныя філёнгі ў фрызавай частцы. Апсіда вылучана выкананым у дрэве ў 2-й палове XIX ст. аднаярусным іканастасам з цэнтральным кілепадобным франтонам. Абразы: «Спас Пантакратар» і «Маці Божая з дзіцем» (канец 18 ст.), «Святы Аляксандр Неўскі» (19 ст.).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]